Пракурор запрасіў для палітвязня Мікіты Емяльянава два гады пазбаўлення волі

Для палітвязня Мікіты Емяльянава пракурор просіць два гады пазбаўлення волі па 411 артыкуле Крымінальнага кодэкса. Сёння, 11 сакавіка, у 14.30 гадзін суд працягнецца — плануецца апошняе слова Мікіты Емяльянава і вынясенне прысуду.

emelyanau_1_2.jpg

На тэрыторыі магілёўскай турмы №4 9 сакавіка працягнуўся судовы працэс над палітзняволеным анархістам Мікітам Емяльянавым, якога вінавацяць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнні правілаў унутранага распарадку (ч. 2 арт. 411 КК).

Мікіта прысутнічаў на пасяджэнні, хаця да гэтага яго выдалялі з залі за непадпарадкаванне суду.

Суддзя Аксана Ратнікава, якая вядзе працэс, далучыла да крымінальнай справы даведку аб неадбытым тэрміне палітзняволенага, які складае адзін год, шэсць месяцаў і 26 дзён зняволення. Пасля гэтага судовае следства было скончанае, адбыліся спрэчкі бакоў.

Пракурор спешна зачытаў тэкст свайго выступу з аркуша, адзначыў, што ў ходзе судовага следства былі выяўленыя супярэчанні ў паказаннях сведкаў, але яны не зніжаюць даказальнага значэння абвінавачвання. Па яго словах, прадузятага стаўлення да Мікіты з боку супрацоўнікаў турмы не было ўстаноўлена.

Пракурор прасіў суд прызнаць Емяльянава вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса і пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады, а па сукупнасці пакаранняў – на тры гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Абаронца палітзняволенага адзначыў, што ўсе парушэнні рэжыму ўтрымання, якія ставяцца ў віну Емяльянаву, былі надуманымі, а ў самой крымінальнай справе адсутнічае дысцыплійная прэюдыцыя. Так, пастанова суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска аб пераводзе Мікіты Емяльянава на турэмны рэжым была вынесеная 29 траўня 2020 г., а значыць, законна прыцягнуць да адказнасці па ч. 2 арт. 411 КК палітвязня можна было толькі да 28 траўня 2021 г. Аднак матэрыялы праверкі супрацоўнікамі турмы былі накіраваны ў міжраённы аддзел следчага камітэту толькі 10 лістапада 2021 г., а крымінальная справа ў адносінах да Емяльянава была ўзбуджаная 28 лістапада 2021 г., што перавышае тэрмін у 1 год пасля пераводу на турэмны рэжым. Адсутнасць дысцыплінарнай прэюдыцыі ў матэрыялах крымінальнай справы з’яўляецца падставай, каб спыніць крымінальны пераслед у адносінах да Мікіты Емяльянава, бо ў яго дзеяннях адсутнічае склад злачынства. Па меркаванні абаронцы, дадзеная крымінальная справа мусіла быць спыненая на стадыі папярэдняга следства. Адвакат прасіў пастанавіць апраўдальны прысуд у дачыненні да Емяльянава.

Пасля прамовы адваката слова зноў узяў пракурор. Ён хутка прачытаў з аркуша загадзя падрыхтаваны адказ адвакату, што можа сведчыць пра тое, што пракурор вельмі добра ведаў, якія нормы Крымінальнага кодэксу парушаюцца; сцвярджаў, што перавод асуджанага на турэмны рэжым зусім не з’яўляецца дысцыплійным спагнаннем, а меркаванне адваката памылковае.

Усяго судовае пасяджэнне доўжылася 20 хвілін. Працяг разгляду справы адбудзецца сёння – 11 сакавіка ў 14.30 гадзін: плануецца апошняе слова Мікіты і вынясенне прысуду.  

Нагадаем, палітзняволены Мікіта Емяльянаў бесперапынна знаходзіўся ў ШІЗА з 18 студзеня па 4 сакавіка, а 27 студзеня Мікіту пачалі судзіць на тэрыторыі турмы №4 па абвінавачванні ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнні правілаў унутранага распарадку (ч. 2 арт. 411 КК).

3 лютага хлопец абвясціў сухую галадоўку і трымаў яе 10 дзён. Праз дрэннае адчуванне ён пачаў піць ваду, а поўнасцю спыніў галадоўку праз 20 дзён — 23 лютага.

Са жніўня 2021 года гэта ўжо пяты раз, калі палітвязня караюць суткамі ў ШІЗА: у жніўні-верасні 2021 ён адбыў у ізалятары 42 дні, у кастрычніку-лістападзе 2021 — 30 дзён, у снежні-студзені 2022 — 13 дзён.