Палітвязень Ілля Міронаў не атрымлівае лісты з волі
Маці вязня Валянціна Міронава атрымала ліст ад сына, датаваны 3 сакавіка. Ілля піша, што апошні раз лісты з волі атрымліваў яшчэ ў лютым.
Ілля сам шмат каму піша, але адказаў не атрымлівае: “бачу, нешта не тое”. Частку лістоў, як вязню паведаміў аператыўны работнік, перадалі следчаму. Інфармацыі па справе таксама няма, Ілля нават не ведае, хто яго следчы.
Тэрмін утрымання вязня пад вартай працягнуты да 30 сакавіка.
Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў быў затрыманы 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Вядома, што Ілля праходзіць па крымінальнай справе па артыкулах 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці).
У зняволенні ў Іллі рэзка пагоршылася здароўе. “Яму цяжка псіхалагічна, шмат праблем са здароўем, нават нейкія ўколы яму робяць, вялікія праблемы з вачыма”, – распавядала маці вязня.
Адрас для лістоў: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А