Пачалі судзіць палітзняволенага экс-пракурора Бабака

У Мінскім гарадскім судзе пачалі разгляд справы палітвязня, былога памочніка пракурора Першамайскага раёна сталіцы Яўгена Бабака. Працэс над ім зрабілі закрытым, паведамляюць праваабаронцы.

Яўген Бабак

Яўген Бабак


Яўгена Бабака, былога памочніка пракурора Першамайскага раёна сталіцы дзевяць месяцаў утрымліваюць пад вартай. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 («Групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак») і ч. 1 арт. 130 («Распальванне варожасці»). Справу разглядае суддзя Валянціна Зянькевіч, дзяржабвінавачванне — Аліна Касьянчык. Працэс зрабілі закрытым.
Перад закрыццём працэса Яўген паіранізаваў, што раней планаваў пераехаць у Кіеў, але цяпер лічыць, што пакуль можна і пасядзець, бо іначай давялося б ваяваць.
Яўген Бабак зрабіў прадпісанне аб правядзенні праверкі па факце жорсткага збіцця байкераў людзьмі ў форме супрацоўнікаў ДАІ ў жніўні 2020-га. Але ў пракуратуры дакумент праігнаравалі.
Пасля гэтага Бабак звольніўся, бо не мог працаваць ва ўмовах бяздзеяння органаў юстыцыі і маўчання адказных асоб, калі на вуліцах чыніцца беззаконне.
10 чэрвеня 2021 года кватэру Бабака разграмілі, а яго арыштавалі.