На Мікалая Дзядка ў калоніі аказваецца беспрэцэндэнты ціск
Палітзняволены Мікалай Дзядок быў этапаваны ў ПК № 9 г. Горкі 12 лютага. Праз дзень яго па надуманай падставе змясцілі ў ШІЗА на 4 сутак, а потым дадалі яшчэ трое сутак. З таго часу на працягу менш месяца яго яшчэ тройчы садзілі ў ШІЗА, распавёў «Новаму Часу» бацька вязня Аляксандр Дзядок.
Аляксандр Дзядок распавёў, што сына пазбавілі працяглага спаткання з блізкімі, на якое ён мае права па законе. Таксама абмежавалі магчымасць набываць неабходнае ў шапіку («атаварку») да 2 базавых велічынь.
Мікалая адмыслова ізалююць ад іншых асуджаных, а іх саміх запалохваюць, каб не размаўлялі з палітвязнем.
«Ціск беспрэцэдэнтны, такога не было ніколі раней. Час зносін адваката з ім абмяжоўваюць літаральна да хвілін», — кажа Аляксандр Дзядок.
Акрамя таго, Мікалая абмежавалі ў ліставанні.
«З 12 лютага быў толькі адзін ліст ад яго датаваны 13 лютага. Больш ад яго лістоў ніхто з блізкіх не атрымаў».
За гэты час сам Мікалай атрымаў толькі адзін ліст ад блізкіх.
«Лісты знішчаюцца — цынічна, на яго вачах, па надуманым падставах. Быццам у іх ёсць нейкія ўмоўныя знакі, забароненая інфармацыя. А ў адным з маіх лістоў яны выявілі, што «супраць улады».
Таксама Мікалай не атрымаў бандэроль ад бацькі: прычынай стала адсутнасць на пакунку надпісу «бандэроль». Таму яе вярнулі адпраўніку.
«У іх адна мэта — здушыць яго маральна, псіхалагічна ўскладніць яму жыццё, ізаляваць ад іншых асуджаных. Яны баяцца яго ўплыву на іншых», — падсумоўвае Аляксандр Дзядок.
Нагадаем, актывіст анархічнага руху, журналіст і блогер Мікалай Дзядок у лістападзе 2021 года быў асуджаны на 5 гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым па трох артыкулах:
арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх; арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.
Палітвязень віну не прызнаў.
Адрас для лістоў: ПК №9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.