Палітвязень Эдуард Пальчыс 11 дзён правёў у карцары

Палітвязень Эдуард Пальчыс 11 дзён правёў у карцары Віцебскага СІЗА — з 22 лютага да 5 сакавіка.

palchys_logo_2_1.jpg

Пра гэта паведаміла яго жонка Вікторыя. Напярэдадні з Пальчысам сустракалася адвакат, якая напісала скаргу на спагнанне.

Ад адваката Эдуард Пальчыс даведаўся пра агрэсію Расіі супраць Украіны. Ён быў у шоку ад такой навіны.

У снежні 2021-га блогера асудзілі на 13 гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым па чатырох артыкулах КК: "распальванне сацыяльнай варожасці", "арганізацыя масавых беспарадкаў", "арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і "заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".

У віцебскі СІЗА-2 з мінскага СІЗА № 1 Пальчыса перавялі ў пачатку лютага сёлета.

Эдуард Пальчыс вядомы як публіцыст, заснавальнік сайта 1863x.com. У 2016-м праваабаронцы ўжо прызнавалі яго палітвязнем. Блогер быў затрыманы 27 верасня 2020-га і з таго часу знаходзіцца за кратамі. Яго тэлеграм-канал у Беларусі прызналі "экстрэмісцкім".

Паводле Еўрарадыё