«У будынак яго заносілі ў гарызантальным стане». Як праходзіў першы дзень суда над Алесем Пушкіным

У Мінскім гарадскім судзе 10 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы палітвязня, вядомага беларускага мастака і перфомера Алеся Пушкіна. Яго абвінавачваюць у здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК). Яму пагражае вялікі тэрмін знаволення.

275380487_4821095564654935_5230070926622328527_n.jpg

Пра тое, як праходзіў першы дзень суда, распавёў на сваёй старонцы ў фэйсбуку журналіст Ігар Карней.

«Працэс над Алесем Пушкіным — гэта проста бясплатнае шоў, — напісаў Ігар Карней. — На жаль, адкрыты фармат пратрымаўся толькі пару гадзін, у другой палове дня паседжанне зрабілі закрытым ад публікі.

Эпатажны мастак, якога за аўтарскія працы вінавацяць ў «рэабілітацыі нацызму», раз за разам прымушаў суддзю і народных засядальнікаў выдаляцца ў «савяшчацельны пакой». Ну а сілавікі, якіх для такой важнай справы камандзіравалі аж з дзясятак, тым часам выдваралі наведнікаў у калідор. 

Спачатку можна было падумаць, што пагоннікі ахоўваюць пустую клетку, але «фігурант» у белым камбезе з надпісам «Белрэстаўрацыя» разлёгся на лаўцы і не падаваў прыкметы жыцця. Толькі на пытанне суддзі пра «дэмарш» запатрабаваў ад канвою зняць кайданкі і паставіць на ногі. Пазней аказалася, што ў будынак яго таксама занеслі ў гарызантальным стане, сам на «судзілішча» ісці адмовіўся. 

Калі пасля першага перапынку «выпраміўся», заявіў, што справіцца без адваката, бо цяпер гэта дэкаратыўны «фігавы лісток» і сказаў, што не давярае суду, акрамя сакратаркі — маўляў, хай сабе сядзіць ды запісвае, нікому не замінае. «Толькі яе люблю, пракурора і суддзю — не», — павесяліў прысутных Алесь, хоць санкцыя артыкулу і прадугледжвае да 12 гадоў турмы. На гэты конт дадаў, што не мае ніякіх ілюзій адносна людзей, прызначаных рэжымам. І падсумаваў: добра, што судзяць па-расійску, бо беларуская мова — не для беззаконня.

Пакуль служкі Феміды бясконца раіліся, Пушкін расказваў з таго боку байкі пра турэмны побыт і даваў настаўленні свайму спадкаемцу, які застаўся за галоўнага — сыну Міколку. Спробы рэагаваць кароткімі рэплікамі ці смехам заканчваліся дыскваліфікацыяй. За пару слоў на пытанне мужа выдалілі нават ягоную жонку Яніну.

Меры засцярогі, без перабольшання, былі надзвычайныя. Не верылася, што судзяць не гвалтаўніка ці забойцу, а мастака. Мала таго, што запісваюць дадзеныя пашпарту на ўваходзе, дык яшчэ перад залай «рамка» і татальнае абмацванне ўручную. Адзін з ахвотных там і застаўся – на нейкім дакуменце была налепка з «Пагоняй», магчыма, ужо сам з пратаколам.

У вэрхале, калі міліцыі і судовых клеркаў было ледзь не больш за ўдзельнікаў, здарыўся казус. Галоўны канвойны нечакана дазволіў паздымаць у перапынку паміж чарговым «кансіліюмам», за што атрымаў за самадзейнасць ад нейкай жэншчыны з шырокімі паўнамоцтвамі.

Натуральна, такі «вясёлы» суд мусіў скончыцца тым, што ўрэшце і здарылася. Цяпер Алеся Пушкіна будуць судзіць «міжсабойчыкам». Не выключана, што акрамя судзьдзі ды абвінаваўцы яшчэ далучыцца які-небудзь «эксперт па нацызме»...»