Асобная думка. Маўчанне — золата. Ці не надта высокі кошт?

Чарговая «жэстачайшая» зачыстка зноўку калечыць людзей. У фізічным плане не ўсё так дрэнна, але маральна гэта вытрываць вельмі цяжка. Не столькі самім ахвярам, колькі іх сваякам і сябрам. «Не трэба пра гэта пісаць» — колькі разоў журналісты чулі гэтыя словы... Насамрэч не трэба?

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


Кожны дзень у Беларусі множыцца колькасць тых, хто на сябе адчуў подых рэпрэсіўнай машыны, лепшай у свеце «сацыяльна арыентаванай» дзяржавы. Амаль не засталося людзей, якіх бы не кранула гэтае віруючае дзікунства. Нават ужо і зусім лаяльных грамадзян пачало чапляць вар’яцкае кола дзяржаўнага «дойдзем да кожнага». Уладары ружовых акуляраў лагічна спытаюцца: «А чаму пра гэта ніхто нідзе не піша? Раз не пішуць, то і няма нічога такога». І адсоткаў на 90 яны будуць мець рацыю.
Зразумела, што дзяржаўныя СМІ пра гэта пішуць толькі сухімі лічбамі «адпрацаваных нядобранадзейных» грамадзян і зладжаных ператрусах. Незалежныя СМІ (а такія яшчэ засталіся, калі што) спрабуюць узяць нейкі каментар ці атрымаць інфармацыю аб затрыманых у сваякоў ці знаёмых — гэта нармалёвая сусветная практыка, якая працуе паўсюль. Акрамя нашай краіны! Я не памылюся, калі скажу, што толькі ад 1 да 5% сваякоў ці сяброў затрыманых гатовы сказаць некалькі словаў. Размаўляць — і таго меней.
Мне здаецца, што справа тут зусім не ў тых, каго ўжо арыштавалі. На «суткі», у СІЗА да суда, паміж тым і гэтым. Справа ў тых, хто зусім побач з гэтай кропкай. І я ніякім чынам не магу іх асуджаць. Але і ніяк не магу апраўдаць у іх спробе замаўчаць сітуацыю. Сваяк ці сябра УЖО трапіў у гэтую пастку — рашэнне па ім УЖО прынята. Ніхто ніякім чынам пакуль не можа на гэта паўплываць! Усвядомце гэтую простую рэч. Рашэнне прынята! Гэты чалавек будзе катаваны, будзе асуджаны, будзе сядзець. Кропка! Існуючая рэчаіснасць такая як ёсць, і на бягучы момант вы можаце яе ў адзіны момант змяніць толькі валодаючы нейкім цудоўным артэфактам, які выконвае хаця б адное жаданне.
Большасць беларусаў, як ніхто на свеце, хочуць каб усё атрымлівалася адразу і зараз. Мала таго, яны яшчэ і крыўдзяцца, калі гэта не атрымліваецца, і гуртам кідаюцца шукаць вінаватых. Ну, і калі за 5-10 хвілін не знаходзяць, то зноўку крыўдзяцца і прызначаюць гэтых самых вінаватых самі. Часцей за ўсё гэта людзі, на якіх яны спачатку самі ўсклалі нейкія надзеі, а калі праз некалькі хвілін нічога не адбылося, то ім і быць вінаватымі. Нешта падобнае адбываецца і з журналістамі, якія спрабуюць паразмаўляць са сваякамі тых, хто зараз адбывае содні ў ЦІП/ІЧУ ці гады ў турме.
«А навошта гэтае?», «Не трэба аб гэтым пісаць», «Гэта толькі нашкодзіць», «Не хачу я з вамі размаўляць, яшчэ горш будзе» — гэта толькі малая частка таго, што чуў кожны, хто спрабаваў рабіць матэрыялы аб палітвязнях. Адзінкі згаджаюцца на паўнавартасную і сумленную размову — за гэта ім павага і нізкі паклон. Іншыя ж хіба што не вінавацяць журналістаў у тым, што яны даносяць праўду аб тым жаху, які тут адбываецца. «Вы напішаце, а потым у нас праблемы будуць», «У нас усё добра, пішыце пра кагосьці іншага» — неяк у такім асяроддзі здолеў вырасці сапраўдны, моцны і сумленны Беларус і Чалавек. Для мяне гэта загадка... Некаторыя сваякі нават саромеюцца свайго героя — і такое бывае.
Некаторым палітвязням у калоніі ставіцца своеасаблівая ўмова — чым менш пра іх будзе пісаць прэса, тым «спакайней» яны будуць адбываць свой тэрмін. Я чуў аб гэтым ад сваякоў розных палітвязняў. У гэтай краіне яшчэ доўга будзе «не да законаў», але калі з гэтым не змагацца, то «не да законаў» хутка будзе нормай, калі не стала ёй ужо.
Для ўсіх палітвязняў рознага ўзроўню — ад «сутачнікаў» да «крымінальнікаў» вельмі істотны дзве рэчы — стан сваякоў і тое, што іх памятаюць. Менавіта таму журналісты і стараюцца паразмаўляць з сябрамі і сваякамі герояў, каб данесці да ўсіх астатніх, што гэта такія ж людзі. Нічога звышнатуральнага, што б адрознівала іх ад «звычайных людзей», няма. Акрамя можа толькі сумлення і жадання іншага жыцця для нас усіх.

Маўчаць нас навучылі добра. Гаварыць мы павінны вучыцца самі.