«Сапраўдны Праваабаронца і Чалавек з вялікай літары»... Успаміны пра Алега Гулака

У снежні мінулага года не стала вядомага праваабаронцы, былога старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака. Партал «Наше мнение» сабраў успаміны яго калег пра тое, якім быў Алег Гулак і як шмат ён зрабіў для Беларусі.

Алег Гулак. Фота Сяргея Міхаленкі. Крыніца: nmn.media

Алег Гулак. Фота Сяргея Міхаленкі. Крыніца: nmn.media


Раптоўны сыход Алега Гулака 16 снежня 2022 года стаў шокам і трагедыяй для многіх прадстаўнікоў грамадзянскай і экспертнай супольнасці Беларусі. Алег быў прафесіяналам высокага ўзроўню і шматграннай асобай. У яго было шмат прафесійных іпастасей, як мінімум — праваабаронца, юрыст, эксперт у шэрагу міждысцыплінарных сфер. 

У гэтым матэрыяле партал «Наше мнение» папрасіў калег, беларускіх экспертаў, падзяліцца прафесійнымі і асабістымі думкамі і ўспамінамі пра Алега.

Кацярына Дэйкала: «Многія калегі адзначаюць, што Алег бачыў нашмат далей і шырэй, чым правы чалавека. Сапраўды, ён быў глыбокім аналітыкам і ўмеў бачыць тэндэнцыі і глабальныя працэсы, якія ўплываюць на развіццё грамадства як на мікра-, так і на макраўзроўні, а таксама вызначаюць месца чалавека ў гэтым развіцці.

Ён дамагаўся таго, каб правы чалавека перасталі ўспрымацца як "жыхары" вежы са слановай косці, або нейкая "святая" матэрыя без зразумелага людзям зместу і канкрэтных практычных эфектаў.

І менавіта таму ён не проста глядзеў за рамкі сваёй сферы, а проста бачыў менавіта так шырока гэтую сваю сферу. Ён бачыў правы чалавека і права ў цэлым па-за межамі вузкай юрыдычнай спецыялізацыі: як частку ўсіх жыццёвых працэсаў грамадства — эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага і, самае галоўнае, як інструмент для развіцця гэтых працэсаў. Проста зараз, калі я пішу гэты тэкст, мне прыйшла ў галаву, мабыць, нядрэнная метафара для яго бачання правоў чалавека і вяршэнства права — камертон. Камертон усіх грамадскіх працэсаў і іх рэфармавання ў сучасным грамадстве.


Пры гэтым ён быў таленавітым і стратэгам, і тактыкам. Ён заўсёды ведаў як, з кім, калі і пра што можна і трэба размаўляць для карысці справы. Ён быў чалавек справы, але ніколі не быў яго фанатыкам у сэнсе некрытычных падыходаў. І да справы, і да самога сябе. Алег не вітаў, калі правы чалавека называлі "рэлігіяй", таму што гэта азначае, што ў першую чаргу гэта пытанне веры, а не крытычнага асэнсавання. Для лепшага разумення правоў чалавека і іх больш эфектыўнага пранікнення ў грамадскія працэсы важна ўсведамляць, што за кожнай нормай стаіць пэўны сэнс: чаму менавіта так, а не інакш. І гэты сэнс можа эвалюцыянаваць разам з эвалюцыяй грамадства. 

І менавіта гэты сэнс дазваляе нам убачыць, што правы чалавека — арганічная частка нашага паўсядзённага жыцця, што правы чалавека — гэта шмат у чым проста здаровы сэнс. І гэта таксама адзін з асноўных тэзісаў Алега. Наогул словы "сэнс", "аргумент", "навошта" і "чаму" — былі аднымі з асноўных у яго лексіконе. Ён любіў пытанні і ўмеў задаваць такія, якія дапамагалі табе лепш зразумець тое, што ты робіш. Хоць часам гэта маглі быць вельмі гарачыя спрэчкі да слёз, нязгоды і адмаўлення з абодвух бакоў. Але ён быў майстрам дыялогу і быў гатовы весці яго да апошняга. І ён заўсёды быў гатовы вучыцца новаму і прызнаваць сваю няправасць.

У маім жыцці ёсць шэраг вех, ключавых апор, якія сфармавалі і працягваюць фармаваць мяне ў прафесійным плане. Алег — адна з іх. Я не паспела абмеркаваць з ім вельмі многае, але, у той жа час, добра, што вельмі многае паспела. Наш дыялог працягваецца кожны дзень».

Наталля Рабава: «У апошнія гады я рэдка і нядоўга бачылася з Алегам, і кожная наша сустрэча заканчвалася дамоўленасцю, што "трэба сустрэцца і нармальна ўсё абмеркаваць". Усё — гэта, у першую чаргу, тое, як ўбудоўваць правы чалавека ў рэформы, у дакументы, у планы, у дыскусіі. Хацелася б гэта з ім "нармальна абмеркаваць", але, на жаль, ужо не атрымаецца. Давядзецца думаць, планаваць і абмяркоўваць самім — нам, пакінутым».

Рыгор Астапеня: «Нягледзячы на тое, што праца Алега і так абумоўлівала яго шырокі далягляд, мне падаецца, што ён глядзеў на Беларусь у разы шырэй, чым ад яго патрабавалася. Таму, я думаю, Алег і быў чальцом шматлікіх дыскусій і ўмеў будаваць размовы з тымі, з кім іншыя будаваць іх не маглі.

Дзякуючы гэтаму ён і быў адным з вялікіх людзей свайго пакалення».

Таццяна Чуліцкая: «Ёсць людзі, пра якіх падаецца, што яны заўсёды ёсць, былі і будуць дзесьці побач. Што ты ў любы момант можаш да іх звярнуцца і быць упэўненай, што атрымаеш адказ і параду. З якімі добра як выступаць публічна, так і камунікаваць прыватна…


Я пазнаёмілася з Алегам Гулаком дзесьці 15 гадоў таму. Не памятаю дакладна, дзе і як адбылася наша першая сустрэча. Напэўна, гэта таму, што з Алегам адразу можна было на "ты" і падавалася, што вы з ім даўнія знаёмыя. Ён заўсёды грунтоўна і падрабязна расказваў пра сітуацыю з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, праводзіў трэнінгі, якія,мо і не былі бездакорнымі па форме, але гэта цалкам кампенсавалася яго адказамі на пытанні, а таксама размовамі з ім у кулуарах. У Алега быў добры густ у тым, што тычылася ежы, і з ім было класна паесці разам; а таксама ў яго было выдатнае пачуццё гумару, якое дазваляла яму бездакорна іранізаваць.

Алег мог спазняцца на сустрэчы, але ў выніку ўсё-ткі з’яўляўся на іх: памятаю, як рабіла з ім адно з даследчых інтэрв’ю на некалькі гадзін пазней за дамоўлены час у яго машыне, якая была прыпаркаваная каля парка Горкага ў Мінску, таму што гэта была адзіная магчымасць паразмаўляць…

І яшчэ Алег быў сапраўдным асветнікам. Ён мог гадзінамі спакойна, цярпліва і паслядоўна тлумачыць беларускім чыноўнікам і людзям з сістэмы, што насамрэч адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі.

Памятаю, як мы разам з ім патрапілі ў Раду Еўропы ў жахлівым студзені 2011, пасля выбараў, калі беларуская прапаганда нарадзіла опусы кшталту "Железом по стеклу" і паказвала, як людзі быццам бы ішлі "захопліваць" Дом урада. Алег, які і сам перажыў затрыманне, сеў з прадстаўнікамі беларускага афіцыйнага боку і прымусіў іх глядзець відэа, на якім было бачна, што пасля разгону аніякай арматуры на Плошчы не было… Гігін усё роўна застаўся пры сваіх, але іншыя былі вымушаны гаварыць нешта накшталт "ну, вы же сами всё понимаете". Хаця наконт прысутнасці Гігіна ў Радзе Еўропы Алег вельмі раззлаваўся і амаль крычаў, што недапушчальна прымаць гэтага чалавека пасля таго, што адбылося ў краіне. І гэта быў адзін з тых нешматлікіх разоў, калі я бачыла, як ён злаваўся…

У мяне ёсць два праваабаронцы, якім у любы момант можна было патэлефанаваць і параіцца па любым, нават самым складаным пытанні, — Уладзь Лабковіч і Алег Гулак. Яны заўсёды здымалі слухаўку ці ператэлефаноўвалі. Першы — зараз за кратамі, і невядома, калі яму можна будзе не тое што патэлефанаваць, але проста даведацца нешта пра яго. А Алегу больш ніколі ўжо не патэлефануеш…

Банальна, але немагчыма ўявіць, што яго сапраўды больш няма.

Я з табою, тваімі сябрамі і роднымі ў гэты момант. Мне будзе вельмі не хапаць цябе, Сапраўдны Праваабаронца і Чалавек з вялікай літары… Спачуванні».

Таццяна Шчытцова: «Мне здаецца дзіўным і адначасова надзвычай сімвалічным, што Алег Гулак, які прысвяціў сваё жыццё праваабарончай дзейнасці, ужо самім сваім прозвішчам прымушаў успамінаць пра тое, пра што забываць нельга — што масавае знішчэнне людзей і зневажанне чалавечай годнасці можа быць дзяржаўнай нормай і што з гэтым нельга мірыцца

І ён, чалавек які нарадзіўся ў СССР і таму добра разумеў, у якой меры наша "постсавецкае" грамадства ўсё яшчэ нясе на сабе пячатку выбудаванай "тады" сістэмы арганізаванага гвалту, не мірыўся.


Я пазнаёмілася з Алегам толькі ў 2022 годзе. Мы разам удзельнічалі ў дыскусіі, прысвечанай прэзентацыі кнігі "Беларуская нацыянальная ідэя на маршы" ў Вільні, і потым яшчэ раз коратка перасекліся на канферэнцыі "Новай Беларусі". Мне таксама пашчасціла адзін раз папрацаваць разам з Алегам — гэта была экспертная анлайн-дыскусія, прысвечаная вызначэнню індэкса правоў чалавека ў сферы адукацыі. Якім бы сціплым ні быў гэты досвед знаёмства, ён надзвычай каштоўны для мяне. Па-першае, мы з Алегам аказаліся аднадумцамі ў плане этычнай і палітычнай ацэнкі мірнага пратэсту-2020. Я вельмі шкадую, што ў нас не было магчымасці грунтоўна абмеркаваць усе аргументы ў гэтай сувязі. Па-другое, менавіта дзякуючы ініцыятыве Хельсінкскага камітэта, які ўзначальваў Алег, я аказалася ўцягнутая ў прафесійнае абмеркаванне прававых аспектаў адукацыі. Для мяне гэта было новае поле, і ў мяне, вядома, ўзнікала шмат пытанняў. Я вельмі ўдзячная Алегу за тлумачэнне некаторых момантаў. Шчыра спадзяюся, што мы зможам працягнуць пачатае супрацоўніцтва з калегамі Алега».


Цалкам пачытаць успаміны пра Алега Гулака вы можаце тут.