«Трымаймася поплеч, трымайма шэраг, не перарывайма ланцуг». Паплечнікі, якіх мы страцілі ў 2022

Напрыканцы гэтага страшнага года ўзгадаем тых, для каго вольная Беларусь была запаветнай марай. Марай, што, падавалася, была такой блізкай, але апынулася недасяжнай. Наша барацьба ў гонар выбітных суайчыннікаў трывае.

4737c78a_920c_4794_9484_d695af4d6174.jpg

Алег Гулак

320599419_1099925984739104_7068503514132404806_n.jpg

Алег Гулак. Фота Сяргей Міхаленка

Беларуская праваабарончая супольнасць панесла вялізную страту — ва ўзросце 55-ці гадоў памёр кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак. За некалькі дзён да смерці спадар Алег прысутнічаў на ўручэнні Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму ў Осла. Таму ў памяці многіх сяброў і калег ён застанецца такім, як у той вечар – у прыгожым чорным фраку, з вачамі, поўным надзеі і веры. Сам Алег Гулак падзяліўся такімі ўспамінамі Нобелеўскага вечара:

«Свята, але настрой не святочны. Алесь Бяляцкі з калегамі за кратамі, у краіне бязмежжа, ва Украіне Расія развязала вайну — прамовы лаўрэатаў магутныя і кранальныя, але не святочныя. Але сьвята трэба набліжаць і ствараць, разам і кожнаму».

У дзень смерці праваабаронца стужкі ў сацсетках запоўніліся цеплынёй і болем тых, хто быў з ім знаёмы. Людзі ўзгадваюць спадара Гулака, як выбітнага прафесіянала і надзвычай культурнага чалавека, які «заўжды быў адэптам і майстрам дыялогу». Прыгадваюць яго фірмовае пачуццё гумару і звычку спазняцца, бо ён «быў патрэбны шмат каму адначасова, у розных месцах, спрабаваў дапамагчы і ўцягнуцца ўсюды, дзе яго аб гэтым спыталіся». Алег Гулак памёр у Вільні, у выгнанні. Ён так і не ўбачыў вольнай Беларусі, за якую аддана змагаўся.


«З аднаго боку сумна, што ён сышоў у эміграцыі. З другога боку — дзякуй лёсу за тое, што ў свой апошні шлях ён пайшоў у годнай атмасферы гістарычнай Вільні, прапітанай духам нашай нацыянальнай спадчыны, а не ў месцы і ў дзяржаве, прапітанай зараз зусім іншым духам», — адзначыла яго паплечніца, кандыдатка юрыдычных навук Кацярына Дэкайла.

Няхай жа допіс спадара Алега Гулака ў фэйсбуку — «набліжаць і ствараць свята, разам і кожнаму» — будзе для нас запаветам.

Аляксандр Тамковіч

tamkovich_1.jpg

Рэдакцыя «Новага Часу» у гэтым годзе страціла двух сталых аўтараў — Аляксандра Тамковіча і Яўгена Бяласіна. Спадар Аляксандр памёр на 59-м годзе жыцця. Апошнія 20 гадоў ён змагаўся з цяжкімі хваробамі, але нават пасля жорсткіх прысудаў лекараў не спыняў сваю працу. За гады журналісцкай дзецнасці ён запісаў сотні інтэрв’ю з выбітнымі беларусамі, а таксама выдаў 16 кніг пра нашых суайчыннікаў. Аляксандр Тамковіч быў адзначаны прэміяй ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча, дыпломам імя Юрыя Захаранкі «З паднятым забралам» ды іншымі ўзнагародамі.



Шкада, што Саша так і не ўбачыць як заквітнее яго радзіма, — казала галоўная рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб. — Не ўбачыць родную Ашмяншчыну... Мы ўжо не сустрэнемся з ім на дыпламатычным прыёме ці на культурніцкай імпрэзе. Не абдымемся, выпадкова пабачыўшыся на вуліцы. І не вып'ем гарбаты ў нашым офісе. Няма імпрэзаў, офіса, прыёмаў. І сёння я нават не змагу прыйсці да Сашынай магілы. Але Саша ў маім сэрцы, у сэрцах яго сяброў і шматлікіх чытачоў. Пакуль мы памятаем — ён з намі.

Яўген Бяласін

jauhen_balasin_1.jpg


У сакавіку пайшоў з жыцця яшчэ адзін аўтар «Новага Часу» — пісьменнік, перакладчык, беларускі германіст, грамадскі дзеяч з Брэста Яўген Бяласін. Спадар Яўген памёр ва ўзросце 67-мі гадоў пасля ўскладненняў, выкліканых каранавірусам.

Яўген Бяласін скончыў Мінскі інстытут замежных моваў. З канца 1980-х гадоў быў актывістам адраджэнскага і дэмакратычнага руху ў Брэсце. У канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў ён узначальваў Брэсцкую гарадскую Раду БНФ.

20 гадоў, да палітычна матываванага звальнення ў 2001 годзе, адпрацаваў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце выкладчыкам германістыкі (нямецкая мова і спадарожныя курсы). А пазней працаваў як перакладчык і журналіст.

Супрацоўнічаў з газетамі «Новы Час», «Брестский курьер» і іншымі незалежнымі СМІ. Вядомы як эсэіст, аўтар соцень публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў.

Перакладаў не толькі з нямецкай, але таксама з англійскай і польскай моваў ды з розных моваў на нямецкую. У суаўтарстве з Лявонам Баршчэўскім Яўген Бяласін падрыхтаваў і выдаў Кароткую граматыку нямецкай мовы.

Самыя важныя з перакладзеных Яўгенам Бяласіным кніг: Петэр Гандкэ, «Шаршні»; Чарльз Дыкенс, «Олівер Твіст»; Себасцьян Хафнер. «Гісторыя аднаго немца. Успаміны 1914 — 1933», Зігмунд Фрэйд, «Дыскамфорт ад культуры», Фрыдрых Шылер, «Выбраная паэзія» (у серыі «Паэты планеты, у суаўтарстве) і інш.

Сярод яго кніг найбольш вядомыя: «На пераломе» (вершы, кароткая проза, пераклады), «Шчупакабра» (рыбацкія гісторыі).

Яўген Бяласін быў сябрам Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«…Але беларусы скажуць яшчэ сваё слова», — так спадар Яўген скончыў свой апошні допіс на фэйсбуку.

Станіслаў Шушкевіч

_bun_nn_20191213_6289_2_xr6ka_1.jpg


Ва ўзросце 87-мі гадоў памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. У канцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю пасля перанесенага COVID-19. Праз два дні яго выпісалі з лякарні, але здароўе палітыка было падарванае хваробай.


Станіслаў Шушкевіч быў адным з удзельнікаў Белавежскіх пагадненняў, якія ў снежні 1991 года пахавалі СССР. Восенню 1996-га падпісваў заяву ў Канстытуцыйны суд аб імпічменце Аляксандру Лукашэнку. У Палату прадстаўнікоў уваходзіць адмовіўся, далей удзельнічаў у дзейнасці Вярхоўнага Савета, паўнамоцтвы якога скончыліся ў 2001-м.

«Мае глыбокія спачуванні беларускаму народу, родным і блізкім Станіслава Шушкевіча — першага кіраўніка Беларусі. Мы ў Латвіі шануем яго спадчыну стварэння незалежнай Беларусі і разбурэння імперыі зла — Савецкага Саюзу», - адрэагаваў на навіну пра смерць палітыка Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

Пісьменнік Алесь Аркуш, у сваю чаргу, пакінуў кранальны ўспамін пра выпадковую сустрэчу са спадаром Шушкевічам у аэрапорце:

«Заўсёды памятаецца чалавечая дабрыня, салідарнасць і дапамога. Станіслава Шушкевіча згадваю як простага, спагадлівага чалавека.

У 2005 годзе я сустракаў у аэрапорце “Мінск-2” свайго старэйшага сына, які прылятаў з ЗША, дзе быў у летніку. У мяне былі квіткі на цягнік да Полацка. Часу бракавала. У вакзале аэрапорту пабачыў Станіслава Шушкевіча, ён таксама аднекуль прыляцеў. Я набраўся нахабнасці, падыйшоў да яго і спытаў, ці мог бы ён нас падвезці да Мінску, бо спазняемся на цягнік. Шушкевіч неяк адразу прыязна ўспрыняў нашую просьбу. Кажа, тут павінна мяне сустракаць жонка, зараз дапаможам. Пасадзілі нас у “Волгу” і імкліва завезлі адразу да чыгуначнага вакзалу. Па дарозе Станіслаў Станіслававіч расказваў пра сваю паездку ў Карэю (ці ў Японію, ужо не памятаю), дзе чытаў лекцыі. А я расказаў яму, як браў інтэрв’ю ў ягонага бацькі».

«Шушкевіч да апошняга дня свайго жыцця змагаўся з Лукашэнкам і адстойваў свабоду Беларусі», — падкрэсліў Дарадца Святланы Ціханоўскай Францішак Вячорка.

Характарызуючы першага кіраўніка незалежнай Беларусі, Анатоль Лябедзька адзначаў, што гэта быў чалавек, які меў сваю каштоўнасную павестку дня, якой ён трымаўся, гэта быў чалавек дэмакратычных каштоўнасцяў.

«Як асоба ён быў абсалютна камфортны і для апазіцыі, і для камуністычнай большасці — ён не грэбаваў нікім. Дзверы яго кабінета былі заўсёды адчыненыя. Ён бачыў людзей вакол сябе, быў адкрыты і ў крокавай дасягальнасці».


 Адам Мальдзіс

maldzis_1.jpg

У студзені 2022 на 90-м годзе жыцця памёр слынны беларусіст, літаратуразнаўца, гісторык, пісьменнік, журналіст, доктар філалагічных навук прафесару Адам Мальдзіс.


Ён пакінуў пасля сябе неабсяжную спадчыну. У яе ўваходзіць шэраг выбітных даследаванняў – напрыклад, «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1972), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.: Нарысы быту і звычаяў» (1982, перавыдадзеная ў 2001), «Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў» (1988). А таксама мноства кніг, сяброд якіх «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990), «Як жылі нашы продкі ў XVIII ст.» (2001).

 Спадар Мальдзіс быў узннагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа (1980), Ордэнам Францыска Скарыны (2013), медалём «100 гадоў БНР» (2019).

Былы дыпламат і старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» Павел Мацукевіч з трагічнай нагоды смерці спадара Мальдзіса ўзгадваў:

«6 верасня 2020 года, Мінск, мая першая і апошняя сустрэча з прафесарам Мальдзісам ужывую. Добра запомніў свае ўражанні. Старасць і хвароба ўжо ўступілі ў правы, але прафесар яшчэ мог хадзіць і нават падпісаў майму сябру Алесю Сапегу, які нас пазнаёміў, сваю кнігу. Беднасць ўразіла і засланіла сабой, кідаецца ў вочы згасанне каштоўнага жыцця і да гэтага часу не ўкладваецца ў маёй свядомасці — як можа быць бедным той, хто ўсё жыццё ўзбагачаў нацыю, збіраў яе спадчыну?»

«Узровень развіцця краіны трэба ацэньваць па якасці жыцця такіх як прафесар Мальдзіс. Кавалер Ордэна Францыска Скарыны Адам Іосіфавіч Мальдзіс дажываў у галечы».

Вітаўт Кіпель

kipel_1.jpg

Не было наканавана дажыць да 2023 года і Вітаўту Кіпелю. Даследчык гісторыі беларускай эміграцыі,старшыня Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва, грамадскі дзеяч, навуковец і пісьменнік сышоў у вечны спачын 3 снежня, ва ўзросце 95-ці гадоў.

Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 траўня 1927 года. У 1933—1942 гг. разам з бацькамі знаходзіўся ў высылцы ў Расіі. Потым вучыўся ў Мінску, пакуль у 1944-м не выехаў з бацькамі ў Германію.

— Хтосьці кінуў краіну з хворым на нацыянальны нігілізм насельніцтвам і ў пошуках асабістага шчасця падаўся за мяжу. Зусім іншыя прычыны развітацца з любімай Айчынай былі ў Вітаўта Кіпеля, — разважаў доктар гістарычных навук Леанід Лыч. -  У іх ні грама меркантылізму, уласцівага бальшыні беларускай эміграцыі канца 1980-х гадоў і сучаснай. Для Кіпеля заставацца ўлетку ў 1944 годзе ў Беларусі (тады яму споўнілася 17 гадоў) — азначала б атрымаць не менш як 25 гадоў зняволення ў сталінскіх лагерах. Трэба было зусім не мець галавы, каб у той сітуацыі заставацца ў Беларусі, хаця і любячы яе, як родную маці.

Пазней спадар Кіпель паступіў на медыцынскі факультэт Цюбінгенскага ўніверсітэта. У 1953-м скончыў Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія) — па спецыяльнасці «геалогія», у 1955 годзе атрымаў ступень доктара мінералогіі. Быў заступнікам старшыні Саюза беларусаў Бельгіі.

У 1955-м пераехаў у ЗША. Працаваў у навукова-вытворчых фірмах, у Балтымарскім універсітэце (штат Мэрыленд). У 1959-1985 — у Даследчым цэнтры навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі (у т. л. на пасадзе выканаўчага дырэктара), сабраў калекцыю беларускіх выданняў. Пасля вучыўся ў Ратгерскім універсітэце (Нью-Джэрсі) па спецыяльнасці «бібліятэказнаўства». Пры канцы 1960-х гг. выкладаў у беларускай школе ў Брукліне. Супрацоўнічаў з радыё «Свабода».

У 1997 абраны ў склад Прэзідыума Рады БНР.

Разам з жонкай Зорай Кіпель уклаў фундаментальную «Бібліяграфію беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе», выдаў кнігу ўспамінаў «Жыць і дзеіць».

 Анатоль Вярцінскі

viarcinski_1.jpg

У красавіку гэтага года, у пачэсным 90-гадовым узросце нас пакінуў паэт Анатоль Вярцінскі.


Спадар Анатоль — аўтар шэрагу паэтычных зборнікаў, сярод якіх «Тры цішыні», «Чалавечы знак», «З’яўленне», «Час першых зорак», «Ветрана», «Святло зямное», «Высокае неба ідэала». Што скажа пра паэта лепш за ягоныя верны? Узгадаем ягоны «Поезд справядлівасці», прысвечаны Васілю Быкаву.

Я стаю на станцыі, я білет трымаю.

Семафор зялёны насцеж адкрываю.

Я з тых пасажыраў, хто ў асаблівасці

чакае той поезд,

поезд справядлівасці.

Хто ім проста трызніць,

для каго ён — шчасце,

Хто сябе гатовы

шпалаю пакласці

пад поезд жаданы —

абы толькі йшоў ён,

абы явай быў ён…

Важнае месяца ў творах спадара Вярцінскага займае інтымная лірыка. Няхай прагучыць і яна, бо ў ёй, як нідзе, б’ецца жывое, сапраўднае сэрца паэта.

Было так радасна і хораша!

Ты, як агонь, ахапляла горача.

Было так дзіўна і цікава!

Ты, як вада, мяне абцякала.

Ты, нібы вецер, мяне абвявала.

Ты, нібы вецце, мяне абвівала.

Ты, нібы лісце, шаптала нешта.

Ты, як зямля, стагнала грэшна.

Потым гучала музыка ціхая:

тайну вялікую спасціг я…

Аляксей Стрэльнікаў

omiyvppsi5a0i9xj5y3gfsnrcrxzb8n6.jpg

17 снежня ва ўзросце 39-ці гадоў, у выніку няшчаснага выпадку, пакінуў гэты свет тэатральны дзеяч Аляксей Стрэльнікаў. Прайшло занадта мала часу, каб асэнсаваць гэтую трагічную страту. Але кожны дзень у сеціве з’яўляюцца новыя і новыя допісы блізкіх, сяброў, выпадковых знаёмых спадара Аляксея, якія аднойчы мелі шчасце напаткаць яго на сваім шляху.


Аляксей Стрэльнікаў быў надзвычай сціплым чалавекам. Ён ненавідзеў пафас, хлусню, і прыкладаў надзвычай шмат намаганняў, каб не прапусціць іх у сваё жыццё. Але ж рэаліі жыцця, дакладней — выжывання у беларускім грамадстве, амаль не пакідаюць на тое шанцаў. Яму — простаму, жывому, небязгэшнаму, але амаль святога па сваёй сутнасці — было цяжка сярод нас. Але Аляксей трымаўся за жыццё з усіх магчымых сілаў, бо вельмі любіў яго — гэты свет, і свайго 7-гадовага сына.

«Буду выжываць пакрысе. Бо жывы я ёсць носьбітам праўды пра свій час, досведу класнай працы з клёвымі людзьмі, ну і веры ў лепшае ў чалавеку, якая выстаяла нават у такі цёмны час», — пісаў Аляксей у чэрвені.

«Маё сэрца б’ецца. Яно заб’ецца мацней, калі я загавару пра вайну. Гэта свабода, якую ў мяне нельга забраць. Мяне мала пасадзіць у турму, мяне давядзецца забіць», — такі допіс спадар Стрэльнікаў пакінуў незадоўга да смерці, нібы прадчуваючы яе страшэнны подых.

З трагічнай нагоды смерці Аляксея стрэльнікава Ганна Севярынец напісала верш:

З фізікі мала што ацалела

Ў галаве, што жыве паміж слоў і строф.

Але помню намёртва пра тое, што цела,

Чалавечае цела праводзіць ток.

Няма перашкоды, ні меж, ні меры

Для гэтага збегу вачэй і рук,

Трымаймася поплеч, трымайма шэраг,

Не перарывайма ланцуг.

І ў гэтым напружанні дзікае сеткі,

Калі замыкае і рве з павек,

Гарыць і сплывае кожная клетка,

Але не спыняецца рух і бег.

Некага выб'е, некага зломіць,

Нехта не вытрывае і ўпадзе,

Але на апошняе ў зубы схопіць

Провад, у якім наша праўда йдзе.

Нас не пазнаць у гэтым страшным годзе.

Даўно перавышаны болю парог.

Мы не сыходзім. Мы не сыходзім.

Мы праводзім, праводзім ток.

Таксама ў гэтым годзе нас пакінулі: выдавец Павел Жук, паэт і літаратуразнаўца Алесь Барскі (Аляксандр Баршчэўскі), абаронца Курапатаў Віктар Кулак, найвядомейшы дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША, гісторык, сябра рады БНР Янка Запруднік, адзін з заснавальнікаў руху «Бум-Бам-Літ» Серж Мінскевіч, журналіст Барыс Тасман, пісменнік Эрнест Ялугін, выкладчыца, грамадская дзеячка Аляўціна Вячорка, беларуская ткачыха Сцепаніда Сцепанюк, граф Аляксандр Прушынскі, былі кіраўнік СІЗА на Валадарскага, выкрывальнік злачынстваў Лукашэнкі Алег Алкаеў, пісьменнік Алесь Жук, Лёля (Алена) Міхалюк, літаратуразнаўца Міхась Тычына, мастак-нонканфарміст Алесь Родзін. Вечная памяць годным суайчыннікам, спачуванні родным!


«Я вызваляю Беларусь праз вызваленне Украіны»

17 маладых беларусаў паклалі сваё жыццё за свабоду Украіны, бо праз яе праходзіць шлях да вольнай Беларусі. Узгадаем імёны некаторых з іх. 

Алег Панамароў

058a0000_0aff_0242_5528_08dae4def234_w1080_h608_s_b.webp

7 ліпеня ва ўзросце 30-ці гадоў, пасля прамога пападання снарада ў акоп, загінуў беларус Алег Панамароў. На радзіме ён працаваў арматуршчыкам на заводзе.

«Ён вельмі хацеў дапамагчы Украіне. Ён разумеў, што Расія прыцясняе ягоную радзіму. Сачыў за Майданам, а калі пачалася вайна, то не змог заставацца ўбаку», — казаў пабрацім Алега Панамарова Астап.

Спадара Алега пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам.

Васіль «Сябро» Парфянкоў

parfiankou1_1.jpg

Васіль Парфянкоў — беларускі актывіст, абаронца Курапатаў, палітычны зняволены па справе «Плошчы 2010». У 2014 годзе з'ехаў ва Украіну, дзе ўступіў у добраахвотніцкі батальён АУН (Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў). З пачаткам поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну далучыўся да беларускага палка імя Каліноўскага. Загінуў у баі пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 года. У Васіля засталіся жонка, два сыны і дачка.


Аляксей Вешчавайлаў

image6334323770292xl.jpeg

Ураджэнец Гомельскай вобласці, добраахвотнік палка «Пагоня» загінуў у баі пад Бахмутам на 32-м годзе жыцця. «Варожая міна прыляцела наўпрост у акоп, амаль наўпрост пацэліла па чалавеку», паведаміў саслужыўца загінулага.

Васіль «Атам» Грудовік

grudovik.jpg

Таксама на 32-м годзе жыцця загінуў кулямётчык палка Каліноўскага, пінчук Васіль Грудовік.

«Чаму вырашыў паехаць? Таму што не магу інакш. Так, я разумею, што мяне могуць забіць, але і з сабой я забяру нямала ворагаў. У мяне нічога не засталося, акрамя злосці, бо гэтыя нелюдзі забіваюць мірных людзей. Мне сябе не шкада — я сябе пахаваў яшчэ ў 2020 годзе, калі ўбачыў, што чынілі сілавікі. І зараз у мяне ёсць шанец адпомсціць», — казаў спадар Васіль у інтэв’ю.

Аляксей Аўдзеенка

audzeenka.png

Баец з пазыўным «Якуб» стаў 16-м загінулым беларускім ваяром ад пачатку поўнамаштабнай вайны за Украіну. Ён загінуў 4 снежня на Бахмуцкім кірунку.  Спадар Аўдзеенка з 2016 года жыў ва Украіне, пасля нападу Расіі стаў добраахвотнікам тактычнай групы «Беларусь» і неўзабаве падпісаў кантракт з ЗСУ.

Вечная памяць героям!