«Сярод беларусаў моцна ззяе зорка Кіпеля»

У мяне часта ўзнікае пытанне: чаму многія закінутыя на чужыну беларусы жывуць даўжэй — і жывуць творча, з вялікай карысцю для нацыянальнай справы — за сваіх суродзічаў, не адарваных ад Бацькаўшчыны?

Вітаўт Кіпель. Фота Радыё Свабода

Вітаўт Кіпель. Фота Радыё Свабода

А чаму ж у нашай незалежнай, да таго ж, як любяць заяўляць палітыкі, сацыяльна арыентаванай краіне, дзе колькасць беларусаў у разы перасягае лік іх суродзічаў за мяжой, ніхто з прадстаўнікоў творчай навуковай інтэлігенцыі не дажывае да стогадовага юбілею, а калі перакрочыў 90-годдзе, асабліва не вызначаецца актыўнасцю, вядзе пасіўны лад жыцця? А сучаснай жа Беларусі, тытульны народ якой так раз’ядае русіфікатарская палітыка ўласнай дзяржавы, як ніколі раней, патрэбныя асобы высокай творчай актыўнасці трывалага нацыянальнага гарту. Даўно не маем крытычнай масы такіх асобаў: хтосьці без пары адышоў у замагільны свет, хтосьці кінуў краіну з хворым на нацыянальны нігілізм насельніцтвам і ў пошуках асабістага шчасця падаўся за мяжу.

Зусім іншыя прычыны развітацца з любімай Айчынай былі ў Вітаўта Кіпеля. У іх ні грама меркантылізму, уласцівага бальшыні беларускай эміграцыі канца 1980-х гадоў і сучаснай. Для Кіпеля заставацца ўлетку ў 1944 годзе ў Беларусі (тады яму споўнілася 17 гадоў) — азначала б атрымаць не менш як 25 гадоў зняволення ў сталінскіх лагерах. Трэба было зусім не мець галавы, каб у той сітуацыі заставацца ў Беларусі, хаця і любячы яе, як родную маці.

Такія суровыя меры пакарання чакалі 17-гадовага Вітаўта галоўным чынам па прычыне службы яго бацькі Яўхіма Кіпеля ў створаных акупантамі ў Беларусі адміністрацыйных органах. А тая служба была зусім не простай. Пэўны час ён працаваў у Інспектарыяце беларускіх школ пры Генеральным камісарыяце Беларусі.

Дзякуючы такім службоўцам, як Яўхім Кіпель, школа ў гады акупацыі не стала сродкам анямечвання маладых пакаленняў беларускага народа, узгадоўвала іх у адпаведнасці з культурна-моўнымі традыцыямі роднай зямлі.

У тыя гады давялося і мне вучыцца і закончыць 6-ты клас. Чаму-небудзь супярэчнаму прагрэсіўным прынцыпам чалавецтва нас ніхто не вучыў. І ўсё ж тыя, хто ў гады акупацыі працаваў у школах, не мелі пашаны ў адноўленай у Беларусі савецкай улады. А хто займаў кіраўнічыя пасады ў створанай немцамі сістэме адукацыі, падлягаў непамерна строгаму пакаранню.

Гэтага было дастаткова для Яўхіма Кіпеля, каб да прыходу Чырвонай Арміі разам з сям’ёй пакінуць краіну. Да таго ж, калі 27 чэрвеня 1944 года ў Мінску праходзіў Другі Усебеларускі кангрэс, ён быў абраны за яго прэзідэнта, неаднаразова прамаўляў з трыбуны. Ад яго былі пачуты і такія словы: «Ад нашага імя дазваляюць сабе гаварыць крамлёўскія заправілы. Яны там вызначаюць апекуноў, якія ўжо рыхтуюць шыбеніцы нашаму народу». Народу — пытанне, а вось удзельнікам Кангрэсу, а тым болей яго прэзідэнту, — напэўна ж.

З бацькам падаўся на захад і сямнаццацігадовы Вітаўт.

У чужых краях, дый яшчэ ў нечувана суровых умовах вайны, жыццё ні ў каго не магло быць спакойным. Можна толькі здзіўляцца ўменню Вітаўта і многіх яго сяброў правільна абіраць шляхі для жыцця ў выгнанні.

А пачалося ўсё з вучобы ў створанай у Заходняй Германіі гімназіі Янкі Купалы. Наўрад ці можна было б у савецкай Беларусі сустрэць хоць адну сярэднюю агульнаадукацыйную ці спецыяльную навучальную ўстанову з такім высокім узроўнем прафесійнага майстэрства педагогаў. Назаву толькі некаторых з іх: добра вядомыя ў міжваеннай Беларусі педагогі — дырэктар гімназіі Аляксандр Орса (выпускнік славутага ў Еўропе Карлава ўніверсітэта ў Празе), настаўнік беларускай мовы і літаратуры Аўген Каханоўскі (сапр. Калубовіч; перад вайной працаваў кансультантам-метадыстам у апараце Наркамасветы БССР). Заняткі па гісторыі Беларусі вёў доктар Янка Станкевіч (адзін час выкладаў у Віленскім і Варшаўскім універсітэтах), па спевах — не проста настаўнік, а сам кампазітар Мікола Равенскі. І не дзіва, што з той гімназіі выйшлі ў свет людзі, якімі не можа не ганарыцца беларускі народ.

Навучальныя ўстановы тыпу гімназій давалі іх выпускнікам права паступаць ва ўніверсітэты. І вось Кіпель сярод студэнтаў Каталіцкага ўніверсітэта бельгійскага горада Лювен. Радавала, што ўніверсітэт вывучыў не аднаго беларуса, прычым зусім неабавязкова каталіцкага веравызнання. Былі і праваслаўныя — напрыклад, добра вядомы ў шырокіх колах беларускага грамадства Янка Запруднік.

Злева направа: Ягор Фядзюшын, Вольга Іпатава, Вітаўт Кіпель, Алег і Наталля Гардзіенкі. Мінск, 2005 г.

Злева направа: Ягор Фядзюшын, Вольга Іпатава, Вітаўт Кіпель, Алег і Наталля Гардзіенкі. Мінск, 2005 г.

Амаль усе беларусы, што скончылі Лювенскі ўніверсітэт, сталі выдатнымі прафесіяналамі сваёй справы. Для Кіпеля ёю з’яўлялася геалогія. Стаў нават доктарам геалагічных навук.

Як і многія беларускія эмігранты летняй хвалі 1944 года, Вітаўт Кіпель сталым месцам жыцця выбраў ЗША. Тут ён пэўны час працаваў у розных навукова-прамысловых кампаніях, у Балтыморскім універсітэце, знаходзячы час і для ўдзелу ў дзейнасці грамадскіх арганізацый беларускіх эмігрантаў: Беларускім камітэце палітычных дзеянняў, Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў ды інш.

Кіпель мог бы стварыць для сябе даволі прыстойную кар’еру. У 28 гадоў ён з поспехам абараніў доктарскую дысертацыю па мінералогіі. У ЗША асобы такой спецыяльнасці заўжды мелі і маюць добры заробак. Але Кіпеля ён не дужа цікавіў, бо не даваў прасторы спраўдзіцца ў сваёй атрыманай ад самой прыроды беларускасці. Таму ён паступіў і закончыў бібліятэчны факультэт, што прывяло нашага сённяшняга юбіляра ў Нью-Ёркскую публічную бібліятэку. Па колькасці беларускіх кніг (знаходзяцца ў адмысловым аддзеле) з ёю не можа параўнацца аніводная з такіх устаноў замежжа. Роля Кіпеля і яго светлай памяці жонкі Зоры Кіпель у гэтым папросту ўнікальная.

Працы ў той бібліятэцы Кіпель аддаў 20 гадоў жыцця (1962–1982), што пайшло на вялікую карысць не толькі беларускай справе, але і паспрыяла росту яго аўтарытэту сярод суайчыннікаў, шырокіх творчых колаў амерыканскага грамадства і нават урадавых структур. І калі ў 1982 годзе ўзнікла неабходнасць абраць кагосьці на пасаду старшыні Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, лепшай за Кіпеля кандыдатуры на гэтае месца не знайшлі. І мелі рацыю. Тут наш суродзіч напоўніцу выявіў свой талент кіраўніка, паказаў, як многае для яго значыць самаадданае служэнне беларускаму нацыянальнаму інтарэсу.

Згаданы Інстытут навукі і мастацтва выдаваў для беларускай эміграцыі навуковы часопіс «Запісы» (з 1952 г.). У ім друкаваліся такія матэрыялы, пра якія і марыць не маглі дапытлівыя чытачы з савецкай Беларусі. Асабліва грунтоўна і аб’ектыўна асвятлялася яе нацыянальная палітыка, пра што не любілі пісаць бальшавіцкія ідэолагі. У «Запісах» друкаваліся артыкулы і самога Кіпеля.

Сяргей Навумчык, Вітаўт Кіпель, Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк

Сяргей Навумчык, Вітаўт Кіпель, Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк

Шмат месца давялося б адвесці ў артыкуле, калі б я паставіў за мэту пералічыць хаця б асноўныя навуковыя і публіцыстычныя творы Кіпеля, таму згадаю толькі самыя-самыя значныя: «Беларусы ў штаце Мэрыленд», «Беларусы ў Нью-Джэрсі», «Беларусы ў горадзе Кліўлендзе», «Беларусы ў Нью-Ёрку», «Беларусы ў ЗША».

Вітаўт Кіпель — заўважная асоба для многіх з беларусаў, прычым не толькі ЗША, дзе ён жыве з 1955 года, але і метраполіі, якую яму не даводзіцца наведваць ужо каля дзесяці гадоў. Не сумняваюся, шмат што добрага будзе сказана пра юбіляра, прычым не толькі тымі, хто асабіста знаёмы з ім. Лаканічны сказ вядомага беларускага пісьменніка, грамадскага дзеяча з Беласточчыны Алеся Барскага: «Сярод амерыканскіх беларусаў моцна ззяе зорка Кіпеля» аб’ектыўна паказвае месца гэтага чалавека ў асяроддзі нашай дыяспары ў ЗША. Але не будзе перабольшаннем, калі сцвердзім, што зорка Кіпеля моцна ззяе і сярод усёй нацыянальна свядомай часткі беларускай дыяспары, ярка ззяе і ў самой Беларусі.

Здароўя Вам, шаноўны спадар Вітаўт, на доўгія гады, а пры спрыяльных умовах — і новых творчых набыткаў.