Як Гітлер ачышчаў сваіх: Ноч доўгіх нажоў і яе ўплыў на нацысцкую Нямеччыну
30 чэрвеня 1934 года прынесла Нямеччыне не сонечнае святло і адпачынак, а халодны подых здрады і смерці. Гэта была «Ноч доўгіх нажоў», час, калі амбіцыі Адольфа Гітлера выліліся ў жорсткую чыстку. Пачынаўся цёмны паваротны момант у нацысцкай гісторыі краіны.
«Ноч доўгіх нажоў» — страшэнны эўфэмізм для назову падзеяў, падчас якіх былі ліквідаваныя тыя, хто лічыўся пагрозай уладзе Адольфа Гітлера і яго рэжыму, які завалодваў усім.
Перадумовы
Пад кіраўніцтвам Адольфа Гітлера Нацыянал-сацыялістычная нямецкая працоўная партыя набірала папулярнасьць, у значнай ступені падмацаваная ваенізаваным крылом, вядомым як Штурмавы атрад (ША).
На чале з Эрнстам Ромам, даўнім сябрам Гітлера, ША павялічвала свае шэрагі пад выглядам прытулку для былых жаўнераў, беспрацоўных і людзей, расчараваных слабасьцю Веймарскай рэспублікі. Дзякуючы сваёй карычневай уніформе і грубай сіле яны дзейнічалі як кулак партыі. Штурмавыя атрады запалохвалі апанэнтаў і забясьпечвалі бясьпеку Гітлера на публічных мітынгах.
Эрнст Ром, амбіцыйны і незалежны чалавек, бачыў у ША новую народную армію, рэвалюцыйную моц, якая заменіць старое рэгулярнае нямецкае войска.
Аднак на пачатку 1930 гадоў у Гітлера былі іншыя пляны. Пасьля яго законнага прыходу да ўлады ў якасьці канцлера ў студзені 1933 году Гітлер імкнуўся замацаваць сваё становішча і ўсталяваць аўтарытарнае праўленьне. Яму патрэбная была падтрымка нямецкай арміі і кансэрватыўных элітаў, якія глядзелі на Рома і яго ША з падазрэньнем і пагардай. Гітлер апынуўся паміж двума крэсламі. Штурмавыя атрады калісьці спрыялі ягонаму росту, але цяпер сталі пагрозай ягоным амбіцыям.
Больш за тое, у самой нацысцкай партыі ішла барадзьба за ўладу. Такія дзеячы, як Генрых Гімлер і Герман Герынг, разглядалі рост уплыву ША як перашкоду ўласным памкненьням. Яны разам з іншымі дзеячамі пачалі падсілкоўваць страхі Гітлера, паказваючы Рома як пагрозу ягонаму кіраваньню.
Вонкава радыкальныя патрабаваньні Эрнста Рома аб «другой рэвалюцыі» і нястрымны вулічны гвалт з боку штурмавых атрадаў выклікалі трывогу ў сярэдняй клясы і прамысловых элітаў. Яны пачалі сумнявацца ў здольнасьці Гітлера кантраляваць тую самую жывёлу, якую ён выгадаваў. Гітлер ведаў, што яму патрэбная іхная падтрымка, каб стабілізаваць свой урад і дасягнуць уласнага бачаньня вялікай Нямеччыны.
Да лета 1934 году Гітлер пад магутным ціскам вырашыў дзейнічаць. Была падрыхтаваная сцэна для адной з самых бязьлітасных чыстак у сучаснай гісторыі. І трэба было толькі, каб Гітлер даў каманду.
Ноч
Самай раніцай 30 чэрвеня Гітлер, апрануты ў цывільны строй, а не ў сваю тыповую форму, прыбыў у Мюнхен. Гэта быў невыпадковы візыт.
Галоўнай мішэньню быў Эрнст Ром, кіраўнік Штурмавых атрадаў. Гітлер асабіста кіраваў апэрацыяй. А 6:30 Гітлер быў у гатэлі, дзе ночыў Ром. Гітлер адразу ж скіраваўся ў нумар Рома. Адзін з відаводцаў, Віктар Лютцэ, апісвае падзеі:
«Адольф Гітлер стаяў каля дзьвярэй пакою Рома. Адзін з паліцыянтаў пагрукаў і папрасіў адчыніць па тэрміновай справе. Праз некаторы час дзьверы прыадчыніліся і адразу ж былі шырока расчыненыя. У дзьверы прайшоў Гітлер з пісталетам у руцэ і назваў Рома здраднікам. Загадаў таму апрануцца, аб'явіў аб арышце».
Рома арыштавалі, а іншых штурмавікоў высачылі. На працягу ўсіх выходных ні адзін закутак Нямеччыны не абмінула бязьлітасная чыстка. У Бэрліне, Брэслаў, Кёльне — доўгія нажы СС і гестапа адчулі смак крыві.
Сярод ахвяраў, апроч Эрнста Рома, былі Грэгар Штрасэр, галоўны апанэнт Гітлера ў НСДАП, Курт фон Шлейхер, папярэдні канцлер Нямеччыны, і Густаў Рытэр фон Кар, баварскі палітык, які адыграў ролю ў зрыве гітлераўскага Піўнога путчу ў 1923 годзе.
Калі крывавы ўікэнд скончыўся, ад 85 да 200 чалавек былі забітыя, хаця сапраўдныя лічбы ніколі не будуць вядомыя.
Адным махам Гітлер зьнішчыў пагрозы свайму кантролю над нацысцкай партыяй, заваяваў лаяльнасьць рэгулярнай арміі празь ліквідацыю канкурэнта ў выглядзе Штурмавых атрадаў і пазбавіўся ад старых ворагаў, якія ня мелі да ША ніякага дачыненьня.
Праз тыдзень, 13 ліпеня, Гітлер апраўдаў чыстку ў публічнай прамове ў Рэйхстагу, дзе назваў гэтыя дзеяньні самаабаронай супраць перавароту Рома і яго ША. Ці зьбіраўся Ром ажыцьцявіць дзяржаўны пераварот – дакладна невядома.
Ноч доўгіх нажоў была ня проста дэманстрацыяй татальнай моцы. Гітлер паказаў, што ён можа забіваць без юрыдычных і маральных наступстваў. Шлях да дыктатарскага кіраваньня быў адкрыты.
Рэакцыя
Рэакцыя ўсярэдзіне Нямеччыны не была паўсюдым жахам ці непрыманьнем. У грамадзтве былі асобы, якія сустрэлі падзеі з палёгкай і ўхвалай. Для такіх людзей ША зь іх часта бандыцкімі паводзінамі і іх лідэр Эрнст Ром з размовамі пра «другую рэвалюцыю» разглядаліся як небясьпечныя сілы.
Жорсткі вулічны гвалт і радыкальная сацыялістычная рыторыка ША раздражнялі сярэднюю клясу, прамыслоўцаў і эліты. Для іх чыстка была знакам таго, што Гітлер бярэ на сябе цьвёрды кантроль і аднаўляе закон і парадак.
Асаблівую палёгку адчула рэгулярная нямецкая армія — рэйхсвэр. Іх глыбока ўкаранёны страх перад тым, што іх заменяць Штурмавыя атрады, зьнік за адну ноч. Гітлер запэўніў іх у прывілеяваным становішчы ў дзяржаве, і ў адказ яны прысягнулі яму на вернасьць.
Штурмавыя атрады былі перададзеныя пад кантроль СС на чале з верным Генрыхам Гімлерам. Пад кіраўніцтвам Гімлера СС вырасьце ў адну з самых магутных і страшэнных арганізацыяў у нацысцкай Нямеччыне.
СМІ з запалам паказвалі чыстку як неабходны акт самаабароны. Гэтыя наратывы паўплывалі на грамадзкае ўспрыманьне і яшчэ больш умацавалі імідж Гітлера як моцнага, рашучага лідэра, якога так прагнулі шматлікія немцы ў тыя часы.
Ноч доўгіх нажоў была прадвесьцем агрэсіўнай зьнешняй палітыкі, што прывядзе да пачатку Другой сусьветнай вайны.