Шольц: Пуцін аслаблены, а перакідванне ПВК «Вагнер» у Беларусь непакоіць

На думку канцлера Германіі, мяцеж Прыгожына паказаў расколіны ў сілавых структурах і будзе мець доўгія наступствы для Расіі.

germany_2__1__logo.jpg

Мяцеж Яўгена Прыгожына аслабіў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і будзе мець доўгатэрміновыя наступствы для яго ўлады, заявіў канцлер Германіі Олаф Шольц у інтэрв'ю тэлеканалу «ARD», нагадвае «Нямецкая хваля».

Па словах Шольца, Федэральная разведвальная служба (BND) не ведала, што рыхтуецца мяцеж. Што тычыцца паведамленняў СМІ пра тое, што выведка ЗША ведала пра планы Прыгожына, але не стала дзяліцца імі з усімі саюзнікамі, Шольц сказаў, што будзе абмяркоўваць гэта пытанне.

«У любым выпадку, гэта, безумоўна, будзе мець доўгія наступствы для Расіі. Я веру, што ён (Пуцін. — Рэд.) аслаблены», — заявіў Шольц. 

З ягоных слоў, бунт паказаў, што «ў аўтакратычных структурах, сілавых структурах ёсць расколіны» і што «Пуцін зусім не так трывала сядзіць у сядле, як ён неаднаразова сцвярджаў». 

«Але я не хачу будаваць здагадкі, як доўга ён будзе знаходзіцца ва ўладзе. Гэта можа працягвацца доўга ці не вельмі доўга. Мы гэтага не ведаем», — сказаў на заканчэнне Шольц.


Глядзіце таксама

Шольц: перакідванне ПВК «Вагнер» у Беларусь выклікае непакой

Магчымае перакідванне наймітаў ПВК «Вагнер» у Беларусь выклікае занепакоенасць у краінах NATO, распавёў Шольц. 

«Гэта сітуацыя, на якую мы глядзім з вялікай трывогай і ўважліва вывучаем», — заявіў канцлер. «Агрэсіўныя арміі ўяўляюць пагрозу, а прыватныя арміі тым больш», — сказаў Шольц і падкрэсліў, што Германія і яе партнёры не бездапаможныя ў гэтай сітуацыі. «Як NATO, мы можам абараніць нашу тэрыторыю», — сцвярджае Шольц.

Канцлер ФРГ расказаў, што 24 чэрвеня правёў тэлефонныя перамовы не толькі з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам і прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Рышы Сунакам, але і з кіраўніком урада Польшчы Матэвушам Маравецкім. 

«Мы не маем ніякага дачынення да канфрантацыі ў Расіі», — падкрэсліў Шольц. «Змена рэжыму ў Расіі не з'яўляецца мэтай нашай падтрымкі Украіны», — дадаў ён. 

Як пісаў «НЧ», пра свае апасенні наконт з’яўлення ПВК Вагнера ў Беларусі заявіла і Польшча, якая на ўсялякі выпадак пачала ўмацоўваць сваю мяжу з усходнім суседам. Польшча таксама лічыць, што знаходжанне наймітаў з ПВК «Вагнер» у Беларусі можа пагражаць і суседнім з ёй краінам — Літве і Украіне. Віцэ-прэм'ер польскага ўрада Яраслаў Качыньскі заявіў: «Зыходзячы з даных, якія мы маем на дадзены момант, можна лічыць, што гэта будзе каля 8 тысяч салдат. Гэта элемент, які небяспечны для Украіны... Ён патэнцыйна небяспечны і для Літвы, і можа быть небяспечны для нас. Гэта можа азначаць новую фазу гібрыднай вайны, значна больш складаную, чым тая, з якой мы сутыкаліся дагэтуль».