ПВК «Вагнер» стварае выбухованебяспечную сітуацыю ўнутры Беларусі

Што азначае перавод баевікоў ПВК «Вагнер» у Беларусь і якія наступствы гэта цягне для жыхароў краіны і для дзяржавы?

Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын. Фота: ТАСС

Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын. Фота: ТАСС

— У аўторак, 27 чэрвеня, Аляксандр Лукашэнка ў падрабязнасцях расказаў пра сваю ролю ў выратаванні Расіі ад вайсковага бунту Яўгена Прыгожына і ПВК «Вагнер». Тым часам у Беларусі чакалі адказаў на іншыя пытанні, звязаныя, у першую чаргу, са знаходжаннем Прыгожына і яго байцоў на тэрыторыі краіны.

З выступленняў Лукашэнкі стала вядома, што Прыгожын ужо ў Беларусі, а сам ён паабяцаў ПВК «Вагнер» магчымасць «перакантавацца і іншае». «Цяпер шмат размоў і балбатні: Вагнер, Вагнер, Вагнер. Людзі не разумеюць, што і мы прагматычна да гэтага падыходзім», — сказаў Аляксандр Лукашэнка міністру абароны Віктару Хрэніну.

Паводле яго, «вагнераўцы» маглі б падзяліцца з беларускімі сілавікамі досведам: «Раскажуць нам, што цяпер важна. Раскажуць пра зброю: якая добра працавала, якая не. І тактыка, і ўзбраенне, і як наступаць, як абараняцца. Гэта неацэнна». Пры гэтым Лукашэнка запэўніў міністра, што самім беларусам ПВК «Вагнер» «баяцца няма чаго, мы ж вуха востра трымаем».

Пра тое, што значыць для Беларусі прыбыццё ў краіну «вагнераўцаў», і на якія пытанні павінны атрымаць адказы жыхары краіны, «Deutsche Welle» пагаварыла з экспертамі.

«Якая колькасць і на які тэрмін?»

«Ні Пуцін, ні Лукашэнка ніколі не канкрэтызавалі сваіх сапраўдных дамоўленасцей і намераў. Гэта бачна па Саюзнай дзяржаве і асабліва па тым, як яны падрыхтаваліся да вайны. У тым, што дыктатары ўтойваюць інфармацыю і не дзеляцца ёй, няма нічога новага, — нагадвае палітолаг, экспертка «Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы» ўніверсітэта Юстуса Лібіха з Гісена Роза Турарбекава. — А тым больш, калі гаворка ідзе пра тое, што адбылося: мяцеж, які паказаў усю ступень дэзарганізаванасці расійскай дзяржавы».

Цяпер застаецца шмат пытанняў, звязаных са знаходжаннем ПВК «Вагнер» у Беларусі. «Самае галоўнае, з майго пункту гледжання, заключаецца ў тым, на якіх умовах прыбываюць баевікі ПВК на тэрыторыю Беларусі. Якая іх колькасць, на які тэрмін? Яны прыбудуць узброенымі? З якімі відамі ўзбраення?» — пералічвае экспертка пытанні і дадае, што адказаў на іх няма.

«Ці адкажа за гэта Мінск?»

Рыгор Ніжнікаў, эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносін, лічыць, што ў Беларусі ўзнікае вельмі вялікая шэрая зона, сіла, якая мае сур'ёзны патэнцыял, і незразумела, хто яе будзе кантраляваць. «Відавочна, што не беларускія сілавікі будуць курыраваць гэту структуру, — мяркуе ён. — Хто менавіта будзе камандаваць ПВК «Вагнер», якія будуць у баевікоў функцыі, чым яны будуць займацца? І галоўнае: наколькі «Вагнер» будзе падсправаздачны беларускім структурам?»

Ніжнікаў таксама звяртае ўвагу на тое, што Масква становіцца ўсё больш і больш непрадказальнай у сваіх дзеяннях у дачыненні да Захаду: «Мы бачым ядзерную рыторыку, размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, падрыў Кахоўскай ГЭС. Калі ўкраінскі наступ акажацца вельмі паспяховым, ці можа «Вагнер» быць не для супраціву Украіны, а, напрыклад, для таго, каб стварыць напружанасць на мяжы Беларусі і ЕС? І калі такое рашэнне будзе прынята, хто будзе за гэта адказваць? Ці адкажа за гэта Мінск?»

Эксперт мяркуе, што Лукашэнка атрымаў кароткатэрміновыя дывідэнды ад урэгулявання канфлікту ў РФ, але ўвязаўся ў яшчэ большую праблему ўнутрыпалітычных разборак у Крамлі.

Чым зоймуцца найміты ў Беларусі?

На думку Рыгора Ніжнікава, Лукашэнка сам не чакаў слоў Пуціна пра тое, што «Вагнер» запрошаны ў Беларусь. «Думаю, пра Прыгожына дамовіліся. Нейкіх ключавых камандзіраў «Вагнер» таксама маглі, вядома, патэнцыйна адправіць у Беларусь. Але тое, што асабовы склад прыедзе незразумела ў якой колькасці, думаю, для Лукашэнкі было шокам»,  — дадае Ніжнікаў.

Ён лічыць, што беларускаму кіраўніку ПВК «Вагнер» у краіне не патрэбна: «Гэта вельмі моцная структура. Мы бачым, якіх яна дасягала вынікаў і ў Афрыцы, і ва Украіне. І, улічваючы, наколькі ўсё-ткі слабы сілавы блок беларускага рэжыму (ён гатовы праводзіць рэпрэсіі, але не гатовы ні да якіх сур'ёзных аперацый), гэта стварае выбухованебяспечны механізм, выбухованебяспечную сітуацыю ўнутры Беларусі».

Роза Турарбекава згодна, што Лукашэнка не зацікаўлены ў тым, каб вялікая колькасць узброеных людзей, якія маюць досвед баявых дзеянняў і няясныя палітычныя мэты, заставаліся ў Беларусі надоўга. Яна мяркуе, што задача Лукашэнкі цяпер — іх падзяліць: «Вядома, самы відавочны варыянт, які напрошваецца, — гэта арганізацыя калідора для баевікоў у трэція краіны, дзе ў іх ёсць ужо базы, кантракты, інфраструктура, дзе яны сябе адчуваюць як рыба ў вадзе. Гаворка ідзе, вядома, пра Афрыку і пра Блізкі Усход».

З тых, хто не захоча з'ехаць, на думку Турарбекавай, могуць быць сфарміраваны сілы, якія будуць інструктаваць беларускіх вайскоўцаў. Таксама «вагнераўцы» могуць быць задзейнічаны для абароны асабіста Лукашэнкі і яго сям'і. «Але я не магу сказаць, якая будзе ступень даверу ў Лукашэнкі да гэтых баевікоў, якія толькі нядаўна паспрабавалі пайсці са сваім мяцяжом на Маскву. Што ім перашкаджае тое самае прарабіць адносна Мінска?» — задае рытарычнае пытанне экспертка.

Дзе будуць знаходзіцца «вагнераўцы»?

«Мы ім прапанавалі адну з закінутых (вайсковых. — Заўв. рэд.) частак. Калі ласка: плот ёсць, усё ёсць. Стаўце палаткі. Чым можам — дапаможам. Пакуль вызначацца, чым ім займацца», — удакладніў 27 чэрвеня Лукашэнка. Дзе менавіта знаходзіцца гэта закінутая частка? Знаёмыя з Беларусі, працягвае Турарбекава, пацвярджаюць інфармацыю расійскіх медыя пра ўзвядзенне намётавага лагера пад Асіповічамі (райцэнтр за 100 км ад Мінска).

На думку эксперткі, беларусы цяпер напалоханыя: «Мне здаецца, людзям патрэбна ў пэўным сэнсе псіхалагічная падрыхтоўка да таго, каб яны гэты перыяд неяк перажылі». Роза Турарбекава мяркуе, што за ПВК «Вагнер» у Беларусі будзе сачыць увесь сілавы блок: «Я спадзяюся, што ў беларускім войску афіцэрскі састаў (асабліва малодшы і сярэдні) яшчэ захаваў цвярозасць. Думаю, што яны на сённяшні дзень адчуваюць трывогу і небяспеку, і спадзяюся на тое, што яны будуць пільныя, будуць своечасова папярэджваць сваё кіраўніцтва і самі будуць прымаць пэўныя меры».

Турарбекава нагадвае, што ПВК «Вагнер» — гэта ўзброеныя і разгарачаныя вайной бандыты: «У іх акрамя баявога досведу ёсць каласальны досвед гвалту. Вось гэта адна з самых страшных рэчаў, перад якой грамадзянскае насельніцтва Беларусі цяпер адчувае страх».