Саша Філіпенка: Ніхто не дазволіць Прыгожыну зрабіць з Беларусі пірацкую дзяржаву ў цэнтры Еўропы
Пісьменнік Саша Філіпенка разважае пра мяцеж Прыгожына, тлумачыць, чаму "Вагнеру" не цікавая наша краіна і чаму беларусам не варта губляць надзею. Беларусам варта думаць пра доўгія стратэгіі барацьбы на доўгія гады. Гэта не адмяняе таго, што можа прыйсці «Чорны лебедзь», піша «Салідарнасць».
![Фота www.denia.com Фота www.denia.com](/img/v1/images/img_1374_766x477.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота www.denia.com
— Мне здаецца, мы назіралі прыгожую «Стрэлку», у якой адны бандосы сустракаліся з другімі і трэцімі. Было складана зразумець, што яны там ператруць і як усе разруляць. Я, вядома, не думаў, што можна настолькі вульгарна скончыць і сказаць: «Мы адпраўляем хлопцаў у Беларусь», — каментуе Саша Філіпенка рускі бунт у эфіры «Обычн*го утра». — Думаю, важна канстатаваць іншыя рэчы.
Расія не функцыянуе як дзяржава: не працуюць ні судовая сістэма, ні прававая, ні армія — нічога. За гэтым я больш назіраў 24 чэрвеня, чым за тым, як гэта скончыцца. Прытым, мне здаецца, гэта не канец гісторыі.
Прыгожын з'ехаў у Беларусь — што яму там рабіць? У яго ў “газэлі” больш грошай, чым у бюджэце Беларусі. Ты ўжо быў побач з Крамлём — і думаеш зусім іншымі маштабамі. Гэта як трэнеру Гвардыёле (галоўны трэнер англійскага клуба «Манчэстэр Сіці» — Рэд.) сказаць: «Перасядзі і патрэніруй «Іслач».
Я не думаю, што гэта канец гісторыі — і Прыгожын зараз сыдзе на пенсію або пачне з Мінска лётаць у Афрыку вырашаць канфлікты, а Беларусь стане хабам для яго прылётаў.
Пісьменнік таксама звяртае ўвагу на «інфантылізм расійскага грамадства» падчас прыгожынскага бунту.
— Людзі, якія распавядаюць, што ў Расіі страшна выходзіць на маршы пратэсту супраць вайны, бегаюць з тэлефонамі і здымаюць, як банда галаварэзаў уваходзіць у горад і пачынае страляць. Перабягаюць з вуліцы на вуліцу і весяляцца, страху пры гэтым няма.
Людзі паставіліся да гэтага як да камедыі, а ў гэты час у Кіеў усё роўна прыляталі ракеты — вайна не спынілася. Вайна ідзе, а людзям у Расіі ўсё роўна на гэта, яны забаўляюцца з Прыгожыным і абдымаюць яго. Гэта зусім жахліва.
Філіпенка таксама адзначае, што сумняваецца ў прыездзе ў Беларусь байцоў ПВК «Вагнер». Паводле яго слоў, пакуль аб перамяшчэнні 25-тысячнай калоны з тэхнікай па Беларусі не чуваць, а гэты факт у нашай краіне схаваць было б цяжка.
Глядзіце таксама
![ПВК "Вагнер" праз Беларусь пойдуць у трэція краіны - эксперты ПВК «Вагнер» стварае выбухованебяспечную сітуацыю ўнутры Беларусі](/img/v1/images/f01cfa00273454d8a9bc70b409304141.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Пакуль мы бачым толькі словы. Я б асцярожна ставіўся да гэтага «пераезду», таму што не ўпэўнены, што Лукашэнка гатовы прыняць у сябе 25 тысяч чалавек, якія значна мацнейшыя, чым ягонае ўласнае войска. Апошнім подзвігам арміі РБ было Пераапрананне ў цывільных у 2020 годзе.
Калі ўявіць сабе ўмоўную «стрэлку» беларускай арміі з «прыгожынцамі», то беларускае войска вельмі хутка б атрымала па смаркачах. Мы ж разумеем, што гэтыя людзі адзін аднаму не давяраюць. Яны могуць абдымацца і братацца колькі заўгодна, але калі да цябе прыязджае чалавек з 25-тысячным войскам, які быкуе не тое, што на цябе, а на Пуціна, павінны здарыцца некаторыя асцярогі.
З іншага боку, не думаю, што Прыгожыну хоць колькі-небудзь цікавая Беларусь, таму што гэта даволі «стратнае прадпрыемства», за якое дзіўна змагацца. Ніхто не дазволіць у цэнтры Еўропы зрабіць пірацкую дзяржаву.
Калі ж «Вагнер» усё ж паселіцца ў Беларусі, то людзям, якія будуць жыць побач з імі, дадае Філіпенка, будзе вельмі сумна — яны ў поўнай меры будуць назіраць «стабільнасць», якая прыехала абараняць іх рубяжы.
Беларусам, якія знерваваліся такім заканчэннем бунту Прыгожына, пісьменнік кажа наступнае:
— Надзея на «заварушкі» — трохі ўтапічная. Трэба разлічваць на сябе. Можна ўспомніць прыклад Украіны — першы Майдан адразу ўсё не змяніў. Калі беларусы хвалююцца, што ў 2020-м нічога не атрымалася — крыўдна, вядома, але было б і наіўна меркаваць, што ўсё атрымаецца. У нас у параўнанні з Украінай не было пратэстаў, а былі прыгожыя маніфестацыі. Маніфестацыі і пратэст — гэта, усё ж такі, розныя рэчы. Заводы не ўсталі, ёсць яшчэ куды імкнуцца.
Разлічваць, што праз тое, што банда наймітаў рухаецца на Маскву і ўся сітуацыя разруліцца, прыйдзе полк Каліноўскага, — гэта некалькі інфантыльна. Мы павінны думаць пра доўгія стратэгіі барацьбы на доўгія гады. Гэта не адмяняе таго, што можа прыйсці «Чорны лебедзь», але ўсё ж, — заключае Саша Філіпенка.