ЗША ўвялі санкцыі супраць расійскіх кампаніяў, якія дапамагаюць КНДР
Міністэрства фінансаў ЗША пашырыла санкцыі ў дачыненні да КНДР праз тое, што ўлады краіны працягваюць працы па стварэнні ядзернай зброі.
У новы санкцыйны спіс трапілі тры расійскія кампаніі і
адзін грамадзянін РФ, якога ўлады Злучаных Штатаў лічаць датычным да паставак
Пхеньяну камплектуючых і
тэхналогіяў ваеннага прызначэння. Пра гэта паведамляе «Голас Амерыкі».
У заяве ўпраўлення Мінфіна па кантролі за замежнымі актывамі, якое адказвае за санкцыйную палітыку, названая «Незалежная нафтавая кампанія», зарэгістраваная ў Маскве (належыць былому кіраўніку «Раснафты» Эдуарду Худайнатаву), і яе Уладзівастоцкае даччынае прадпрыемства «ННК-Прыморскнафтапрадукт».
Акрамя таго, санкцыі ўведзеныя супраць маскоўскай фірмы Ardis-Bearings LLC і асабіста супраць генеральнага дырэктара гэтай кампаніі Ігара Мічурына. У даведцы Мінфіну адмыслова пазначана, што ён падтрымліваў гандлёвыя зносіны з паўночнакарэйскай Korea Tangun Traiding Corporation.