Калі б не было Бжэзінскага
На 90-м годзе жыцця 26 мая памёр Збігнеў Бжэзінскі — мэтр амерыканскай палітычнай думкі. З улікам яго вялікага ўплыву на знешнепалітычны курс Вашынгтона, можна смела казаць, што без Бжэзінскага свет быў бы іншым.
Бжэзінскі быў дарадцам па «саветалогіі» і геапалітыцы ў адміністрацыях амерыканскіх прэзідэнтаў ад Кенэдзі аж да Клінтана. Зеніту свайго ўплыву ён дасягнуў у якасці дарадцы па нацбяспецы пры Картэры на мяжы 1970–1980-х гадоў. Менавіта тады «Ваяўнічы Збіг», як яго называлі, вырашыў арганізаваць СССР «сваю в’етнамскую вайну» ў Афганістане.
Вакол гэтага рашэння Белага дома дасюль цягнуцца спрэчкі. Справа ў тым, што Бжэзінскі вырашыў не арыентавацца на афганцаў — прыхільнікаў канстытуцыйнай манархіі, якую напярэдадні зрынулі прасавецкія палітычныя сілы. Стаўка была зробленая на ісламістаў, якім была адкрытая лінія фінансавай і вайсковай падтрымкі. У выніку «абмежаваны кантынгент» Савецкай арміі з Афганістану сышоў, аднак адначасова тут паўстаў інкубатар ісламскага фундаменталізму, прыхільнікі якога дасюль не даюць пра сябе забыцца.
Узнікае пытанне: можа, спонсарства маджахедаў было фатальнай памылкай? Тым больш, што сярод гісторыкаў усё больш папулярная ідэя пра непазбежнасць калапсу Савецкага Саюза і без афганскай авантуры. «На жаль, дзякуючы Бжэзінскаму мы яшчэ і сёння змагаемся з мусульманамі, якіх ён абудзіў», — іранізуе адно з амерыканскіх выданняў.
Сам Бжэзінскі лічыў, што яго рашэнне наконт падтрымкі ісламістаў было цалкам слушным. «Пра што я павінен шкадаваць? Гэтая таемная аперацыя (падтрымка ісламскіх фундаменталістаў у Афганістане. — аўт.) была выдатнай ідэяй. У выніку рускія патрапілі ў афганскую пастку, а вы хочаце, каб я пра гэта шкадаваў? Што важней для сусветнай гісторыі? Талібан ці крах савецкай імперыі?» — казаў «рыцар халоднай вайны».
Праўда, сцэнар гісторыі без Бжэзінскага, які малююць аматары альтэрнатыўнай гісторыі, выглядае трошкі ўтапічным. Відавочна, што ігнаруюцца эканамічныя і палітычныя супярэчнасці, якія так ці інакш паўсталі падчас глабалізацыі. Магчыма, свет не ведаў бы такой ступені пагрозы з боку ісламскага тэрарызму, аднак з’явіліся б новыя выклікі. Ёсць і іншыя ўтопіі. Напрыклад, расійскія ўрапатрыёты лічаць, што без Бжэзінскага з яго душманамі Савецкі Саюз мог утрымацца ў Афганістане і пачаць рыхтаваць марш-брасок да Індыйскага акіяну.
Падтрымка маджахедаў — далёка не адзіны папрок на адрас нябожчыка, які можна прачытаць у прэсе. Узгадалі, напрыклад, і як Бжэзінскі заплюшчваў вочы на падтрымку Пекінам крывавага рэжыму Пол Пота ў Камбоджы. Бжэзінскі спадзяваўся на тое, што Пекін не дапусціць у краіну прамаскоўскіх в’етнамцаў. У выніку чырвоныя кхмеры забілі некалькі мільёнаў суайчыннікаў і далі В’етнаму маральнае апраўданне для інтэрвенцыі ў Камбоджу.
У Ізраілі Бжэзінскага называюць архітэктарам ізраільскага адступлення з Сінайскага паўвострава і наступнай перадачы яго пад кантроль Егіпту ў межах Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў. У выніку сённяшні Сінай — адзін з плацдармаў сусветнага джыхаду.
Узгадваюць і Іран. Калі пачаліся першыя пратэсты супраць шаха Махамеда Рэзы Пехлеві, інструкцыі Бжэзінскага дэмаралізавалі іранскіх сілавікоў, і яны не прадухілілі рэвалюцыю, у выніку якой да ўлады прыйшоў аятала Хамейні. Падчас рэвалюцыі Белы Дом не здолеў публічна асудзіць былога саюзніка, каб узняць уплыў памяркоўнай антышахскай апазіцыі.
З імем Бжэзінскага звязваюць і няўдалую спробу спецназу ў красавіку 1980-га вызваліць амерыканскіх дыпламатаў-закладнікаў у пасольстве ў Тэгеране. Паводле сведкаў, ён баяўся, што асцярожная палітыка санкцый адносна Ірану па пытанні закладнікаў прымусіць аяталу Хамейні гуляць па правілах міжнароднай дыпламатыі і паступова стаць сатэлітам Масквы. Затое бліскучая аперацыя спецназаўцаў, маўляў, стане для амерыканцаў тэрапіяй ад в’етнамскага сіндрому. Аперацыя скончылася правалам: вайскоўцы не ўлічылі пясчаныя буры, непазбежныя паломкі тэхнікі і памылковыя дадзеныя разведкі. У выніку загінулі некалькі амерыканскіх жаўнераў, у пустыні кінулі ўсе верталёты, целы загінулых пілотаў і іншых чальцоў экіпажаў, усю сакрэтную дакументацыю па правядзенні аперацыі і кнігі радыёкодаў. І гэта яшчэ на першым этапе аперацыі!
Адным словам, са спадчынай Бжэзінскага свет будзе разграбацца яшчэ доўга. У тым ліку, і ў нашым рэгіёне. Падчас прэзідэнцтва Клінтана Бжэзінскі быў аўтарам стратэгіі пашырэння NАТО на Усход. Пры гэтым вельмі важнае месца ў яго новай дактрыне займала Украіна. Бжэзінскі пісаў, што без Украіны аднаўленне Расійскай імперыі немагчымае. На думку некаторых, такая бескампрамісная ўстаноўка запусціла ў мазгі палітыкаў канцэптуальны вірус, што з часам ператварыла нашу краіну-суседку ў арэну бязлітаснай геапалітычнай бойкі.
Дарэчы, за тое, што Бжэзінскі папярэдзіў Маскву пра накірунак новага ўдару Захаду, там яму гатовы прабачыць нават Афганістан. «Ён (Бжэзінскі) паспеў убачыць пачатак заняпаду створанай яго намаганнямі глабальнай імперыі. Ён паспеў папярэдзіць амерыканскую эліту, што старыя шаблоны больш не дзейнічаюць — трэба шукаць новыя шляхі да перамогі. Яго не пачулі. Дзякуючы гэтаму мы атрымалі на дзесяць гадоў больш часу, чым было б у нас, калі б амерыканскай знешняй палітыкай кіраваў Бжэзінскі», — пішуць у некралогу на яго смерць РІА «Новости».
Сыход Бжэзінскага — гэта, безумоўна, сімвалічны крок ад часоў «халоднай вайны», дзе існавалі нейкія правілы і рамкі паводзінаў, у накірунку незразумелага.