Кіраўнік амбасады ЗША: Беларусі трэба працаваць над эканамічнай бяспекай
Імідж Беларусі сярод замежнікаў не вельмі пазітыўны, таму краіне неабходныя перамены, лічыць часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі.

Роберт Райлі. Фота: Віктар Гіліцкі
Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі, выступаючы 2 чэрвеня ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі «Эканамічная бяспека ў глабалізаваным свеце» заявіў, што Беларусь мусіць палепшыць свой імідж у свеце, каб разлічваць на прыцягненне доўгатэрміновых інвестыцыяў.
Паводле яго слоў, у замежнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь, ужо ёсць нейкае ўяўленне пра краіну, складзенае на аснове яе іміджу.
«І гэты імідж не вельмі пазітыўны, — цытуе Райлі БелаПАН. — Патрэбныя перамены, таму што інвестары шукаюць пэўныя рэчы. Доўгатэрміновым інвестарам патрэбныя вяршэнства закона і дакладныя правілы работы».
Райлі падкрэсліў, што інвестары могуць таксама ўзмацніць і эканамічную бяспеку Беларусі.
«Калі вы хочаце быць сапраўды незалежнымі, вам трэба працаваць над эканамічнай бяспекай краіны. Будучы эканамічна залежным ад кагосьці, вы будзеце залежныя і ва ўсіх астатніх сэнсах. 30-гадовы чалавек, які атрымлівае грошы ад бацькоў, не можа гаварыць, што ён незалежны. Гэтак жа сама гэта тычацца і краін», — адзначыў амерыканскі дыпламат.
belsat.eu