Юрый Хадыка: для самаідэнтыфікацыі беларусаў толькі мовы недастаткова

На чым грунтуецца самаідэнтыфікацыя беларусаў, навошта вяртаць вывезеныя з краіны артэфакты? Гэтыя пытанні гучаць у артыкуле прафесара Юрыя Хадыкі, напісанага для "Новага часу" ў 2009-м. Сёння, на 80-я ўгодкі з дня народзінаў выбітнага дзеяча беларускага Адраджэння, мы паўтараем яго.

Юры Хадыка, фота Радыё Свабода

Юры Хадыка, фота Радыё Свабода

Спадзяюся, што Васіль Уладзіміравіч Быкаў дараваў бы мне гэты бяскрыўдны плагіят. Бо яшчэ больш доўгімі, чым жыццё чалавека, бываюць дарогі вяртання помнікаў гісторыі і культуры. “Рэстытуцыя — гэтае лацінскае слова перакладаецца як “вяртанне. Ужываецца ў грамадзянскім і міжнародным праве.

Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кніга 28 (1522-1552 гг.).

Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кніга 28 (1522-1552 гг.).

У гэтым кантэксце зараз гаворка часцей за ўсё ідзе пра вяртанне артэфактаў, вывезеных з краіны па праву моцнага. А значыць незаконна. Парадак рэстытуцыі ўнармаваны адносна нядаўна, пасля другой сусветнай вайны. Але выпадкі масавай рэстытуцыі адбываліся і раней. Так, пасля паразы ў польска-савецкай вайне 1920 года Масква мусіла вярнуць Варшаве вялікую колькасць мастацкіх каштоўнасцей і пісьмовых помнікаў, вывезеных пасля знішчэння Рэчы Паспалітай.
Палякі забіралі ўсё, што было звязана з тэрыторыяй на захад ад нядаўна ўсталяванай польска-савецкай мяжы. Гэта значыць, крыху на захад ад Мінска. Так у Музеі войска польскага апынуліся вылітыя ў Нясвіжы гарматы, і нават сцяг з Пагоняй паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.
Аднак гэта прыклад рэстытуцыі з пазіцыі сілы. Сёння і слабейшыя маюць магчымасць вярнуць свае каштоўнасці. Грэцыя і Егіпет вяртаюць свае помнікі з Лондана і Берліна. Хутка гэтым зоймецца і Ірак, а таксама плойма новых дзяржаў, што ўтварыліся пасля распаду СССР і Югаславіі. Трэба не спазніцца, бо працэдура рэстытуцыі складаная, а былыя метраполіі робяць усё, каб пакінуць артэфакты сабе.
Вось колькі прыкладаў. На свае вочы бачыў у Эрмітажы шыкоўна ўпрыгожаную шаблю з подпісам: “Шабля польскага магната Льва Сапегі". І гэта пасля масавай рэстытуцыі пачатку 20-х гадоў! Ці палякі прапусцілі такі каштоўны экспанат? Але ніякай загадкі ці памылкі тут няма. Проста ў тыя часы эксперты абодвух бакоў ведалі, што Сапегі паходзілі з магнатаў рускай часткі Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Што сам Леў Сапега палякам сябе не лічыў. Таму Масква і не аддала шаблю Варшаве. А эрмітажны подпіс быў зроблены наўмысна, каб ні летувісы, ні беларусы на яе не прэтэндавалі. Але сітуацыя не безнадзейная. Паколькі Сапега не паляк (інакш шабля даўно была б у Варшаве) і не маскаль (пра што сведчыць подпіс), то Беларусь мае права прэтэндаваць на яе.

Леў Сапега

Леў Сапега



Караль Станіслаў Радзівіл

Караль Станіслаў Радзівіл


Са свайго боку Масква настойліва шукае бурштынавы пакой, вывезены немцамі падчас вайны з аднаго з пецярбургскіх палацаў, і разам з тым прыняла закон ужо пасля распаду СССР, які абцяжарвае вяртанне ў Еўропу мастацкіх рарытэтаў, набытых у якасці вайсковых трафеяў.
Днямі адбыўся пяты з’езд Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына. Яго тэмай была праблема фармавання і паглыблення самаідэнтыфікацыі беларусаў. Добра вядома, як хутка расцярушваецца новая беларуская эміграцыя ў іншамоўным асяродку за мяжою. І найбольш яе хвалюе праблема прэферэнцый пры перасячэнні мяжы, пакуль чалавек памятае, што ён з Беларусі. Таму прадстаўнікі старой паваеннай эміграцыі заўсёды падкрэслівалі асаблівую ролю роднай мовы ў захаванні беларускай ідэнтычнасці.
Аднак гэтым разам гаворка не абмежавалася толькі лінгвістычнай праблемай. Хаця трэба быць чыноўнікам беларускага міністэрства адукацыі, каб на чыстым воку сцвярджаць, што з беларускай адукацыяй у нас усё добра. І больш за 1400 беларускамоўных школ, і кожны студэнт мае права слухаць лекцыі на роднай мове. А мова памірае на вачах.

Нясвіж, рыцарскі зал, фота пачатку ХХ ст. Фота: budzma.by

Нясвіж, рыцарскі зал, фота пачатку ХХ ст. Фота: budzma.by


Безумоўна, мова — неабходны складнік самаідэнтыфікацыі. Але недастатковы. Толькі ў вельмі прымітыўных грамадствах мова з’яўляецца адзіным інструментам яднання людзей. Нават у цемнаскурых плямёнаў Афрыкі акрамя агульнай мовы былі яшчэ агульныя вераванні. А чым больш цывілізаваная краіна, тым большую ролю ў самаідэнтыфікацыі яе грамадзян адыгрывае культура і гістарычная памяць. На жаль, з гэтымі аспектамі нацыятворчасці справы ў нас зусім не бліскучыя.
Яшчэ нядаўна, за савецкім часам, у энцыклапедыях пісалі, што расійская нацыя склалася ў трынаццатым стагоддзі, а беларуская — у шаснаццатым. Гэта было прымітыўным абгрунтаваннем тэорыі старэйшага брата. Беларускі народ увесь час пакутаваў пад сацыяльным і нацыянальным прыгнётам то літоўскіх, то польскіх феадалаў. І толькі расійскія палкі вызвалілі пакутнікаў. Пра якую беларускую культуру, акрамя фальклору, у такіх умовах можна было казаць?
Зараз усе ведаюць, што гэта — хлусня. Толькі што яе абвяргае акрамя слоў? Наша літаратура адносна маладая. Ёй не больш за 150 гадоў. Твораў на гістарычную тэматыку мала. У рэлігійных адносінах народ расколаты. Каталікі толькі нядаўна перайшлі ў набажэнстве на беларускую мову. А праваслаўны клір працягвае русіфікацыю. Дваццаць гадоў біблейная камісія перакладае тэкст Бібліі на беларускую мову! І канца гэтай працы не бачна. Святыя Кірыла і Мяфодзій хутчэй стварылі пісьменнасць для непісьменнага народа і пераклалі з грэчаскай мовы не толькі Біблію, але і ўвесь корпус літургічных тэкстаў.
Застаюцца толькі музеі. Жывыя артэфакты, што сведчаць пра высокую культуру і слаўную гісторыю, пераконваюць нават глуханямых. Але нашы музеі бедныя. За стагоддзі каланіяльнай залежнасці Беларусь згубіла большасць сваёй архітэктурнай спадчыны і ўсе скарбы магнацкіх калекцый. А нашы продкі разумелі і цанілі сілу і каштоўнасць матэрыяльнага факта. Таму Радзівілы, Сапегі, Пацы, Хадкевічы, Агінскія ды іншыя збіралі і захоўвалі і гістарычныя дакументы, і партрэты продкаў, каралёў і вялікіх князёў, і старажытную зброю, і мастацкія творы сваіх і замежных мастакоў. Гэтыя зборы былі канфіскаваныя царскім урадам за ўдзелы ў паўстаннях альбо падараваныя самімі гаспадарамі ў Кракаў, падалей ад хцівага Пецярбурга. Апошняй была перададзена Варшаве пасля другой сусветнай вайны нясвіжская калекцыя партрэтаў. І толькі невялікая іх колькасць засталася ў Беларусі і стала экспанавацца пасля 1991 года.
Застаецца рэстытуцыя. Нельга, па вобразнаму выразу А. Лукашэнкі, ляцець на адным крыле. Самаідэнтыфікацыя не можа грунтавацца выключна на моўнай праблеме. Яе неабходна падмацаваць, падперці жывымі рэальнымі артэфактамі, сабраўшы іх са сховішчаў нашых суседзяў. Гэта нялёгкая задача. Толькі агульнымі намаганнямі грамадскасці і дзяржструктур яе можна вырашыць.
Як бы выйграла наша Нацыянальная бібліятэка, калі б Масква Мінску, а не Вільнюсу перадала Літоўскую метрыку! Ніводзін лінгвіст — ні расійскі, ні летувіскі — не дакажа, што сучасная летувіская мова паходзіць ад мовы Літоўскай метрыкі. Не дарма ж старажытныя гаварылі: "Чыя мова, таго і зямля". А тым больш твор, напісаны на гэтай мове.


 Разварот адной з кніг метрыкі  з запісамі за 1511-1518, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=116757

 Разварот адной з кніг метрыкі з запісамі за 1511-1518, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=116757


Таксама неабходна дамагацца вяртання Радзівілаўскага летапісу, упрыгожанага больш як 500-мі ілюстрацыямі. Ён быў захоплены пераможцамі ў Кёнігсбергу, куды яго завёз Багуслаў Радзівіл, уладальнік Слуцка, пасля “невядомай вайны (1654–1667 гг.), ажаніўшыся з прускай прынцэсай.


Усяслаў на стальцы, Радзівілаўскі летапіс, commons.wikimedia.org

Усяслаў на стальцы, Радзівілаўскі летапіс, commons.wikimedia.org

Бясспрэчна, што павінны быць вернуты з Санкт-Пецярбургу Архіў уніяцкіх мітрапалітаў, вывезены з Жыровічаў пасля ліквідацыі Уніі. Расіяне не вывучалі і ніколі не будуць яго вывучаць. Калі архіў не вярнуць, ён калі-небудзь загіне там ад паводкі ці пажару.
Беларусь — бліжэйшая саюзніца Расійскай федэрацыі. Будуе з ёй саюзную дзяржаву. Гэта і стварае рэальную падставу для выпраўлення гістарычнай несправядлівасці, у выніку якой бясцэнныя помнікі Беларусі апынуліся ў сховішчах саюзніцы.

Крыж Еўфрасінні Полацкай

Крыж Еўфрасінні Полацкай

Рэстытуцыя гучыць падобна да слова рэстаўрацыя. І блізкая ёй па сэнсу. Але калі пры рэстаўрацыі дапушчальна часам выкарыстоўваць сучасныя матэрыялы, каб захаваўшы вонкавы выгляд, прыстасаваць архітэктурны помнік для сучасных патрэбаў, то выраб копій, макетаў, муляжоў зніклых артэфактаў не з’яўляецца рэстытуцыяй і не замяняе яе. Так здарылася з копіяй крыжа Ефрасінні Полацкай. Новы крыж не замяніў і не мог замяніць зніклай святыні. Гэты новатвор можна называць крыжам мітрапаліта Філарэта, які прывёз з Палесціны для яго святыя рэліквіі. А пошукі сапраўднага крыжа святой Ефрасінні трэба настойліва працягваць. І шукаць яго найперш у скарбніцах Маскоўскага патрыярхату.