Беларусы замежжа адзначылі стагоддзе Мітрапаліта Мікалая
У Беларускім Грамадска-рэлігійным Цэнтры Таронта 28 мая адбылася Ганаровая Акадэмія з нагоды 100-годдзя Мітрапаліта Мікалая.
У прыбранай па-святочнаму залі Цэнтру сабраліся ўшанаваць памяць Уладыкі Мікалая тыя, хто яго ведаў як святара, як чалавека, хто разам з ім асабістым удзелам у грамадска-рэлігійным жыцці беларускіх асяродкаў дапамагаў Царкве, стаяў побач з Уладыкам Мікалаем у справе прасоўвання Беларушчыны ў замежжы і на Бацькаўшчыне.
Удзел ва ўрачыстасцях узялі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, група сябраў Атаўскага аддзелу Згуртавання Беларусаў Канады на чале са старшынём галоўнай управы аддзелу Пётрам Мурзёнкам. З антарыйскага горада Бэры — старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады доктар Руслан Качаткоў (сын Вольгі Іпатавай), Першаіерарх БАПЦ Архіепіскап Паўночна-Амерыканскі і Наваградскі Святаслаў, Старшыня галоўнай управы Згуртавання Беларусаў Канады Зміцер Эльяшэвіч, сябры ЗБК, парафіяне царквы Св. Кірылы Тураўскага.
Святочны дзень пачаўся з ранішняга набажэнства ў Царкве Св. Кірылы Тураўскага пад кіраўніцтвам Першаіерарха БАПЦ Архіепіскапа Святаслава з удзелам айца Яўгена і госця з Украіны епіскапа Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Уладзіміра, які прыбыў у Таронта з Кіева на запрашэнне кіраўніка БАПЦ адмыслова для ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды 100-годдзя Уладыкі Мікалая.
Ва ўступным слове кіраўнік ЗБК Зміцер Эльяшэвіч зазнaчыў, што беларусы аддаюць даніну пашаны чалавеку, які стаяў ля вытокаў рэлігійнага жыцця беларускай праваслаўнай грамады Канады. Духоўны айцец, асветнік, перакладчык — багата паспеў зрабіць Уладыка Мікалай за дзясяцігоддзі самаахвярнага служэння людзям і Богу. Гэтымі днямі і парафіяне і духавенства царквы аддаюць належнае свайму духоўнаму правадыру і айцу.
У сваім казанні пра служэнне Уладыкі Мікалая Царкве і людзям Архіепіскап Святаслаў узгадаў пра тыя выклікі лёсу, нябачныя нам воку выпрабаванні, што мусіў мужна прымаць і пераадольваць славуты юбіляр на сваім жыццёвым шляху. Наведваць беларускія асяродкі на трох кантынентах — Аўстраліі, Еўропе, Паўночнай Амерыцы, пералёты з усім неабходным для набажэнстваў адзеннем, рэгаліямі, іншымі рэчамі — гэта нават з фізічнага боку нялёгка. Уладыка Мікалай моўчкі пераўзмагаў ўсё тое, што замінала яму выконваць свае абавязкі, і мужна ішоў наперад у сваім ахвярным служэнні Царкве, людзям, Беларусі. І пры ўсім тым пакінуў наступным пакаленням беларусаў у спадчыну шмат напісанага, што, безумоўна, ёсць важкім духоўным здабыткам ўсёй Царквы і у агульным кантэксце — духоўным здабыткам усёй Беларускай Нацыі.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла адзначыла, што Уладыка Мікалай, мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, быў не толькі святаром, але і вялікім патрыётам і адданым беларусам. З ім яна з мужам Янкам пазнаёміліся, калі былі ўжо ў Канадзе. Адведваў ён іх у Атаве на Вадохрышча, свяціў іхні дом і ў іх начаваў. Тады яны мелі нагоду шмат пра што пагутарыць. Быў гэта чалавек лагодны, сціплы і працавіты. Ён верыў у Бога і ў людзей і ніколі не траціў надзеі. Уладыка быў моцна перакананы, што вера ў Беларусі мусіць быць беларускай, і таму моцна бараніў аўтакефалію.
Заснавальніца дызайнерскай кампаніі «Spirit of Belarus» (Дух Беларусі) пісьменніца, сябра Саюзу Беларускіх пісьменнікаў Ірына Варабей падзялілася асабістымі ўспамінамі і зачытала колькі момантаў са сваіх нататкаў для кнігі пра Уладыку: «Не хацелася б гаварыць пра яго высокамоўнымі словамі, апісваць, якім ён быў вялікім Мітрапалітам... Я не ведаю, якім ён быў Мітрапалітам. Ды мяне і не цікавіла гэта; я хіба да апошняга ягонага дня не ўсведамляла, які вялікі пост ён займае. Як мне, дык бліжэй ён быў як манах. Як чалавек, чыім пострыгам і абетам стала вера ў маю Беларусь. Святую, далёкую, як Бог, да канца мо і не спазнаную, але навек любімую. А калі некага па-сапраўднаму любіш – то яму й служыш. Гэтую ісціну я зразумела побач з ім… Думаю, гэта было сутнасцю ягонай місіі на гэтым свеце: спачатку ён сам, у душы, абетаваўся служэнню Беларусі — а потым, калі гэтага патрабавала служэнне, прыняў і святарства, і манаства. Думаю, і ягоныя крокі да мітрапалітства былі з адзінай гэтай думкай: «...дзеля Беларусі». І Беларусь называў святой».
Алесь Кот паінфармаваў прысутных, што заканчваецца шматгадовая праца над выданнем спадчыны Уладыкі Мікалая. Вынікам супрацоўніцтва Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва (ЗША), Факультэту паліталогіі ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай (Польшча), Інстытуту Славістыкі Польскай Акадэміі Навук сталася кніга «У малітве за Беларусь» у трох тамах, агульная колькасць старонак у якіх складае больш за дзве з паловаю тысячы. Укладальнік кнігі — вядомы беларускі і польскі даследчык Юрась Гарбінскі. На рэалізацыю названага праекту беларускімі рэлігійнымі інстытуцыямі, грамадскімі арганізацыямі і прыватнымі асобамі ЗША, Вялікае Брытаніі, Аўстраліі, Літвы і Канады былі сабраныя каля 20 000 долараў. Пры гэтым унёсак канадскіх беларусаў склаў 75% ад агульнай сумы.
Мітрапаліт Мікалай (1917-2002), праваслаўны святар, архіепіскап, першаіерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у эміграцыі (1983 — 2002гг.), удзельнік беларускага хрысціянскага руху, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа. У свецкім жыцці — Міхаіл Мацукевіч.
Нарадзіўся 21 мая 1917 года на хутары Суяцін Яршоўскага павета Самарскай губерніі. Паходзіў з праваслаўнай сям'і беларусаў-бежанцаў. У час Першай сусветнай вайны бацькі — Кандрат і Домна (з дому Дзямковічаў) Мацукевічы выехалі з роднай вёскі Моталь на Берасцейшчыне. У 1921 годзе, пасля смерці маці і сястры, вярнуўся разам з бацькам і двума братамі ў Беларусь. Скончыў пачатковую школу, вучыўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе. Служыў у польскім войску ў Берасці, дзе сустрэў Другую сусветную вайну.
Быў паранены. У лістападзе 1939 года вярнуўся дадому. Вучыўся на настаўніцкіх курсах у Берасці, пазней пераехаў у Пінск. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі «працаваў на ўласнай гаспадарцы». У красавіку 1944 года быў арыштаваны і вывезены ў Германію. Да лютага 1945 года знаходзіўся на работах — капаў акопы паміж гарадамі Кобленц і Бон. Вызвалены амерыканскімі войскамі.
Мітрапаліт Мікалай у Курапатах, 1992 г.
З 1945 года жыў у Вялікабрытаніі. Удзельнік Першага з'езда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (1947). Пасля 1949 года жыў у Лондане, дзе на працягу двух гадоў працаваў адміністратарам Беларускага дома. У жніўні 1951 года пераехаў у Канаду. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Калегіі св. Андрэя ў Вініпегу. Рукапаложаны ў сан іерэя ў 1952 годзе іерархам Украінскай грэка-праваслаўнай царквы мітрапалітам Іларыёнам. Арганізаваў прыход св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. Першую святую літургію адслужыў у кастрычніку 1954 года.
Адзін з арганізатараў беларускага праваслаўнага прыхода Святога Духа ў Дэтройце. У кафедральным саборы св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 02.10.1966 пастрыгся ў манахі і прыняў імя Мікалай, на наступны дзень узведзены архіепіскапам БАПЦ Сяргеем у сан ігумена і архімандрыта. Рукапаложаны ў сан епіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага 10.03.1968 у Аўстраліі. У маі 1983 года на надзвычайным саборы БАПЦ у Кліўлендзе абраны першаіерархам БАПЦ.
У лютым-сакавіку 1992 года наведаў Беларусь. Узначальваў Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Памёр 20 чэрвеня 2002 года ў Таронта.