Канада можа зняць гандлёвыя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі да канца года

Тэхнічна дзейсныя ў Канадзе гандлёвыя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі могуць быць адмененыя да канца года. Пра гэта заявіў пасол Канады ў Польшчы і па сумяшчальніцтве ў Беларусі Стывен дэ Бор.

canadian_flag_nowat.jpg

«На працягу многіх гадоў у дачыненні да Беларусі дзейнічалі гандлёвыя абмежаванні, і тэхнічна яна ўсё яшчэ знаходзіцца ў пераліку краін, для ажыццяўлення паставак у якія канадскім экспарцёрам неабходна атрымліваць дазвол ад уладаў сваёй краіны. Але гэта толькі тэхнічна, таму што цяпер ужо ёсць магчымасць развіваць гандлёвыя адносіны з Беларуссю, — сказаў дыпламат. — Тое, што ваша краіна тэхнічна ўсё яшчэ не выключана з названага пераліку, ніяк не звязана з Беларуссю».
Па словах Стывена дэ Бора, існуе пакет паправак да акта аб дазволах на экспарт і імпарт, якім рэгламентуецца названы пералік. І канадскі ўрад хоча правесці ўсе змены за адзін раз. Таму на практыцы пералік у дачыненні да Беларусі цяпер не ўжываецца, гандлёвыя абмежаванні знятыя, але чыста тэхнічна гэтага пакуль не адбылося. «Гэта справа часу. Магчыма, гэта здарыцца да канца года», — выказаў меркаванне пасол.
Ён адзначыў станоўчы факт, што тавараабарот паміж Беларуссю і Канадай па выніках 2016 узрос на 125% і склаў крыху менш за 100 млн канадскіх долараў. «Гэта азначае, што існуе велізарны патэнцыял, і мы вывучаем тыя сферы і напрамкі, па якіх маглі б выбудоўваць больш моцныя і плённыя адносіны з Беларуссю», — дадаў Стывен дэ Бор.
Паводле БелТА