Сусветныя эканамічныя арганізацыі чакаюць заканчэння інтэнсіўнай вайны ва Украіне напрыканцы 2025 года
У базавым сцэнары тэрміны заканчэння інтэнсіўных баявых дзеянняў ва Украіне застаюцца нязменнымі — канец 2025 года, гаворыцца ў новым мемарандуме Міжнароднага валютнага фонду. Такую ж ацэнку дае і Сусветны банк. Аднак ваенныя аналітыкі іх аптымізм не падзяляюць. Ідзе 1224-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 146 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 1 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 41 штурмавое дзеянне расіян ў раёнах Русіна Яра, Разіна, Новатарэцкага, Мірнага, Луча, Новасергіеўкі, Уладзіміраўкі, Міралюбаўкі, Мірнаграду, Лісоўкі, Удалага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 21 атаку ў раёнах Запарожжа, Перабудовы, Паддубнага, Фёдараўкі, Шаўчэнкі, Новаполю.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 19 разоў паблізу Белагораўкі, Студні, Новага свету, Рэдкадубу, Торскага, Альгоўкі і іншых.
На Паўночна–Слабажанскім (Курскім) кірунку УСУ адбілі 17 атак.
На Паўднёва–Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку расійцы 10 разоў спрабавалі прарваць абарончыя рубяжы ў раёне Ваўчанска, Зялёнага, Глыбокага і іншых.
Па шэсць атак на кожным было адбіта на Краматорскім і Тарэцкім кірунках. На Купянскім і Северскім кірунках УСУ адбілі па чатыры атакі расіян на кожным.
* * *
У ноч на 1 ліпеня Расія атакавала Украіну 52-мя ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 47 БПЛА. 14 збіта агнявымі сродкамі, 33 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.
Уначы 1 ліпеня быў атакаваны беспілотнікамі Сінельнікаўскі раён Днепрапятроўскай вобласці — трапілі па фермерскіх гаспадарках у Пакроўскай і Вялікаміхайлаўскай супольнасцях. Пашкоджаныя і знішчаныя аўто, сельгастэхніка. Людзі не пацярпелі.
Два чалавекі атрымалі раненні ў выніку расійскай атакі ў Полагаўскім раёне Запарожскай вобласці. Таксама расійскія войскі нанеслі чатыры ўдары па Запарожжы і Запарожскім раёне. У выніку абстрэлу загарэлася адно з мясцовых прадпрыемстваў, таксама пашкоджаныя прыватныя дамы.
Пад раніцу 1 ліпеня жыхары Саратава і Энгельса Саратаўскай вобласці РФ паведамілі аб выбухах і сірэне, прыпыніў працу аэрапорт Саратава. Таксама не працавалі аэрапорты Ульянаўска, Казані і Ніжнекамска (Татарстан).
Паблізу горада Энгельс размешчаны ваенны аэрадром «Энгельс-2», дзе базуюцца самалёты Ту-95МС і Ту-160 22-й цяжкай бамбардзіровачнай авіядывізіі Расіі.
У Ніжнекамску размешчаны адзін з найбуйнейшых расійскіх НПЗ «Танека» (Татарстанскі нафтаперапрацоўчы комплекс). Побач месціцца Елабуга, у якім збіраюць расійскія ўдарныя дроны тыпу «Шахед».
Гэтыя населеныя пункты знаходзяцца больш чым у тысячы кіламетраў ад мяжы з Украінай. Усе згаданыя аб'екты ўжо неаднаразова атакавалі беспілотнікі.
Таксама ў Расіі заявілі пра нібыта атаку беспілотнікаў на горад Іжэўск. Выбухі чулі каля электрамеханічнага завода «Купал», дзе расійцы вырабляюць ЗРК «Тор» і РЛС, а таксама ўдарныя БПЛА «Гарпія-А1» для войска РФ.
* * *

* * *
У Крамлі працягваюць публічна заяўляць аб тэрытарыяльных прэтэнзіях, якія выходзяць за межы ўжо акупаваных рэгіёнаў. Як адзначае Інстытут вывучэння вайны (ISW), гэтыя заявы сведчаць пра нязменную мэту Масквы — знішчыць ўкраінскую дзяржаву і скарыць ўкраінскі народ.
ISW звяртае ўвагу на нараду па пытаннях развіцця акупаваных Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, якую 30 чэрвеня правёў Пуцін. У яго ходзе Пуцін часта называў акупаваную тэрыторыю Украіны «Данбасам» і «Наваросіяй».
У той жа час спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў адрэагаваў на словы мэра Адэсы Генадзя Труханава пра тое, што Адэса мае ўласную гісторыю і не з'яўляецца «рускім» горадам. Пяскоў заявіў, што гісторыя горада «непарыўна звязаная» з Расіяй.
Памочнік Пуціна Уладзімір Мядзінскі паўтарыў тэзіс, што расійцы і ўкраінцы нібыта «адзін народ», а «старажытнарускія землі па абодва бакі Дняпра, Наваросія і Крым» нібыта складаюць «гістарычную радзіму» Расіі.
Яшчэ раней, 20 чэрвеня, на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме Пуцін наўпрост заявіў, што «Украіна належыць Расіі», узмацніўшы сігнал аб намерах анэксаваць больш украінскіх тэрыторый.
«Пуцін і іншыя крамлёўскія чыноўнікі ўвесь час адмаўляюць факт таго, што Украіна з'яўляецца незалежнай дзяржавай са сваёй гісторыяй, ідэнтычнасцю і культурай, асобнай ад Расіі. Пастаянная прыхільнасць расійскіх чыноўнікаў гэтым наратывам дэманструе нязменную мэту Крамля — знішчыць украінскую дзяржаву і скарыць украінскі народ», — адзначаюць у ISW.
* * *
Эксперты Міжнароднага валютнага фонду абнавілі прагноз працягласці вайны Расіі супраць Украіны. У базавым сцэнары тэрміны заканчэння інтэнсіўных баявых дзеянняў застаюцца нязменнымі — канец 2025 года, гаворыцца ў новым мемарандуме МВФ.
«Здагадкі аб ходзе вайны, якія ляжаць у аснове сцэнарыяў праграмы, застаюцца актуальнымі, бо мірныя перамовы пакуль не далі адчувальных вынікаў», — заявілі ў МВФ і дадалі, што гэта стварае рознанакіраваныя рызыкі па працягласці і інтэнсіўнасці канфлікту.
Таксама ў чэрвені Сусветны банк абнавіў прагноз, згодна з якім рост эканомікі Украіны павялічыцца з 2% у 2025 годзе да 5,2% у 2026 годзе. Паскарэнне росту ўлічвае чаканні Сусветнага банка, што расійскае ўварванне «працягнецца да канца 2025 года, пасля чаго актыўныя баявыя дзеянні пачнуць спадаць».
* * *
Расійская Федэрацыя павінна перайсці да трохбаковых перамоваў па завяршэнні вайны і спыніць цягнуць час, абстрэльваючы Украіну, заявіў спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны і Расіі Кіт Келаг.
Чыноўнік адрэагаваў на апошнія каментары прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова пра стан украіна-расійскіх перамоў. У панядзелак, 30 чэрвеня, спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ход перамоў паміж Украінай і Расіяй нібыта ў значнай ступені «вызначаецца пазіцыяй Кіева і эфектыўнасцю ЗША як пасярэдніка».
Кіт Келаг назваў гэтыя словы «скажэннем рэальнасці ў духу Оруэла» і заявіў, што заявы расійскага боку пра тое, што ЗША і Украіна зацягваюць мірныя перамовы, «не маюць падстаў». Ён нагадаў, што прэзідэнт Дональд Трамп «паслядоўна і настойліва выступае за дасягненне прагрэсу ў спыненні вайны».
«Мы заклікаем да неадкладнага спынення агню і пераходу да трохбаковых перамоваў для завяршэння вайны. Расія не можа працягваць цягнуць час, адначасова атакуючы грамадзянскія аб'екты ва Украіне», — падкрэсліў Келаг.
* * *
У Расіі ў шэрагу ключавых галін эканомікі назіраецца крызіс, але Масква спрабуе гэта схаваць, заявіла прэс-служба Службы знешняй выведкі Украіны.
Паводле інфармацыі СЗВ, крызісныя працэсы ў Расіі назіраюцца ў сферах вугальнай прамысловасці, нафтаперапрацоўкі, будаўніцтва, аўтапрамысловасці і лагістыкі — у галінах, якія фармуюць каля 17% даходу бюджэту РФ.
«У рэальным стане стагнацыі знаходзіцца 52% эканомікі. Перш за ўсё гэта тычыцца апрацоўчай сферы», — ацэньвае СЗВ.
Заява аб крызісе заснавана на тым, што больш за 40% расійскіх прадпрыемстваў маюць абавязацельствы, якія ў тры разы перавышаюць іх прыбытак. Пры гэтым абаротны капітал усё больш залежыць ад крэдытаў, а банкаўскае крэдытаванне — і занадта дарагое і фактычна недаступнае.
«З мэтай утойвання рэальных статыстычных дадзеных і недапушчэння панікі ў расійскім грамадстве адносна фінансавага стану, у РФ прынялі рашэнне аднесці інфармацыю аб эканоміцы і знешнім гандлі да звестак, якія складаюць дзяржаўную тямніцу», — дадалі ў СЗВ. Паводле звестак выведкі, каб супакоіць расійцаў, у адкрытым доступе будуць публікаваць толькі выбарачныя, выгадныя для ўлады паказчыкі.