«Блог Усяслава Чарадзея»: здзек над гісторыяй, ці…?

Калі вы думаеце, што беларуская літаратура — гэта толькі пра цяжкую долю селяніна і лірыку пра бярозкі, то гэтая кніга зменіць вашае ўяўленне. Яна — яскравы прыклад таго, як можна гаварыць пра мінулае сучаснай мовай, не губляючы глыбіні і інтэлектуальнай вагі. І, канешне, крышачку правакацый. Выдавецтва Gutenberg Publisher перавыдае «Блог Усяслава Чарадзея» Паўла Касцюкевіча.

kascjukevicz_cr.jpg

Хто такі Усяслаў Чарадзей?

Гісторыя «Блогу Усяслава Чарадзея», хто яе не памятае, вельмі цікавая. Спачатку ў сеціве сапраўды ўзнік дзённік Усяслава Чарадзея —на старонцы tut.budzma.org, дзе Чарадзей на сучаснай мовай дзяліўся з чытачамі тым, як гэта — быць у шкуры ваўка-пярэваратня і пры гэтым кіраваць сярэднявечным Полацкім княствам. Гэта быў эксперымент па папулярызацыі беларускай гісторыі і культуры ў межах праекту «БудзьмаTUT», ініцыяванага агульнанацыянальнай грамадзянскай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і парталам «TUT.BY».

Аднак нечакана эксперымент перайшоў усе свае межы, і потым ператварыўся ў кнігу, якую нельга чытаць аматарам (і прафесіяналам) беларускай гісторыі. Таму што аўтар блогу Павел Касцюкевіч раптам правакацыйна перавярнуў з ног на галаву ўсю легенду пра Усяслава Чарадзея.

Ці сапраўды полацкі князь меў здольнасць пераварочвацца ў воўка і швэндаць па княстве (не толькі сваім), раздаючы дабро налева і направа? Ці ўсё было наадварот, і гэта воўк-пярэварацень вымушаны быў «у часы зацьмення» (ці ў нашым выпадку — поўні) кіраваць сярэднявечным Полацкім княствам?

Блогу Чарадзей давярае ўласныя шляхетныя перажыванні, скардзіцца на недасканаласць і адсталасць сучаснага яму сярэднявечнага чалавечага грамадства, дзеліцца аб прагрэсіўных навінках ляснога мегаполісу, а таксама расказвае пра свае неймаверныя падарожжы ў часе і прасторы.

І больш за тое, — воўк-пярэварацень раптам аказваецца вегетарыянцам!

Пры гэтым Усяслаў Чарадзей (ці воўк?) здзяйсняе скачкі ў часе, перамяшчаючыся ў будучыню, дзе гутарыць рознымі гістарычнымі персанажамі — Машэравым ці Лі Харві Освальдам, Андрэем Грамыкам ці Жыгімонтам Аўгустам… І шмат з кім разважае пра рэальнасць Беларусі, яе будучыню і мінулае. 

anons2.png

Беларускае фэнтэзі, ці здзек над гісторыяй?

Кажуць, што «Блог Усяслава Чарадзея» — гэта гістарычная постмадэрністыка. Насамрэч, я б назваў гэта «фантасмагарычным фэнтэзі». Увогуле, кніга напісаная ў 2013-гм годзе, і таму Паўла Касцюкевіча можна назваць эксперыментатарам, правакатарам у добрым сэнсе слова, і ледзь не пачынальнікам жанру «фэнтэзі» ў сучаснай беларускай літаратуры — зусім не адбіраючы звання «першага» Яна Баршчэўскага з ягоным «Шляхціцам Завальнёй».

«Блог Усяслава Чарадзея» — гэта своеасаблівая інтэлектуальная гульня, насычаная адсылкамі да розных культурных пластоў, гумарам і, пры гэтым, рэфлексіяй на сучаснасць. Прынамсі, у час яго існавання — у 2012-м годзе, — шмат хто казаў пра «канец свету па календары Майя», і гэтым цемрашальствам Касцюкевіч таксама скарыстаўся. Прычым, скарыстаўся, каб паразважаць пра ролю для Беларусі Францыска Скарыны.

Чытаць гэты «Блог…» варта хоць бы таму, што кніга дазваляе нам па-новаму зірнуць на добра вядомыя падзеі і асобы. Постмадэрнізм у літаратуры — гэта заўсёды дыялог эпох, культураў, ідэй, але ў Касцюкевіча гэта і пераасэнсаванне з погляду «што было б, калі». Ён выдатна прымушае задумацца пра тое, што «ўсё можа быць не так, як на самай справе», і што не трэба рабіць ідалаў з нашай мінуўшчыны. Касцюкевіч запрашае да сумнення, пошуку ўласных ісцін, і гэта надзвычай важна для фармавання самасвядомай асобы.

І Тадэвуш Касцюшка, які з'ехаў у ЗША пасля няўдалага паўстання, становіцца нам больш зразумелым. Ён такі ж эмігрант, як і тыя, хто з'ехаў з краіны пасля 2020-га, пазбягаючы рэпрэсій…

akno_u_prozu_mockup_all_faces_01.jpg

Ці будуць слёзы па часах «ЖЖ»-шкі?

Важна адзначыць, што Касцюкевіч не проста пераносіць мінулае ў сучаснасць, і наадварот. Ён майстэрскі трансфармуе звыклую культуру 2012-2013 гадоў (час напісання рамана) у традыцыйныя беларускія коды, асэнсоўваючы і інтэрпрэтуючы сучасныя з'явы праз прызму беларускай міфалогіі, фальклору, гістарычных падзей. І гэта дазваляе ўбачыць, што гісторыя — гэта не далёкае і нуднае мінулае, а жывая інтэлектуальная прастора, дзе можна знайсці шмат чаго цікавага.

Цяпер «Блог Усяслава Чарадзея» варта перачытаць, перш за ўсё тым, каго ў час напісання гэтай кнігі і вядзення гэтага блогу называлі «хіпстарамі». Думаю, шмат хто з тых людзей, перачытваючы гэты твор, пусціць слязу па часах «жэжэшачкі», блогаў і форумаў, якія былі забітыя сацыяльнымі сеткамі, а потым канчаткова пахаваныя тэлеграм-каналамі.

Але кніга будзе цікавая не толькі настальгічнай частцы аўдыторыі. Кніга будзе цікавая тым, хто любіць постмадэрнісцкую літаратуру, цэніць складаныя наратывы, іронію і інтэлектуальныя загадкі. Касцюкевіч не баіцца іранізаваць над беларускімі міфамі і стэрэатыпамі, што дазваляе чытачу адкрыць для сябе новыя сэнсы і па-іншаму паглядзець на звыклыя рэчы. Гэтая іронія — як люстэрка, у якім мы бачым уласныя недахопы і гістарычныя памылкі, але робім гэта з лёгкай усмешкай, а не з трагічным уздыхам.

«Блог Усяслава Чарадзея» — гэта кніга для шырокага, але пры гэтым вытанчанага чытацкага кола. Яна адназначна спадабаецца тым, хто цэніць інтэлектуальныя гульні і не баяцца эксперыментаў. Людзі, якія цікавяцца беларускай гісторыяй і культурай, але жадаюць падысці да іх нестандартна, знойдуць у рамане шмат цікавага.

Па сутнасці, гэты твор для тых, хто не баіцца думаць, хто адкрыты да новых форм і нешаблонных поглядаў на свет. Гэта кніга для тых, хто хоча не проста прачытаць, а паглыбіцца, адчуць, паспрачацца і знайсці ўласныя сэнсы, як  ў гісторыі, так і ў сучаснасці.

Новае выданне «Блогу Усяслава Чарадзея» можна замовіць у Gutenberg Publisher.