Кніга Юрыя Іздрыка выйшла па-беларуску

 Выйшла новая кніга перакладаў Юрыя Іздрыка на беларускую мову — «Human Right». Вясной 2025 году аўтар атрымаў Шаўчэнкаўскую прэмію, найвышэйшую ва Украіне дзяржаўную ўзнагароду ў галіне культуры і мастацтва. Каб павіншаваць лаўрэата з маланкавай хуткасцю выдавецтвам Hochroth Minsk была выдадзеная зборка найлепшых вершаў паэта па-беларуску. Перакладчыкі — Алесь Плотка і Наталля Русецкая.

izdryk__1_.png

Алесь Плотка, перакладчык і ўкладальнік кнігі, распавёў: «Папярэдняя кніга Іздрыка па-беларуску, «Папяросы», даўно стала рарытэтам. Частка была вывезеная і адразу распрадалася, частка была рэпрэсаваная разам з іншымі кнігамі выдавецтва «Галіяфы». Ідэя новага выдання лунала ў паветры, але Шаўчэнкаўка стала добрай нагодай, каб праект завяршыць. Дзякуючы суперзладжанай працы ўсёй каманды цяпер мы маем не толькі кнігу Іздрыка, якую можна набыць, а не шукаць па сябрах, але і вельмі цікавае выданне, працу двух перакладчыкаў, біпалярную інтэрпрэтацыю аўтара па-беларуску».

Глядзіце таксама

Замовіць кнігу на сайце выдавецтва.

*****

Юры Іздрык (нар. 1962) — украінскі пісьменнік, мастак, музыкант, культуролаг. Выбітны прадстаўнік украінскага постмадэрнізму. Лаўрэат шэрагу прэмій, у тым ліку Нацыянальнай прэміі Украіны імя Тараса Шаўчэнкі (2025). Заснавальнік легендарнага літаратурнага часопіса «Четвер». Аўтар вядомых раманаў «Воццех» (1996) і «АМTM» (2004) і інш., а таксама вершаў, аднолькава папулярных як у онлайн публікацыях, так і ў кніжных выданнях. Творы перакладаліся на беларускую мову, асобнай кнігай выйшаў паэтычны зборнік «Папяросы» (2020).

Наталля Русецкая (нар. 1974) — паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца. Скончыла філалагічны факультэт БДУ (1996). Выдала паэтычныя зборнікі «Два бяссонні» (2004) і «Каштаны ў кішэнях» (2015), а таксама манаграфію «Сямейная муза. Паэзія Францішкі Уршулі Радзівіл» (2007). Жыве і працуе ў Любліне (Польшча).

Алесь Плотка — літаратар і музыка, франтмэн гурта Sož і праекта Baisan&Yasinski. Лаўрэат літаратурных прэмій, вершы перакладаліся на шэраг еўрапейскіх моваў. Аўтар трох кніг паэзіі і перакладчык шасці кніг са славянскіх моваў. Паслядоўны ўдзельнік беларуска-украінскага культурнага дыялогу і дэкаланіальнага наратыву.