Кніга Іздрыка «Папіроси» выйшла па-беларуску як музычны альбом
Кніга Юрыя Іздрыка «Папіроси» у перакладзе на беларускую мову выйшла ў аўдыё і відэа фармаце. Перакладзеная версія атрымала назву «Пятка беларуская».
Альбом – запіс жывой імправізацыі трыа з Мінска Buben Naruszewicz Baisan у Музеі Азгура. Пераклад кнігі зрабіў Алесь Baisan Плотка пад рэдакцыяй Макса Шчура і Святланы Курс. Увосень вершы з кнігі маюць з’явіцца на паперы ў гарадскім часопісе «Большой».
Каментуе перакладчык, – «Пераклад кнігі быў зроблены адразу пасля візіта на «Кніжны Арсенал». Прадуктыўнасці паспрыяў фармат кнігі арыгінала – яна выдадзеная ў форме пачака папіросаў, таму перакладаць зручна нават ў метро. І аўтар і рэдактар адобрылі пару інтэртэкстуальных выбрыкаў і жарцік, атрымаўся неблагі падарунак аўтару на дзень нараджэння».
Юрый Іздрык – украінскі празаік, паэт, культуролаг, у мінулым – галоўны
рэдактар часопісу «Четвер», адзін са стваральнікаў так званага
«станіслаўскага фенамену». Аўтар кніг прозы «Воццек& воццекургія», «Подвійний
Леон» і інш.; паэзіі «Ю», «AB OUT», «Календар Любові»; эсэ «Флешка» і «Флешка
2gb».
Алесь Baisan Плотка – паэт, аўтар кнігі «Байсан» і сімвала
«Вершніца». Пераклаў з украінскай кнігу Івана Сэмесюка «Прыгоды Павіяна», песнi
VV «Танцы» і Nocturnal Mortum «Срэбра Перуна» (для Gods Tower).
Удзельнік праектаў TerraKod і «Туфли Гну» з рэперам Сярогам. З
Бубенам і Нарушэвічам выдаў чатыры альбомы «лічбавай паэзіі».