ISW: Расійскія поспехі па-ранейшаму павольныя і нязграбныя, як і на працягу апошніх двух гадоў

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) ацэньвае захоп Сіверска: расійскія войскі 41 месяц штурмавалі 10 квадратных кіламетраў. А расійскія чыноўнікі, не чакаючы справаздачы па перамовах, ўжо гатовыя адрынуць «мірны план Трампа». Ідуць 1398-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: GettyImages

Фота: GettyImages

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне адбылося 223 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 снежня.

На Пакроўскім кірунку адбылося 57 баявых сутыкненняў у раёнах Шахава, Радзінскага, Сухецкага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 27 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Пляшчыеўкі, Клебан-Быка, Канстанцінаўкі, Русінага Яру.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 19 разоў у кірунках Дружалюбаўкі, Стаўкі, Навасергіеўкі, Каровінага Яру, Стэпавага, Вольгаўкі, Ліману, Дробышава.

На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны спынілі 17 атак арміі РФ у раёнах Аляксандраграду, Січнева, Сасноўкі, Прывольнага, Рыбнага, Першамайскага і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ адбілі 16 атак расіян ў раёнах Ваўчанску, Прыліпкі, Дварычанскага.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы 11 разоў спрабавалі прасунуцца ў раёне Гуляйполя.

* * *

Паводле даных праекта DeepState, расіяне акупавалі Звонаўку ў Данецкай вобласці. Таксама армія РФ прасунулася паблізу Свята-Пакроўскага, Пазена, Арэхава-Васілеўкі і ў Фёдараўцы.

* * *

Украінскі ваенны аглядальнік Канстанцін Машавец 21 снежня паведаміў, што расійскія войскі завяршылі захоп Сіверска, прасунуліся да вышынь на захад і паўночны захад ад Сіверска і дасягнулі мелавога кар'ера на захад ад Сіверска, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Машавец таксама паведаміў, што расійскія войскі дабіліся тактычных поспехаў на поўнач ад Свята-Пакроўскага і захапілі Фёдараўку і Васюкоўку на паўднёвы захад ад Сіверска.

Крэмль сцвярджаў, што расійскія войскі захапілі Сіверск 11 снежня, і з таго часу кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін і прадстаўнікі расійскага Мінабароны выкарыстоўваюць захоп горада для распаўсюджвання ілжывага сцвярджэння, што ўкраінскія лініі абароны руйнуюцца і што расійскія войскі здольныя неадкладна пагражаць Славянску.

ISW адзначае, што Сіверск займае плошчу каля 10 квадратных кіламетраў, а яго даваеннае насельніцтва складала каля 11 000 чалавек. Расійскім войскам для яго захопу спатрэбіўся 41 месяц.

Цяпер расійскім войскам трэба будзе прасунуцца на 30 кіламетраў ад Сіверска да Славянска і завяршыць захоп Лімана, перш чым яны змогуць пачаць наступ на сам Славянск.

«Крэмль перабольшвае непасрэдныя наступствы захопу Сіверска, спрабуючы ілжыва прадставіць расійскія войскі як тыя, што непасрэдна пагражаюць паўночнай частцы Крэпаснага пояса і адначасова здзяйсняюць значныя наступы па ўсім тэатры ваенных дзеянняў, так што лінія фронту вось-вось абрынецца. Расійскія поспехі па-ранейшаму павольныя і нязграбныя, як і на працягу апошніх двух гадоў», — пішуць эксперты ISW. 

* * *

Украінскія войскі нядаўна прасунуліся ў прыгранічнай зоне Белгарадскай вобласці і паблізу Пакроўска. Расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў кірунку Славянск-Ліман, у прыгранічных зонах Сумскай і Харкаўскай абласцей, а таксама паблізу Баравой і Сіверска, адзначае ISW. 

* * *

У ноч на 22 снежня расійская армія масіравана атакавала Адэскую вобласць беспілотнікамі. Праз атакі на Адэсу часова без электразабеспячэння засталася частка аднаго з раёнаў. Пацярпеў 30-гадовы мужчына, ён дастаўлены ў бальніцу з асколачнымі раненнямі ў стане сярэдняй цяжкасці.

У Расіі заявілі, што ў выніку атакі беспілотнікаў у пасёлку Вална на Кубані пашкоджаны два судны і два прычалы, на месцы прылёту ўзнік маштабны пажар — плошчай ад тысячы да паўтары тысячы квадратных метраў.

* * *

602311587_1219253490387727_1791338483010284094_n.jfif

* * *

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф падвёў вынікі перамоў па мірным пагадненні з украінскім і расійскім бакамі, еўрапейскімі партнёрамі. Ён высока ацаніў абодва бакі: і Украіну, і Расію.

Адносна сустрэчы з украінскай дэлегацыяй Уіткаф у сацсетцы Х адзначыў, што «Украіна застаецца цалкам адданай дасягненню справядлівага і ўстойлівага міру. Нашым агульным прыярытэтам з'яўляецца спыненне забойстваў, забеспячэнне гарантаванай бяспекі і стварэнне ўмоў для аднаўлення, стабільнасці і доўгатэрміновага працвітання Украіны. Мір павінен быць не толькі спыненнем ваенных дзеянняў, але і годнай асновай для стабільнай будучыні».

«Украіна высока цэніць лідарства і падтрымку Злучаных Штатаў, а таксама пастаянную цесную каардынацыю з партнёрамі на наступных этапах гэтай важнай працы», — дадаў ён.

Пры гэтым спецпасланнік Трампа адзначыў, што сустрэча праходзіла з удзелам «ключавых саветнікаў па нацыянальнай бяспецы еўрапейскіх краін».

У яшчэ адным допісе Уіткаф адзначыў, што спецпасланнік кіраўніка Расіі Кірыл Дзмітрыеў «правёў прадуктыўныя і канструктыўныя сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй для прасоўвання мірнага плана прэзідэнта Трампа па Украіне».

«Расія застаецца цалкам адданай дасягненню міру ва Украіне. Расія высока цэніць намаганні і падтрымку Злучаных Штатаў у ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту і аднаўленні глабальнай бяспекі», — напісаў Уіткаф. 

* * *

У Крамлі фактычна абверглі заяву Уіткафа і загадзя рыхтуюцца адхіліць мірны план ЗША, Украіны і Еўропы. Памочнік Пуціна Юрый Ушакоў заявіў, што скарэктаваны «мірны план Трампа» будзе «непрымальным», і Расіі «большасць прапаноў не падыдуць».

Ушакоў заявіў, што пасланнік Пуціна Кірыл Дзмітрыеў павінен будзе далажыць аб выніках перамоў прадстаўнікоў ЗША з Украінай і Еўропай.

«Мы гэта ўсё тут абмяркуем, паглядзім, што можа быць прынята, што нельга катэгарычна прыняць. Я думаю, што большасць прапаноў нам катэгарычна не падыдуць, таму што мы будзем прытрымлівацца таго, пра што мы казалі ў Анкорыджы і на іншых сустрэчах з амерыканскімі прадстаўнікамі», — заявіў Ушакоў.

Ушакоў таксама заявіў, што Украіна і Еўропа, маўляў, прапанавалі да плана ЗША (які распрацоўвалі расіяне) «даволі неканструктыўныя» праўкі. Дзмітрыеў, сказаў Ушакоў, «даложыць, перш за ўсё, Пуціну аб выніках сваіх перамоў. І пасля гэтага мы напрацуем сваю пазіцыю, з якой пойдзем далей — перш за ўсё, у кантактах з амерыканцамі».

* * *

Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм у каментары NBC News заклікаў Вашынгтон перайсці да значна больш жорсткай лініі ў дачыненні да Масквы, калі Крэмль адмовіцца ад мірнага ўрэгулявання вайны супраць Украіны.

Грэм канстатаваў, што цяперашнія дыпламатычныя намаганні не прыносяць вынікаў таму, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін працягвае ігнараваць прапановы аб спыненні баявых дзеянняў. Ён адзначыў, што ў выпадку чарговай адмовы Масквы ад мірнага пагаднення прэзідэнт ЗША Дональд Трамп павінен звярнуцца да больш радыкальных крокаў.

«Калі Пуцін скажа "не", нам трэба кардынальна змяніць план гульні, уключаючы перадачу ракет Tomahawk Украіне, каб яна магла паражаць заводы па вытворчасці ракет і дронаў у Расіі. Я б пайшоў ва-банк», — заявіў Ліндсі Грэм.

Сенатар прапанаваў падпісаць заканадаўчыя ініцыятывы аб увядзенні высокіх пошлін для краін, якія купляюць расійскую нафту, прызнаць Расію дзяржавай-спонсарам тэрарызму і ўзмацніць кантроль за танкерамі, што транспартуюць падсанкцыйную нафту РФ.

Грэм нават прапанаваў «адбіраць судны, якія перавозяць санкцыянаваную расійскую нафту, гэтак жа, як гэта робіцца ў Венесуэле».