Рашэнне аб спыненні паставак зброі Украіне выклікала маштабны скандал у ЗША
Пентагон, прыпыняючы пастаўкі зброі ва Украіне, «забыўся» папярэдзіць пра гэта іншыя дзяржаўныя ведамствы Штатаў. Таму гэтае рашэнне выклікала маштабны скандал у ЗША. А аналітыкі прагназуюць, што перапынкам у пастаўках зброі скарыстаецца Расія — як гэта было ў 2023-м годзе. Ідзе 1226-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 185 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 58 штурмаў расіян ў раёнах Папова Яру, Палтаўкі, Мірнага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Удалага, Котліна, Дачнага, Аляксееўкі і іншых.
На Паўднёва–Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку расійцы 25 разоў спрабавалі прарваць абарону Украіны каля Глыбокага, Зялёнага, Ваўчанска, Свірнавага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 19 атак у раёнах Запарожжа, Ялты, Мірнага, Шаўчэнкі.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 18 разоў паблізу Рэдкадубу, Торскага, Грэкаўкі, Рыгораўкі, Зялёнай Даліны, Ямпалаўкі, Студні і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 13 атак расійцаў. На Тарэцкім кірунку зафіксавана 11 атак паблізу Тарэцка, Дыліеўкі, Шчарбінаўкі, Пятроўкі, Русінага Яра. На Купянскім кірунку адбылося дзевяць атак арміі РФ.
* * *
Рашэнне ЗША прыпыніць перадачу Украіне боепрыпасаў, а менавіта крытычна важных ракет для сістэм СПА Patriot, можа мець цяжкія наступствы не толькі для фронту, але і для грамадзянскага насельніцтва, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Паўза ў пастаўках боепрыпасаў Украіне хутчэй за ўсё прымусіць УСУ дастаткова моцна эканоміць рэсурсы, а гэта аслабіць здольнасць абараняцца ад маштабных расійскіх паветраных атак.
Такі крок Пентагона, адзначаюць эксперты, рэзка кантрастуе з заяўленай мэтай амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа — нібыта паменшыць колькасць ахвяр сярод украінскага грамадзянскага насельніцтва.
Аналітыкі падкрэсліваюць: ключавой рызыкай застаецца паслабленне СПА Украіны. Затрымкі або скарачэнне паставак могуць наўпрост прывесці да росту колькасці ахвяр сярод грамадзянскіх.
ISW таксама паказвае, што падобныя рашэнні ўжо мелі драматычны эфект на сітуацыю на фронце раней. Часовая спыненне вайсковай дапамогі ЗША ў 2023 годзе дало Расіі магчымасць прасунуцца на некаторых кірунках. Новая затрымка таксама можа паскорыць расійскія поспехі на полі бою.
Асабліва небяспечным наступствам у ISW лічаць тое, што такія паўзы ўмацоўваюць уяўленне Пуціна ў так званай «тэорыі перамогі» — перакананне, што Захад урэшце стоміцца, спыніць падтрымку, і Украіна не зможа супрацьстаяць расійскім наступальным дзеянням.
* * *
У ноч на 3 ліпеня Расія атакавала Украіну 52-ма ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 40 БПЛА: 22 збіта агнявымі сродкамі, 18 лакацыйна страчана/задушана РЭБ.
У ноч на 3 ліпеня ў Адэсе на фоне пагрозы варожых беспілотнікаў прагрымелі выбухі. Пашкоджаны 9-павярховы дом, 50 чалавек эвакуявалі, пяць чалавек пацярпелі, сярод іх — двое дзяцей.
У Палтаве раніцай 3 ліпеня былі чутныя гукі выбуху. У паветраных сілах УСУ папярэдзілі пра атаку дронаў на абласны цэнтр.
Расійскія ўлады паведамілі пра атаку беспілотнікаў на чатыры вобласці, у прыватнасці, выбухі чулі ў гарадах Ліпецк і Ялец Ліпецкай вобласці – у першым размешчаны ваенны аэрадром, у другім – завод акумулятараў.
* * *

* * *
Як піша The Wall Street Journal, крыніцы ў Белым доме і Кангрэсе распавялі, што ў Польшчы на момант прыпынення паставак зброі Украіне знаходзіліся «больш за два дзясяткі ракет Patriot PAC-3, больш за два дзясяткі сістэм супрацьпаветранай абароны Stinger, ракет паветра-зямля Hellfire і больш за 90 ракет паветра-паветра AIM».
Віцэ-прэм'ер-міністр, міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш выказаў шкадаванне з нагоды таго, што ЗША прыпынілі прадастаўленне Украіне боепрыпасаў і ракет. З ягоных слоў, гэтая пастанова не з'яўляецца для Польшчы «добрай інфармацыяй». Ён таксама заявіў пра неабходнасць «з усёй рашучасцю падтрымліваць Украіну, што ў інтарэсах Польшчы і Еўропы».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна высвятляе са Злучанымі Штатамі Амерыкі дэталі па пастаўцы абароннай падтрымкі. «Цяпер на працоўных узроўнях паміж Украінай і Злучанымі Штатамі высвятляюць усе дэталі па пастаўцы абароннай падтрымкі, у тым ліку кампанента СПА», — сказаў Зяленскі.
* * *
Міністэрства абароны ЗША пераглядае пастаўкі зброі саюзнікам па ўсім свеце, паколькі расце турбта з нагоды скарачэння запасаў важных боепрыпасаў, у прыватнасці зенітных ракет, у саміх Штатах, заявіў прадстаўнік Пентагона Шон Парнэл.
Паводле яго, працягваецца перагляд экспарту амерыканскай зброі, і гэта можа паўплываць на іншыя краіны, на толькі на Украіну. «Праводзіцца агляд магчымасцяў, каб забяспечыць адпаведнасць ваеннай дапамогі ЗША нашым абаронным прыярытэтам, і мы не будзем прадастаўляць ніякай абноўленай інфармацыі адносна канкрэтных колькасцяў або тыпаў боепрыпасаў, якія пастаўляюцца Украіне, або тэрмінаў, звязаных з гэтымі пастаўкамі», — сказаў Парнэл.
Прадстаўнік Пентагона падкрэсліў, што абароннае ведамства разглядае гэта як «прагматычны крок, заснаваны на здаровым сэнсе». «Мы хочам дакладна вызначыць гэты апошні пункт. Хай будзе вядома, што нашы вайскоўцы маюць усё неабходнае для выканання любой місіі дзе заўгодна, калі заўгодна і ва ўсім свеце», — падкрэсліў Парнэл.
* * *
Дзяржаўны дэпартамент ЗША недатычны да любых рашэнняў па пастаўках ваеннай дапамогі ва Украіну, заявіла прэс-сакратарка Дзярждэпу Тэмі Брус падчас прэс-брыфінгу.
У адказ на просьбу пракаментаваць, якую ролю адыгрывае Дзярждэп у сітуацыі вакол прыпынення вайсковай дапамогі Украіне, Брус адказала, што галоўным кірункам працы Дзярждэпу з'яўляецца дыпламатыя.
«Мы не прымаем рашэнняў па пастаўках зброі або кіравання імі», — заявіла яна і параіла звяртацца па тлумачэнні ў Міністэрства абароны.
У той жа час прэс-сакратар падкрэсліла, што прыярытэт прэзідэнта Трампа — «завяршыць вайну паміж Расіяй і Украінай шляхам трывалага ўрэгулявання шляхам перамоваў і неадкладнага спынення агню ў пачатку».
* * *
Рашэнне Пентагона прыпыніць пастаўкі зброі Украіне стала нечаканасцю нават для тых у ЗША, хто звычайна добра інфармаваны па такіх пытаннях, уключаючы членаў Кангрэса і прадстаўнікоў Дзярждэпартамента, піша Politico.
Паводле інфармацыі выдання, рашэнне аб прыпыненні паставак прыняў кіраўнік палітычнага аддзела Пентагона Элбрыдж Колбі і невялікае кола дарадцаў праз боязь, што запасы пэўных відаў зброі ў ЗША вычэрпваюцца. Разам з тым, нават хаўруснікі прэзідэнта Дональда Трампа былі расчараваныя гэтым крокам. Яны абвінавацілі такіх чыноўнікаў, як Колбі, у прасоўванні гэтага рашэння, не паведамляючы пра гэта астатняй адміністрацыі.
«Я думаю, што ўсё гэта зрабіў дырэктар па пытаннях палітыкі Міністэрства абароны, Колбі. У нас фактычна няма дарадцы ў пытаннях нацыянальнай бяспекі. Я нават не ўпэўнены, што з гэтай нагоды кансультаваліся з (дзяржсакратаром Марка) Рубіё... У Белым доме ёсць унутраныя рознагалоссі», — сказаў кангрэсмен Майкл МакКол.
Адзін амерыканскі чыноўнік заявіў, што рашэнне Пентагона было нескаардынаваным і стала нечаканасцю для Дзярждэпартамента. Двое іншых амерыканскіх чыноўнікаў заявілі, што кіраўніцтва Пентагона не звярталася па кансультацыю ў Дзярждэп, амбасаду ЗША ў Кіеве або каманду спецпрадстаўніка па Украіне Кіта Келага перад тым, як адклікаць партыю крытычна важнай зброі, якая ўжо была на тэрыторыі Польшчы.
Некаторыя прадстаўнікі Аб'яднанага штаба таксама выступілі супраць прыпынення паставак.
* * *
Кангрэсмен ад Рэспубліканскай партыі ЗША Браян Фіцпатрык пасля навін аб прыпыненні вайсковай дапамогі Украіне адправіў прэзідэнту Дональду Трампу ліст з патрабаваннем правесці тэрміновы брыфінг.
Фіцпатрык напісаў, што навіна аб прыпыненні вайсковай дапамогі Украіне выклікалі ў яго «сур'ёзную занепакоенасць». Кангрэсмен адзначыў, што навіна прагучала на фоне ўзмацнення расійскіх паветраных нападаў на Украіну.
У той жа час, са слоў Фіцпатрыка, Узброеныя Сілы Украіны абараняюць не толькі радзіму, але і «трымаюць перадавую свабоды». ЗША, сказаў кангрэсмен, пакліканыя адстойваць мір праз сілу.
«Я афіцыйна запытаў экстраны брыфінг ад Белага дома і Міністэрства абароны для тлумачэння гэтых паведамленняў, перагляду запасаў зброі і боепрыпасаў нашай краіны і забеспячэння таго, каб Злучаныя Штаты заставаліся цалкам адданымі забеспячэнню Украіны рэсурсамі, якія ёй тэрмінова патрэбныя для абароны свайго народа», — напісаў кангрэсмен у сацсетцы Х.
* * *
Кіраўніца дыпламатычнай службы ЕС Кая Калас падчас 13-га стратэгічнага дыялогу паміж Еўрапейскім Саюзам і Кітаем заявіла, што падтрымка Расіі ў вайне супраць Украіны з боку кітайскіх кампаній уяўляе сур'ёзную пагрозу для еўрапейскай бяспекі.
Яна заклікала Кітай неадкладна спыніць любую матэрыяльную падтрымку на карысць ВПК Расіі, і звярнулася да кіраўніка МЗС Кітая Ван І з заклікам падтрымаць поўнае і безумоўнае спыненне агню і справядлівы і працяглы мір ва Украіне на аснове поўнай павагі Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.