ЗША прыпыняюць пастаўкі зброі Украіне. Іх месца займае Еўропа

ЗША ў выніку сваіх дзеянняў усё больш страчваюць аўтарытэт і ўплыў на працэсы ў свеце. Але святое месца не бывае пустое, і на іх месца прыходзіць Еўропа. На фоне бездапаможнасці Трампа па спыненні вайны ва Украіне Эмануэль Макрон упершыню за тры гады пазваніў Пуціну. Ідзе 1225-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 171 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 ліпеня.

Па-ранейшаму самым напружаным застаецца Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны спынілі 49 атак расіян ў раёнах Мірнага, Папова Яру, Копцева, Лісоўкі, Новасергіеўкі, Мураўкі, Арэхавага і Аляксееўкі.

На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 28 штурмаў у раёнах Перабудовы, Паддубнага, Вясёлага, Шаўчэнка і Новаполю.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 19 боесутыкненняў.  

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 18 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Капанкі, Новага свету, Зялёнай Даліны, Нававоднага, Грэкаўкі, Рэдкадубу, Мірнага і ў бок Серабранкі.

За мінулыя суткі расіяне 16 разоў атакавалі на Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку, у раёнах Ваўчанска, Зялёнага, Каменкі, Глыбокага.

На Купянскім і Северскім кірунках зафіксавана па восем атак расіян на кожным.

* * *

Камандаванне арміі РФ навучае асабовы склад штурмам на матацыклах, аднак эфектыўнасць гэтай тактыкі ў наступальных аперацыях ва Украіне выклікае сумневы, пішуць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Паведамляецца, што міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў даручыў камандуючаму Сухапутнымі войскамі Андрэю Мардвічову забяспечыць Новасібірскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча матацыкламі і ўсюдыходамі (ATV) для падрыхтоўкі курсантаў у адпаведнасці з сучаснымі тактычнымі патрабаваннямі. Намеснік міністра абароны РФ Юнус-Бек Еўкураў паведаміў, што палігон у Краснадарскім краі абсталяваны сучасным аўтадромам для матацыклаў, усюдыходаў і квадрацыклаў. Паводле яго слоў, Расія мадэрнізавала больш за 200 навучальных цэнтраў з улікам тактыкі, якую цяпер яна ужывае на тэрыторыі Украіны.

Генерал-палкоўнік Мардвічоў упершыню пачаў ужываць матацыклы і ўсюдыходы ў канцы 2024 года на Пакроўскім кірунку для падтрымкі наступальных дзеянняў. Па стане на чэрвень 2025 года расійская групоўка ў гэтым раёне распрацавала фармалізаваныя нормы прымянення матацыклаў, і цяпер камандаванне спрабуе распаўсюдзіць іх на іншыя ўчасткі фронту.

Цяпер большасць матацыклаў вайскоўцы атрымліваюць ад валанцёраў або закупляюць за свой кошт. Мардвічоў плануе ўвесці цэнтралізаваныя пастаўкі матацыклаў праз Мінабароны і стварыць адпаведны тэхнічны рэзерв. Паводле расійскіх Telegram-каналаў, у 2024 годзе Расія закупіла больш за 40 тысяч матацыклаў кітайскай вытворчасці, з якіх 20 тысяч ужо перададзеныя вайсковым падраздзяленням. Таксама Мінабароны РФ плануе да канца 2025 года набыць яшчэ 120 тысяч матацыклаў, 30 тысяч усюдыходаў і 12 тысяч багі.

Але ў расійскіх крыніцах працягваюць гучаць сумневы адносна тактыкі выкарыстання матацыклаў у войсках. Адзін з расійскіх вайсковых блогераў, які раней быў інструктарам «Шторм Z», раскрытыкаваў уразлівасць матацыклаў і ўсюдыходаў да ўдараў украінскіх FPV-дронаў. Паводле яго, выкарыстанне матацыклаў у штурмавых дзеяннях прыводзіць да росту загінулых у суадносінах да параненых. 

Эксперты ISW прызналі, што прымяненне матацыклаў дазволіла РФ некалькі павысіць мабільнасць войска, а таксама пазбягаць паразы ўкраінскімі дронамі на лініі баявога судакранання. «У той жа час, тэмпы прасоўвання застаюцца нізкімі, і нават укараненне высокахуткаснай тэхнікі, не дазволіла расійскім войскам перайсці да больш дынамічнага наступу», — канстатуюць у ISW.

* * *

У ноч на 2 ліпеня Расія атакавала Украіну 4 зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300 і 114-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай знішчана 79 БПЛА: 40 збіта агнявымі сродкамі, 39 лакацыйна страчана/задушана РЭБ.

У ноч на 2 ліпеня ў Харкаве на фоне пагрозы расійскіх беспілотнікаў прагрымеў выбух, узнік пажар. Пад ударам быў Новабаварскі раён, дзе пацярпеў аднапавярховы нежылы будынак і боксы СТА. Пацярпелых няма.

Расія атакавала беспілотнікамі Днепрапятроўскую вобласць — пашкодзілі прыватнае прадпрыемства ў Крывым Рогу і фермерскую гаспадарку ў Самараўскім раёне; адзін чалавек паранены.

Расійскае войска абстраляла лякарню ў Херсоне, у выніку чаго пацярпелі 8 чалавек: пяць пацыентаў і тры медыцынскія сёстры. Таксама адзін чалавек атрымаў раненні ў выніку абстрэлу Карабельнага раёна Херсона. Пацярпелы атрымаў выбуховую траўму і пералом косткі рукі, яго шпіталізавалі.

У ноч на 2 ліпеня Расія нанесла ўдар па Вілкаўскай тэрытарыяльнай абшчыне Ізмаільскага раёна Адэскай вобласці. Пад агонь трапілі аб'екты прыпартовай і турыстычнай інфраструктуры, пацярпелых няма.

Беспілотнікі Украіны ўразілі нафтаперапрацоўчы завод «Саратаўоргсінтэз» у Саратаўскай вобласці РФ. Пашкоджаны тэхналагічныя ўстаноўкі, узнік пажар. «Магутнасці гэтага НПЗ выкарыстоўваюцца расійцамі для забеспячэння ГЗМ вайсковых падраздзяленняў РФ, якія задзейнічаныя ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ГУР Украіны.

* * *

515022224_1081367484176329_6810843237827750141_n.jpg

* * *

Пентагон прыпыніў пастаўкі ва Украіну многіх тыпаў ракет. Сярод іх сродкі як для СПА, так і для фронту, паведамляе NBC News. Са слоў крыніц выдання, узбраенне, пастаўкі якога прыпыненыя, уключаюць:

  • дзясяткі ракет-перахопнікаў Patriot;
  • тысячы 155-мм аскепкава-фугасных снарадаў для гаўбіц;
  • больш за 100 ракет Hellfire;
  • больш за 250 высокадакладных ракет GMLRS;
  • дзясяткі ракет класа «зямля-паветра» Stinger, ракет AIM класа «паветра-паветра» і гранатамётаў.

«Некаторыя пастаўкі ўжо знаходзяцца ў рэгіёне, але былі спыненыя перад перадачай Украіне», — заявілі крыніцы.

Намесніца прэс-сакратара Белага дома Ганна Кэлі пацвердзіла прыпыненне. «Гэта рашэнне было прынята, каб паставіць інтарэсы Амерыкі на першае месца пасля праверкі Міністэрствам абароны ваеннай падтрымкі і дапамогі нашай краіны іншым краінам па ўсім свеце. Сіла ўзброеных сіл Злучаных Штатаў застаецца бясспрэчнай — проста спытайце Іран», — сказала яна.

Як піша NBC, загад аб прыпыненні паставак ва Украіну ракет і боепрыпасаў аддаў кіраўнік Пентагона Піт Хегсет. Хегсет аддаў распараджэнне аб адтэрміноўцы праз некалькі тыдняў пасля таго, як апублікаваў мемарандум з патрабаваннем правесці праверку запасаў боепрыпасаў ЗША, якія былі вычарпаныя пасля многіх гадоў паставак Амерыкай зброі ва Украіну, а таксама амаль двух гадоў ваенных аперацый на Блізкім Усходзе.

Па словах двух чыноўнікаў Пентагона і двух прадстаўнікоў Кангрэса, пастаўкі боепрыпасаў і іншай зброі могуць быць прыпыненыя да завяршэння ацэнкі, а калі боепрыпасаў не хапае ці яны неабходныя ў іншых частках свету, іх можна будзе затрымаць яшчэ даўжэй.

* * *

Урад Швецыі выдзеліць каля 1,7 млрд шведскіх крон (каля 176 млн долараў ЗША) на гуманітарную падтрымку Украіны, паведамляе сайт урада Швецыі.

Адзначаецца, што ўрад вырашыў пераразмеркаваць сродкі на 2025 год як у межах геаграфічнай, так і тэматычнай дапамогі. Рашэнне звязана з прыпыненнем ЗША часткі сваёй дапамогі. «Мы вызваляем 1,67 мільярда крон на падтрымку Украіны і жыццёва неабходную гуманітарную дапамогу па ўсім свеце. Швецыя не зможа цалкам кампенсаваць скарачэнне з боку ЗША, але мы абавязаны зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы Украіне і ратаваць жыцці», — заявіў міністр па пытаннях міжнароднай дапамогі і знешняга гандлю Швецыі Бенджамін Дуса.

Ён адзначыў, што дапамога Украіне і краінам рэгіёну «мае экзістэнцыяльнае значэнне для ўсёй Еўропы» і падкрэсліў, што Украіна з'яўляецца найвышэйшым прыярытэтам для Швецыі як у сферы міжнароднай дапамогі, так і ў знешняй палітыцы.

«Каб супрацьстаяць Расіі, якая не вагаецца абстрэльваць дзіцячыя пляцоўкі, бальніцы, школы і жылыя дамы, неабходна ўзмацніць падтрымку. Украіна змагаецца не толькі за сваю свабоду, але і за свабоду ўсёй Еўропы», — заявіў Дуса.

* * *

Германія абмяркоўвае пастаўкі ракет Taurus для патрэб Сіл абароны Украіны, аднак пакуль працэс перадачы гэтай зброі не запушчаны, паведаміў канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц у інтэрв'ю Tagesschau.

Фрыдрых Мерц адзначыў, што сістэма навучання выкарыстанню гэтага тыпу ракет «вельмі складаная» і ўдакладніў, што вайскоўцам для гэтага неабходныя шэсць месяцаў. Мерц сказаў, што абмяркоўваў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў выкарыстанню Taurus, але дадаў, што «мы яшчэ не пачыналі гэты працэс», і што «гэта застаецца варыянтам».

Канцлер падкрэсліў, што Германія не будзе публічна абмяркоўваць, якія менавіта віды ўзбраенняў пастаўляе і што робіць для вайсковай падтрымкі Украіны. «Я хачу, каб у Пуціна заставалася пэўная нявызначанасць датычна нашых дзеянняў. Адно толькі з'яўляецца пэўным, і я яшчэ раз паўтару гэта тут: Германія не стане бокам у вайне», — заявіў Мерц.

* * *

Урад Германіі падпісаў першы кантракт аб фінансаванні ваеннай вытворчасці ў Украіне — гаворка ідзе пра дальнабойныя дроны, якія ўжо былі выкарыстаныя для паразы мэтаў у Расіі, піша Welt.

Па інфармацыі Welt, Германія прафінансавала вытворчасць больш за 500 БПЛА тыпу Антонаў-196 (Ан-196), якія маюць далёкасць палёту 1200 кіламетраў і нясуць выбухоўку вагой каля 50 кг. Беспілотнікі будуць гатовыя да выкарыстання ўжо ў бліжэйшыя месяцы.

У Мінабароны Германіі пацвердзілі, што Берлін узяў на сябе «фінансаванне вытворчасці дальнабойнай зброі ва Украіне», але не ўдакладніў ні тыпу зброі, ні тэрмінаў або аб'ёмаў фінансавання. Фінансаванне дазволіць «у кароткі тэрмін даць краіне, якая падверглася нападу, сістэмы ўзбраення, якімі ўкраінская армія ўжо авалодала», дадалі ў нямецкім Мінабароны.

* * *

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у першай за амаль тры гады размове з Уладзімірам Пуціным заклікаў да хутчэйшага спынення агню паміж Украінай і Расіяй, паведаміў Елісейскі палац па выніках размовы.

У Макрона заявілі, што ў размове з Пуціным ён «падкрэсліў нязменную падтрымку Францыяй суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны», і заклікаў да «хутчэйшага ўсталявання перамір'я і пачатку перамоваў паміж Украінай і Расіяй для дасягнення трывалага і доўгатэрміновага ўрэгулявання канфлікту».