Памёр беларускі пісьменнік і журналіст Эрнест Ялугін

Эрнесту Ялугіну было 85 гадоў. Пра яго смерць паведамляюць былы старшыня «Таварыства беларускай мовы» Алег Трусаў і пісьменнік і грамадскі актывіст Ілля Копыл.

Пісьменнік Эрнест Ялугін на сустрэчы са сваімі чытачамі. Фота: dubrovno.by

Пісьменнік Эрнест Ялугін на сустрэчы са сваімі чытачамі. Фота: dubrovno.by


Эрнест Ялугін — беларускі празаік, публіцыст, журналіст. Нарадзіўся 19 лістапада 1936 года ў вёсцы Асінаўка Дубровенскага раёна. Сябра «Саюза пісьменнікаў Беларусі» (1972) і «Саюза журналістаў Беларусі» (1958).
Працаваў у крычаўскай, мсціслаўскай раённых газетах, салігорскай шматтыражнай газеце «За коммунистический труд», адкуль быў пераведзены літаратурным супрацоўнікам у рэдакцыю газеты «Знамя юности». Пасля перайшоў у рэдакцыю «Сельской газеты», дзе працаваў раз'язным карэспандэнтам (1966–1969).
З 1969 года працаваў карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1972–1976 гадах — на творчай працы. З 1976 года — літаратурны супрацоўнік аддзела прозы, загадчык аддзела крытыкі і мастацтва, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара ў часопісе «Нёман». У 1991–1997 гадах — галоўны рэдактар штотыднёвіка «Наша слова».
Эрнест Ялугін — аўтар нарысаў пра дзеячаў беларускай літаратуры і навукоўцаў: Васіля Быкава, Аляксандра Міронава, Адама Мальдзіса, Міколы Улашчыка; дакументальнай аповесці пра жыццё і дзейнасць Цішкі Гартнага «Без эпітафіі», пра аднаго з першадрукароў Пятра Мсціслаўца («Мсціслаўцаў посах»), сцэнараў дакументальных фільмаў «Мсціслаў: звенні часу», «Без эпітафіі», зборніка нарысаў «Салёная планета».
Пісаў аповесці, раманы на гістарычную і сучасную тэматыку: «Камяні Млечнага шляху», «Апошні князь», «Астравы», «Год-другі ў Алжыры», «Свечкі на Дзяды» (1991), «Ідзі і кажы» (2006), «А потым — рай» (2008).
Імем Эрнеста Ялугіна названая адна з вуліц у яго роднай вёсцы Асінаўка.