Анатоль Вярцінскі. Высокае неба ідэала

У той час, як многія яго равеснікі і маладзейшыя спрытнякі рваліся з толькі што спечанымі, а то і недапечанымі вершыкамі на старонкі друку, Анатоль Вярцінскі не спяшаўся паказвацца са сваімі творамі на чытацкія вочы. Гэты артыкул быў напісаны Кастусём Цвіркам да 85-годдзя паэта Анатоля Вярцінскага.

Фота В.Дубоўскага

Фота В.Дубоўскага

Было яму ўжо за трыццаць, калі ён пусціў у людзі свой першы паэтычны зборнік — «Песню пра хлеб». Зборнік невялічкі, але ўсе ўбачылі, што ў беларускую літаратуру прыйшоў паэт з Божай ласкі.

Кружыцца ў скверы кляновае лісце,

Як быццам шукае яно сабе выйсце…

Такімі простымі словамі пачынае А. Вярцінскі сваю паэму, якая дала назву ўсяму зборніку. Гэтае ўбачанае ў горадзе пазалочанае восенню кляновае лісце адразу павяло паэта ў свет яго маленства, у родную вёску на Лепельшчыне, дзе здавён у сялянскай печы хлеб выпякаўся не ў адмысловых формах, а проста на лапушных кляновых лістах, збіраць якія было прыемным абавязкам дзяцей…

Услед за першай кніжкай пайшлі ў паэта адна за адной новыя: «Тры цішыні», «Чалавечы знак», «З’яўленне», «Час першых зорак», «Ветрана», «Святло зямное», «Высокае неба ідэала»… Распісаўся А. Вярцінскі. Распісаўся, бо не мог не пісаць: вельмі ж блізка да сэрца прымаў ён усё, што рабілася ў краіне — спярша ў «Краіне Саветаў», а потым у «незалежнай» Беларусі.

Як сапраўдны рыцар, з адкрытым забралам ішоў ён у бой за сваю Бацькаўшчыну, за яе праўдзівую, а не паказную волю, за праўду і справядлівасць. «Поезд справядлівасці» — назваў ён і адзін з вершаў, прысвечаны гонару нацыі Васілю Быкаву, на якога абрынулася была за праўду ўся «каралеўская раць» савецкіх ідэалагічных цэрбераў. Паэта вельмі непакоіла, што надта марудна ідзе гэты поезд. Ды не ідзе — «паўзе чарапахаю», увесь час спазняючыся «то на паўмінуты, то на паўстагоддзе»:

Я стаю на станцыі, я білет трымаю.

Семафор зялёны насцеж адкрываю.

Я з тых пасажыраў, хто ў асаблівасці

чакае той поезд,

поезд справядлівасці.

Хто ім проста трызніць,

для каго ён — шчасце,

Хто сябе гатовы

шпалаю пакласці

пад поезд жаданы —

абы толькі йшоў ён,

абы явай быў ён…

Вершы такога грамадскага гучання пераважаюць у кнігах А. Вярцінскага. Адметная іх асаблівасць: каб выказацца пра нейкую падзею ў сваёй краіне, паэт часта ідзе шукаць аналогію ў сусветнай гісторыі.

Многія помняць, як закаранелыя крамлёўскія артадоксы спіхнулі з высокага седала непрадказальнага «Мікіту-кукурузніка» і ўзнеслі на трон новага Ільіча, вельмі адыёзную асобу, паклаўшы гэтым канец адноснай «хрушчоўскай адлізе». Прама выказацца ў падцэнзурным друку пра гэты «дворцовый переворот» не было магчымасці. Але каб адгукнуцца на яго, А. Вярцінскі бярэ аналагічны прыклад з гісторыі Францыі, калі Вялікая французская рэвалюцыя, якая страсянула троны многіх еўрапейскіх краін, закончылася тым, што да ўлады зноў прыйшлі Бурбоны — старая каралеўская дынастыя. «Бурбоны вяртаюцца ў Парыж» — так назваў беларускі паэт свой верш. Чытач добра разумеў, пра якіх «Бурбонаў» тут ішла гаворка…

Пра ачмураны «просты люд», які дапамагаў уладам бэсціць самаахвярных змагароў за яго ж правы ці ў лепшым выпадку глядзець праз пальцы на тое, як распраўляюцца з імі, і верш Анатоля Вярцінскага пра Спартака, пра тое, як людзі спакойненька спалі, калі яго распіналі на крыжы.

Спартак, Спартак! Героі ўсіх эпох!

Ці не такі ваш лёс быў у фінале?

Як нехта моцна спаў, вас распіналі,

вы ціха на крыжы сваім каналі,

і білася жанчына каля ног.

«Уцёкі» ў гісторыю давалі А. Вярцінскаму мажлівасць выказваць свой пратэст супраць гвалту і несправядлівасці і ў вершах «Хунвэйбіны», «Размова з Ду Фу», «Каментарый да Карана», «Варыяцыі на тэму «Гефэст — друг Праметэя». Гэта была своеасаблівая «эзопава мова» А. Вярцінскага.

У новым часе, калі была адменена цэнзура, для пісьменнікаў адкрылася магчымасць гаварыць пра ўсё адкрыта, без прыхоўвання сваіх думак «у падтэкст». Як цяпер гаворыць А. Вярцінскі ў сваіх творах, паказвае яго новая паэтычная кніга «Жыцьмем», выдадзеная ў 2012 годзе ў серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» (выдавецтва «Кнігазбор»).

Не мог прайсці міма ўвагі А. Вярцінскага выхад, мусіць, самай балючай у нашай літаратуры кнігі ў серыі «Беларускі кнігазбор» — важкі том твораў загубленых бальшавіцкімі ўладамі беларускіх пісьменнікаў «Расстраляная літаратура». На гэтую падзею А. Вярцінскі адгукнуўся вершам «Замест рэцэнзіі» з такім прысвячэннем: «Кастусю Цвірку — ініцыятару выдання, аднаму з укладальнікаў і рэдактару кнігі «Расстраляная літаратура»:

…Не, браце, гэта не кніга…

Ты толькі яе крані:

На вокладцы цёмна-барвовай

Адбітак застылай крыві.

Вельмі прыцягальная ў А. Вярцінскага і лірыка. Ці пісаў яшчэ хто пра каханне гэтак во ярка, з такой душэўнай аддачай:

Было так радасна і хораша!

Ты, як агонь, ахапляла горача.

Было так дзіўна і цікава!

Ты, як вада, мяне абцякала.

Ты, нібы вецер, мяне абвявала.

Ты, нібы вецце, мяне абвівала.

Ты, нібы лісце, шаптала нешта.

Ты, як зямля, стагнала грэшна.

Потым гучала музыка ціхая:

тайну вялікую спасціг я…


А. Вярцінскі ў «эпапеі кахання» шчасліва знаходзіць такі момант, які яркім пражэктарам высвечвае ўсю душу «лірычнага героя». Гэтакі момант у вершы «Жаночыя рукі» — звычайнае рассціланне пасцелі каханай жанчынай.

Сведчылі месяц, ноч і я:

Сцелюць пасцель рукі жаночыя…

Узлятаюць з падушкамі белымі,

Белымі птушкамі снуюць…

Дарэчы прыгадваецца яму тут і даўно запомненая простая песенька:

Я пасцель сцялю,

Я пасцель сцялю,

Падзялю яе

З тым, каго люблю…

Пры гэтым рассціланні пасцелі звычайная прасціна каханаму «лісцем зашапоча», яго хвалюе і робіцца значнай люба́я драбніца, якая ў іншым выпадку і не заўважалася б. «Лірычны герой» цвярозай галавою разумее, што разаслаць пасцель «няма нічога прасцей», што гэта «справа звычайная, не цуд», але ўсе эпітэты верша, усе словы, інтанацыя кажуць зусім адваротнае — цуд!

У другім вершы («Элегія кахання») А. Вярцінскі згадаў момант чакання закаханым прыходу на сустрэчу яго любай. Ён даўно прыйшоў, даўно чакае, а «яна ўсё не ідзе, яна ўсё спазняецца…». Чаго толькі не перадумае тут закаханы хлопец, што толькі яму не прымроіцца!.. Ён чакае і не ведае, «колькі хвілін прайшло, колькі гадзін, колькі дзён, колькі год». Яму ўжо на плечы «падае снег, падае нейкі пух, падае пыл, лісце і зоркі», падае на скроні сівізна, «а яе ўсё няма…».

А колькі самага шчырага пачуцця ў вершах «Мора, сонца, я і наша каханне», «Пайшло яно — незваротнае…», «Эдзіт Піаф хоча любві», «Самы светлы сон», «Мы жывём, каб вяртацца», «Як дружна мы востраў свой абжывалі», «Як мы жылі, як любілі»!

Блізкія мне і паэмы А. Вярцінскага, яны вельмі сугучныя маім думам і настроям. У бальшыні з іх аўтар адштурхоўваецца ад нейкага жыццёвага факта і праз яго выказвае ўсё, што на душы. Ён нечым важным заваблівае чытача і вядзе за сабой, не адпускаючы. Такія — «Начны бераг», «Даруйце!», «Заазер’е», «Дажынкі»

У А. Вярцінскага мне цікава чытаць усё. Апроч вершаў і паэм, сваё важкае слова сказаў ён і ў вельмі адметных драматычных творах, а таксама ў баявой публіцыстыцы, у грунтоўных літаратурна-крытычных артыкулах.

Са студэнцкіх гадоў лучаць мяне з А. Вярцінскім прыяцельскія (ад слова прыяць) стасункі. З ім добра параіцца па любых творчых пытаннях, у тым ліку па выданні тамоў «Беларускага кнігазбору». Слова яго заўсёды важкае, выверанае жыццём, па-праўдзе мудрае.

Яго асаблівасць — разважлівасць, немітуслівасць. Павольны ў рухах, ураўнаважаны, спакойны — такі ён у жыцці. Такі і ў творчасці. Ён «не скача галопам па радках», як бальшыня паэтаў, ніколі не спяшаецца. Паставіць у радок нейкае ключавое слова — і тут жа спыняецца на ім, аглядвае з усіх бакоў, можа, нават абхуквае, каб выявіць яго глыбінны сэнс, і толькі тады ідзе далей, моцна трымаючы, не адпускаючы ад сябе чытача. І яшчэ такое ў мяне назіранне. Ідучы, Анатоль Ільіч павольна, трохі раскачваючыся, ступае па зямлі. Гэтакі ж запаволены, разняволены і рытм яго вершаў. Вершаў, якімі ён нязменна кліча чытача да «высокага неба ідэала».