У люстэрку падзей, духу і пачуцця
Вядомы беларускі пісьменнік Генрых Далідовіч адзначыў сваё 70-годдзе. Павіншаваць юбіляра, падзяліцца ўражаннямі ад творчасці ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча ў Чырвоным касцёле сабраліся калегі, сябры і прыхільнікі пісьменніка.

Урачыстасць зладжана ТБМ імя Ф.Скарыны і Саюзам беларускіх пісьменнікаў у рамках ушанавання пісьменнікаў-юбіляраў гэтага года, сярод якіх таксама былі Анатоль Вярцінскі і Васіль Якавенка.
Як заўважыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч: «Генрых Вацлававіч — чалавек вельмі сціплы, шырока адзначаць свой юбілей адмовіўся. Мы толькі павіншавалі яго на Радзе СБП і гэтая вечарына, фактычна, першая спроба шырока адзначыць яго юбілей».

Барыс Пятровіч падкрэсліў, што Далідовіч належыць пакаленню, якое знаходзіцца паміж «шасцідзесятнікамі» і «васьмідзесятнікамі» ці пакаленнем «Тутэйшых». Дзякуючы Генрыху Вацлававічу, тагачаснаму рэдактару часопісу «Маладосць», маладыя аўтары змаглі творча ўзняцца да літаратурных вяршынь, бо Далідовіч стаў фактычна хросным бацькам новай літаратурнай хвалі ў Беларусі.
Старшыня СБП таксама адзначыў ролю Генрыха Далідовіча ў публікацыі першых твораў маладых беларускіх аўтараў у серыі «Бібліятэка «Маладосці». Пад іх сціплымі вокладкамі выходзілі ў свет першыя кнігі самых цікавых літаратараў генерацыі «Тутэйшых»: Анатоля Сыса, Андрэя Федарэнкі, Алеся Наварыча і іншых аўтараў. «Без перабольшвання можна сказаць, — падкрэсліў Барыс Пятровіч. — Амаль уся маладая літаратура новай, незалежнай Беларусі прайшла праз «Маладосць» і рэдактарскае вока Генрыха Далідовіча.Творчасць Далідовіча шматгранная і цікавая. Але перш за ўсё ён майстар гістарычнай прозы. У яго творчым багажы ёсць захапляльныя раманы пра ўзнікненне Вялікага княства Літоўскага, драматычныя падзеі стварэння Беларускай народнай рэспублікі ў 1918 годзе. У Генрыха Далідовіча ёсць творы, прысвечаныя паўстанню 1863 года».

Вядучая імпрэзы журналіст Эла Двінская чытае ўрыўкі апавядання Г. Далідовіча
Генрых Далідовіч, узгадваючы свой літаратурны шлях, адзначыў, што спачатку яго натхнялі ўспаміны пра сваё дзяцінства ў заходнебеларускай вёсцы, пра першыя ўрокі, які даваў малому Генрыху бацька-каваль, цяжкія пасляваенныя часы, калі людзі вярталіся да мірнага жыцця, пазней — жыццё і праца настаўніка.
Калі пісьменнік атрымаў доступ да эмігранцкай літаратуры і дзяржаўных архіваў, то праз знойдзеныя там цікавыя гістарычныя дакументы змяняўся яго погляд на вядомыя з падручнікаў з’явы. Шмат архіўных матэрыялаў перадала яму і незабыўная Зоська Верас. Гэтыя дакументы штурхалі да літаратурнага асэнсавання тагачасных падзей, рабіліся асновай для сюжэтаў аповесцей і раманаў.
Вялікую ролю ў станаўленні Генрыха Далідовіча як пісьменніка гістарычнага напрамку адыграў выдатны беларускі гісторык Мікола Ермаловіч, які стаў другім настаўнікам, пасвяціў яго ў тайны летапісаў, старажытных хронік і рукапісаў. «Для нас было гонарам друкаваць у «Маладосці» яго «Старажытную Беларусь», якая налічвала больш за тысячу спасылак на разнастайныя гістарычныя крыніцы. І гэта невідушчы чалавек, які стаў больш відушчым, чым шматлікія прафесійныя навукоўцы!» — дадаў юбіляр.

Чытачы і прахільнікі Далідовіча ў зале бібліятэкі імя А.Міцкевіча
Генрых Далідовіч распавёў, што да яго не аднойчы звяртаўся цёзка па прозвішчу кандыдат медыцынскіх навук Казімір Далідовіч з прапановай напісаць літаратурную гісторыю роду Далідовічаў. Але ўсё перашкаджала адсутнасць часу і свае пільныя справы. Тым не менш, Казімір Казіміравіч пры дапамозе Генрыха Вацлававіча стварылі такі радавод, згодна з якім сямейнай ветка Далідовічаў пусціла карані ў пачатку XVIII стагоддзя. Гэтая навіна была сустрэчана апладысментамі, бо стала прыкладам салідарнасці беларусаў, хоць і ў рамках аднаго роду.

Казімір Далідовіч — адзін з аўтараў радаводу Далідовічаў
Пісьменнік і літаратурны крытык Алесь Пашкевіч адзначыў, што для яго Генрых Далідовіч уяўляе эталон празаіка — надзвычай працаздольнага і адказнага, арганічнага ў сваіх адносінах да жыцця, сям’і, сяброў і калег, да гаспадарскіх спраў на лецішчы на Лысай гары.
На старонках дадатку да газеты «Новы час» «Літаратурная Беларусь» не так даўно былі апублікаваныя ўспаміны Далідовіча пра сваіх настаўнікаў. З вялікай павагай, душэўнай цеплынёй ён распавядае пра тых людзей, якія выводзілі ў шырокі свет яшчэ маладога Генрыха.
І кожнаму з іх — ад настаўніка беларускай мовы ў школе да свайго выкладчыка, Народнага пісьменніка Беларусі Івана Якаўлевіча Навуменкі — ён знаходзіць словы ўдзячнасці. Гэтыя людзі дапамагалі, па словах Алеся Пашкевіча «ісці да нябёсаў, да беларускага духа і духоўнасці. Адсюль яго трылогія «Гаспадар-камень», «Пабуджаныя», «Свой дом». Пашкевіч распавёў, што юбіляр цяпер працуе над раманам пра Грунвальдскую бітву, які абяцае новыя ўражанні і адкрыцці.

Алесь Пашкевіч пра ўспаміны Генрыха Далідовіча ў "Новым Часе"
«Калі гаварыць пра прозу Генрыха Далідовіча глабальна, то яе ахарактарызаваць адным словам складана. Бо яго творы – гэта гісторыя падзей, гісторыя духу і пачуцця», — адзначыў у завяршэнні А.Пашкевіч.

Агульнае фота на памяць
Сваімі ўспамінамі і шчырымі словамі віншаванняў юбіляру падзялілася з прысутнымі дачка Народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі. Валерыя Іванаўна заўважыла, што ў іх сям’і, як і ў сям’і Далідовічаў, бацькі належалі розным хрысціянскім канфесіям і гэта адпавядала талерантнаму менталітэту беларусаў. Гэтыя рысы нашых людзей адбіліся ў творчасці Генрыха Вацлававіча, знайшлі адлюстраванні ў яго аповесцях і раманах.

Валерыя Іванаўна Навуменка
Уражаннямі ад літаратурных твораў Генрыха Далідовіча з прысутнымі падзяліўся пісьменнік Кастусь Травень, а свае ўзнёслыя вершы прысвяціла юбіляру паэтэса Ядвіга Рай.

Кветкі юбіляру ад супрацоўнікаў бібліятэкі
Генрых Далідовіч і ўсе прысутныя на юбілейнай вечарыне выказалі словы ўдзячнасці гаспадарам бібліятэкі імя Адама Міцкевіча і яе дырэктару Галіне Івуць за гасціннасць і добрыя справы на карысць наладжвання кантактаў паміж пісьменнікамі і чытачамі.