Удава Васіля Парфянкова: «Мы планавалі разам старэць і бурчэць адзін на аднаго»

Гісторыя кахання беларускага добраахвотніка Васіля Парфянкова, які загінуў у баях за Украіну. Расказвае яго ўдава Алена Гергель.

_9wy0u_1.jpg


Васіль Парфянкоў — беларускі актывіст, абаронца Курапатаў, палітычны зняволены па справе «Плошчы 2010». У 2014 годзе з'ехаў ва Украіну, дзе ўступіў у добраахвотніцкі батальён АУН (Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў). З пачаткам поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну далучыўся да беларускага палка імя Каліноўскага. Загінуў у баі пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 года. У Васіля засталіся жонка, два сыны і дачка. Пра тое, якім быў Васіль у мірным жыцці, «Новаму Часу» распавяла яго ўдава Алена Гергель.

Купідон і бранзалеты з паракорда

Алена пазнаёмілася з Васілём у 2014 годзе, практычна адразу пасля яго пераезду ва Украіну.
— Дзень нашага знаёмства — адзін з самых яркіх успамінаў. Нават ярчэй, чым дзень, калі Васіль упершыню сказаў, што кахае, чым дзень нашага вяселля. Кожны аўторак і чацвер мы з дзяўчатамі-валанцёркамі збіраліся ў кіеўскім кнайп-клубе «Купідон» і плялі бранзалеты выжывання для войска. Гэта паракордавыя бранзалеты, спецыяльнага пляцення: у экстрэмальнай сітуацыі іх можна хутка расплесці — і будзе 2-3 метры моцнай вяроўкі. А таксама маталі маленькія берагавыя матанкі. Над сталом, за якім мы звычайна сядзелі — выява Купідона. І гэты бог не прамазаў у нашым выпадку.
Калі хтосьці спускаўся ў клуб па лесвіцы, усе абарочваліся. Памятаю, у той вечар па лесвіцы ідзе Таня Давідзенка, а за ёй хлопец у сіняй шапцы з трызубам. Таня з парога адрапартавала: «Знаёмцеся, гэта Вася, ён прыехаў з Беларусі ваяваць за нас». Усе бурна адрэагавалі.
Вечар быў невыпадковы — святкавалі куццю. Таму, калі ўсе пляценні скончылі і перадалі далей, проста працягвалі сядзець і абмяркоўваць, хто як сустрэў Новы год, навіны з Данбаса… Потым згадалі, што побач у кавярні «44» жывая музыка і пайшлі «вадзіць казу».
Вася сядзеў адзін за сталом. Я звярнула на гэта ўвагу і перайшла за яго стол. Мы пачалі крычаць, каб пачуць адзін аднаго, але музыкі былі гучнейшыя. Выйшлі на заснежаную вуліцу. Снег быў чароўны, шматкі шчодра сыпалі з начнога неба. Але холадна не было. Так мы і прагаварылі да закрыцця клуба — на вуліцы. Я падарыла яму свой бранзалет з паракорда.
Калі пачалі пад'язджаць таксі і хлопцы паклікалі мяне ехаць дадому, зазірнула яму ў вочы і ўбачыла ў іх адну просьбу: не кідаць яго. Так і зрабіла. Мы доўга шпацыравалі па цэнтры горада. Я практычна праводзіла Васю да ягонага часовага жылля ў штабе АУН. А потым выклікала сабе таксі. І Вася так строга папярэдзіў таксіста: «Гэта валанцёр, вязі акуратна».
Мы не абмяняліся тэлефонамі. На наступную раніцу я атрымала ад Тані паведамленне:
— Вася просіць твой нумар тэлефона, даваць? — Так!
На Каляды было вельмі холадна. За ноч тэмпература апусцілася да -15. Мы з хлопцамі сустрэліся на Сафіеўскай плошчы і пілі глінтвейн. Васі не было, і я нават пачала сумаваць. Добра, што Таня сама сказала, што ён абяцаў прыйсці. І ён прыйшоў!
Як год сустрэнеш, так і правядзеш. Такім і быў увесь год: рэдкія сустрэчы, доўгія пацалункі пад шматкамі снегу, ружы і размовы па тэлефоне пад гукі «градаў». За час, пакуль Васіль ваяваў, я стала інструктарам тактычнай медыцыны. Але мне хацелася прыносіць фронту больш карысці, таму пачаліся трэнінгі, палігоны, ваенныя часці.
А восенню Васіль атрымаў раненне ў Пясках. Я не магла да яго паехаць, і гэта грызла мяне ўсе наступныя гады. А пасля таго, як ён вярнуўся ў Кіеў, ужо было ясна — уліплі. Наступным крокам было знаёмства з маімі бацькамі. А надалей і сумеснае жыццё.

Дзеці, шлюб і дзіўная гісторыя з пашпартам

vasil_parfjankou_novy_czas5.jpg

Васіль стаў бацькам сыну Алены Любаміру. У 2014 годзе ў пары нарадзіўся сын Мілан, у 2017 — дачка Саламея. Афіцыйна Алена і Васіль пабраліся шлюбам у 2021 годзе.
— Мы не імкнуліся да афіцыйнага статусу. Жартавалі пра гэта. Ён — што памрэ маладым і не акальцаваным, я — што будзе на каленях маліць, а я адмоўлю. І далей у нас усё развівалася ў зваротным парадку. Заручыны зацягнуліся на гадоў пяць. Афіцыйна мы ажаніліся толькі ў ліпені 2021 года. І тое, гэта было не спантаннае жаданне: узніклі праблемы легальнага знаходжання Васіля ва Украіне. Працэдура атрымання грамадзянства доўгая, толькі год трэба чакаць статусу на міграцыю. Два гады лакдаўну таксама моцна запаволілі працэс. Мы не былі жанатыя, то працэдура ішла па лініі дзяцей. І вось, калі надышоў час для разгляду статусу на міграцыю, атрымалі адмову і рэкамендацыю цягам месяца пакінуць Украіну. У чым прычына адмовы — незразумела. Толькі пасля звароту да дэпутата Аляксея Ганчарэнкі, які напісаў запыт у Офіс прэзідэнта (а Офіс перанакіраваў запыт у міграцыйную службу), мы даведаліся прычыну. 
Спрабуючы атрымаць хаця б часовы від на жыхарства, мы вырашылі ўзаконіць наш шлюб. Выбралі прыгожы ЗАГС на Падоле. Васіль быў у ваеннай форме, я ў вышыванай сукенцы. За сведку ўзялі нашу малодшую дачку (сын быў у летніку). Не было букетаў, галубоў і нават пярсцёнкаў. Думалі потым прыгожыя тату зрабіць: ён — з Пагоняй, я — з Трызубам.
Мы зноў прыйшлі ў міграцыйную службу, ужо за часовым відам на жыхарства. Як высветлілася, МУС Беларусі пашпарт Васіля падало ў Інтэрпол як згублены дакумент. І пакуль гэтая інфармацыя ў Інтэрполе, украінская міграцыйная служба не магла разглядаць пытанне нават аб часовым відзе на жыхарства. Дэпартаваць Васіля не маглі: як удзельнік баявых дзеянняў ён быў абаронены законам. Але па факце быў «нелегалам». Я нядаўна правярала: сапраўды, пашпарт на сайце МУС лічыцца несапраўдным. Дакумент знаходзіцца ў мяне, разам з ваенным білетам.
Я спрабавала разабрацца ў гэтай гісторыі з пашпартам, але безвынікова: ніхто не разумеў, пра што гаворка нават, як правільна падаваць запыт у Інтэрпол. А ў нас была праца, дзеці, каты, клопаты і чаканне поўнамаштабнай вайны.

vasil_parfjankou_novy_czas4.jpg


Сур'ёзнасць — не наш канёк, таму шмат жартавалі. Васіль казаў, што ён ужо старэнькі і будзе эміграваць у Канаду. А вы, казаў, самі тут ваюйце. Мы жартавалі пра смерць, пра тое, як яго пахаваюць у выпадку чаго. Прасіў яго крэміраваць і пасылкай адправіць у Беларусь, каб маці пад балконам каля ката закапала. Мы планавалі разам старэць і бурчэць адзін на аднаго, марылі, што ў нас будзе шмат унукаў, і я буду пячы для іх піцу, а ён будзе хапаць гарачую, пакуль я адвярнуся. Мы планавалі жыць! Паехаць у Карпаты, у госці да пабрацімаў і найлепшых у свеце людзей, якіх нам падарыла вайна. У нас нават быў маршрут. Роўна, дзе магіла нашага лепшага сябра Тараса, гэта хросны нашай Саламеі і легендарны чалавек. Потым Львоў, Драгабыч, Франкаў...
Калі Вася ўжо быў на вайне ў Мікалаеўскай вобласці, то дасылаў прыгожыя відэа і фота Лімана. Абяцаў нас павезці туды пасля вайны.

Пах вайны  

24 лютага, у першы дзень вайны, Алена пачула гукі выбухаў.
— Пачала будзіць Васіля: «Уставай, пачалося. Збірай заплечнік. Я раблю табе каву». У мяне ўсё было сабрана яшчэ за тыдзень да гэтага: дакументы, ежа, вада, корм для катоў, цёплыя рэчы. Хаця мы не планавалі зʼязджаць з Кіева. Вася выпіў каву і паехаў у штаб АУН. Днём ён вярнуўся за заплечнікам, мы зрабілі агульнае сямейнае сэлфі, і ён зʼехаў.

Сямейнае сэлфі

Сямейнае сэлфі

АУН, разам з многімі іншымі, былі на абароне Кіева і вобласці. Пасля вызвалення Кіеўскай вобласці Вася прыняў рашэнне ісці ў полк Каліноўскага. Былі Севераданецк, потым Лісічанск — гарачыя кропкі. Кожны месяц, хоць пару гадзін ці нават дзён, мы бачыліся. Стэлефаноўваліся кожны дзень, калі, вядома, была ў яго магчымасць.

vasil_parfjankou_novy_czas2.jpg


Першы раз ён заехаў дадому на паўгадзіны — 14 сакавіка. Велізарны такі: форма, бушлат, бронекамізэлька, аўтамат. І пах — пах вайны: саляркі, падвала, вогнішча, пылу. Дзеці не злазілі ў яго з рук — абдымалі, цалавалі. У наступны раз прыехаў ужо на Вялікдзень. Мы былі ў царкве, асвячалі кошыкі, і тут выбягае наш баец з таксі! З вялізным баулам, букетам цюльпанаў і тортам. Адразу ж паехаў з дзецьмі па магазінах — каму самакат, каму веласіпед. Усё рабіў для іх, для іх шчасця, для іх свабоднага жыцця ва Украіне.

«Калі нешта здарыцца, сабака мяне выцягне». Персанальнае пекла Алены

Апошні раз жанчына бачылася з мужам за некалькі дзён да яго гібелі.
— Тады ў нас ужо быў сабака Джава — Джавеліна. Мы заўсёды хацелі сабаку, але былі ўжо каты, папугаі і дзеці. Я часам глядзела старонкі прытулкаў для сабак, каты ў нас таксама з прытулку, і адна думка ў галаве: калі нешта здарыцца, сабака мяне выцягне. Дзецям можна сказаць: «Я сплю, не чапайце, вазьміце гарбату і сухі сняданак», а сабаку трэба ўстаць і выгуляць. І гэта было маёй страхоўкай. Так і атрымалася.
Прыехалі з дзецьмі ў прытулак і выбралі Джаву. Яна сама дзіця вайны, з Кіеўскай вобласці — там яе знайшлі хворую і худую валанцёры. Вася напісаў, што заўсёды казаў: трэба менавіта хаскі браць. Калі прыехаў, то ўжо а пятай раніцы на нагах быў, каб ісці з ёю гуляць. Мы пайшлі разам. Тады я іх і сфатаграфавала — гэта апошняе фота.

Васіль Парфянкоў і Джава. Апошняе фота 

Васіль Парфянкоў і Джава. Апошняе фота 


Ён зʼехаў, а праз некалькі дзён мне паведамілі, што быў цяжкі бой, што нашыя хлопцы не выбраліся, але ўсё ж «спадзяемся на лепшае». З таго дня пачалося маё персанальнае пекла, першы месяц якога я вельмі дрэнна памятаю. Толькі калі мне выпісалі антыдэпрэсанты, крыху палягчэла.  
Старэйшаму сыну я ўсё расказала, ён дарослы, яму 16 гадоў. Мілану, нашаму сярэдняму, расказала акуратна, трошкі. А вось як сказаць малодшай? Гэта было невыносна. Пасля доўгіх падрыхтовак і разважанняў я паставіла пасярод калідора турыстычную палатку. Мы запалілі ліхтарыкі, расклалі падушкі. Любамір прыгатаваў усім гарбату. І я доўга расказвала пра тату. Мы глядзелі фота, відэа. Так і расказала. Было вельмі цяжка. Саламея рыдала — немагчыма было яе супакоіць. Яна тыднямі хадзіла па коле, з фатаграфіямі Васіля і размаўляла з ім. І зараз плача, не так часта, але плача. І разам мы плачам.

«Цяпер я жыву за дваіх...»  

Па словах Алены, Васіль быў вельмі добрым бацькам і мужам.
— Ён стараўся, жыў для сямʼі. Мы апошнія гады былі вельмі дамашнія. Праца з дому, разам дваццаць чатыры гадзіны на суткі. Ён працягваў хадзіць на акцыі, заўсёды з бел-чырвона-белым сцягам. Калі на пару дзён зʼязджаў, мы вельмі сумавалі.
Я больш працавала, ён больш па гаспадарцы: забраць і адвесці ў садок нашую малодшую дачку, прыгатаваць абед, прыбраць. Рабіў дзецям цудоўныя бананавыя кексы, нават запісаў мне рэцэпт і павесіў на халадзільнік — каб быў у мяне ў яго адсутнасць. Дапамагаў рабіць усялякія вырабы ў школу. Усе святы былі на ім. Я не змагу ніколі так прыгожа запакаваць падарункі ад святога Мікалая, як гэта рабіў мой муж. Ён ставіў елку, у кожнага эльфа было імя, падымаў Солю, каб яна надзявала зорку на верхавіну, ва ўсіх пакоях свяцілі гірлянды... Ён мог хоць сто разоў з дзецьмі спусціцца з горкі на санках, зляпіць снегавіка.

vasil_parfjankou_novy_czas7.jpg


Цяпер я жыву за дваіх, яго барацьба стала маёй. Цяпер і ў мяне дзве радзімы. Праўда, у Беларусі я яшчэ ніколі не была. Але буду рабіць усё магчымае, каб Вася быў спакойны. Каб усё было не дарма.

«Часам мне спакайней ад таго, што пра некаторыя рэчы Вася ўжо не даведаецца»


Васіль Парфянкоў глыбока перажываў з-за негатыўнага стаўлення да беларусаў з пачаткам поўнамаштабнай вайны.
— Гэта было звязана не з агульнымі настроямі, а таму, што так напісала жанчына, якую мы вельмі любім і паважаем. Напісана было на эмоцыях, але Вася вельмі знерваваўся. Хутка яны ўбачыліся, і яна папрасіла прабачэння, казала, што вельмі паважае і любіць яго. Але ўсё ж — настроі такія былі. Сітуацыю добра выправіў сам полк: зʼявілася шмат інфармацыі, аналітыкі. Мала каго ва Украіне цікавіла, што адбываецца ўсе гэтыя гады ў Беларусі. Цяпер МУС з новай сілай узялося за сваякоў хлопцаў, якія ваююць ва Украіне — арышты, ператрусы, усе падставы надуманыя. Любое супадзенне колеру шкарпэтак, белыя з чырвонымі і ўсё — ты экстрэміст.


Часам мне нават спакайней ад таго, што пра некаторыя рэчы Вася ўжо не даведаецца — пра закрыццё Чырвонага касцёла, пра новыя разбурэнні ў Курапатах, пра тое, як за кратамі на дзесяць і больш гадоў аказваюцца ягоныя сябры з Беларусі, не даведаецца, хто загінуў пасля яго...
Фота з асабістага архіва гераіні