У Мінску развіталіся з прафесарам Адамам Мальдзісам (фота)
У касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску сёння, 5 студзеня, развіталіся са знаным літаратарам і гісторыкам Адамам Мальдзісам. Пахавальную імшу па выбітным беларусе праводзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Сёння ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску прайшло развітанне з прафесарам Адамам Мальдзісам. "Ён стаяў ля вытокаў адраджэння беларускай культуры, пісьменніцтва, гісторыі. Прафесар Мальдзіс ажывіў душу народа — мову, ён шмат зрабіў, каб беларуская мова гучала больш. Дзякуй табе за гэта, светлай памяці Адам Мальдзіс!" — выступіў са шчымлівай прамовай іерарх.
Развітацца з Адамам Мальдзісам каля 200 чалавек.
Сярод тых, хто прыйшоў развітацца з Адамам Мальдзісам, былі некаторыя дзеячы беларускай навукі і культуры: оперны спявак Віктар Скарабагатаў, даследчыца беларусаў замежжа Наталля Гардзіенка, унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч, былыя старшыні Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў і Алена Анісім, гісторык Генадзь Сагановіч, пісьменнік Язэп Янушкевіч, і іншыя.
Літаратуразнаўца, гісторык, журналіст Адам Мальдзіс памёр 3 студзеня на 90-м годзе жыцця. Чалавек энцыклапедычных ведаў, па сабе ён пакінуў неацэнную даследчыцкую спадчыну.
Адам Мальдзіс сябраваў з Уладзімірам Караткевічам, выратаваў архіў Ларысы Геніюш, адкрыў збор беларускіх музычных твораў ХVII стагоддзя, так званы "Полацкі сшытак", і многае іншае.
Адметна, што Адам Мальдзіс, даследчык Францішка Скарыны, адышоў у Скарынаўскі год: сёлета спаўняецца 505 гадоў з выдання "Псалтыры", і 500 гадоў з друку "Малой падарожнай кніжкі" на землях Вялікага Княства Літоўскага. Пахаваюць Адама Іосіфавіча на роднай Астравеччыне ў вёсцы Задворнікі.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева