Павел Мацукевіч аб смерці Адама Мальдзіса: Усе пішуць аб страце, і ніхто не піша, што эпоха сышла ў галечы

Былы дыпламат і старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» Павел Мацукевіч выказаўся з нагоды смерці беларускага гісторыка і літаратуразнаўцы Адама Мальдзіса.

630_360_1603891140_157.jpg

— Не стала Адама Мальдзіса, — піша Павел Мацукевіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Яго калегі і сябры пішуць і шкадуюць аб гэтай страце, кажучы, што сышла эпоха — настолькі значныя працы Мальдзіса для Беларусі. Не пішуць, што эпоха сышла ў галечы. Напэўна, беднасць нацыянальнай эліты для прадстаўнікоў нацыянальнай эліты ў парадку рэчаў і пра гэта не прынята казаць услых, але хіба ў краіны па імені Беларусь ёсць іншае багацце, акрамя такіх людзей і такіх імёнаў як Адам Мальдзіс?

271198785_1376130502843797_8718169136883669145_n.jpg

6 верасня 2020 года, Мінск, мая першая і апошняя сустрэча з прафесарам Мальдзісам ужывую. Добра запомніў свае ўражанні. Старасць і хвароба ўжо ўступілі ў правы, але прафесар яшчэ мог хадзіць і нават падпісаў майму сябру Алесю Сапегу, які нас пазнаёміў, сваю кнігу. Беднасць ўразіла і засланіла сабой, кідаецца ў вочы згасанне каштоўнага жыцця і да гэтага часу не ўкладваецца ў маёй свядомасці — як можа быць бедным той, хто ўсё жыццё ўзбагачаў нацыю, збіраў яе спадчыну?

Узровень развіцця краіны трэба ацэньваць па якасці жыцця такіх як прафесар Мальдзіс. Кавалер Ордэна Францыска Скарыны Адам Іосіфавіч Мальдзіс дажываў у галечы.

Нагадаем, Адам Мальдзіс памёр 3 студзеня на 90-м годзе жыцця. Развітанне з выбітным гісторыкам і літаратуразнаўцам пачнецца заўтра, 5 студзеня, у мінскім Чырновым касцёле ў 11.00.