Зміцер Дашкевіч: Няхай 2022 год стане годам роднай мовы

Тысячы людзей пакутуюць ад несправядлівых выракаў, якія тут ужо дасягненні… Але я перакананы: гэты час – ён на нашую карысць

bel_mova_1_1.jpg

Апостал Павел піша: "Любячым Бога і пакліканым па Яго пастанове — усё садзейнічае на дабро". Бясспрэчна: у 2020 годзе беларускі народ быў пакліканы Божай пастановай — і мільёны людзей адгукнуліся на пастанову Творцы гісторыі. Хоць і выглядае, што стала яшчэ горш. Але ці магло быць з намі інакш? На жаль, а мо і на шчасце — не магло.


Мяркую, відавочна многім: гэта на нашую карысць, што мы не перамаглі ў 2020-м. Каб мы перамаглі тады, то нават не хочацца думаць, колькі б людзей вітала паратунак з Масквы. У жніўні 20-га мала хто хацеў слухаць пра Курапаты і родную мову, мала хто хацеў разважаць пра духовыя і гістарычныя прычыны з'яваў. Цяпер, на жалезных нарах і бетонных падлогах, сярод вусцішных рэпрэсіяў — мы пачынаем разважаць над прычынамі і рэчамі важнымі. На жаль, а мо і на шасце, па-іншаму быць не магло: ідзе фармаванне народжанай нацыі, дзень — за месяц, месяц — за год.
Летась, калі нарадзілася нацыя, я зычыў, каб у 2021 годзе мы ўсвядомілі, адкуль мы ўзяліся і куды ідзем. Цяжка сказаць, ці гэта спраўдзілася, але я пэўны: працэс ідзе. Вось, атрымаў адказ на свой ліст ад Кастра і Сільва Сержыё. Пішучы яму, я сумняваўся, ці ён зразумее па-беларуску. Бо, што ўжо гэты грэх нашай нацыі хаваць: многія патрыёты саромеюцца роднай мовы і што толькі не прыдумваюць, каб на ёй не размаўляць. І вось якое ж было маё здзіўленне, калі я прачытаў на цудоўнай беларускай мове адказ ад Сержыё, які яшчэ выбачаўся за памылкі, бо "апошні раз размаўляў на беларускай мове з Ягорам Марціновічам на Акрэсціна". "Але я беларус!" — піша Кастра і Сільва Сержыё. І многія палітвязні, з цяжкасцю, але спрабуюць на роднай мове; многія мала ведаюць пра Ісуса Хрыста, але з радасцю падхопліваюць дэвіз кожнага майго ліста і яго паўтараюць "Жыве Бог! — Жыве вечна!"
Дык дзякуй Богу, што ў гэтым жахлівым уціску ўсё садзейнічае на дабро тым, хто ў 2020-м быў пакліканы па Божай пастанове. Мы нарадзіліся ў 2020-м, мы пачалі хадзіць у 2021-м, дык няхай у 2022-м мы пачнём гаварыць. Давайце на зло ворагам і на радасць маме абвесцім 2022 год годам роднай мовы! І не шукайце апраўданняў, хто расеец, а хто паляк, як не шукае беларус Кастра і Сільва Сержыё. І нават няма розніцы, дзе ты нарадзіўся і дзе ты жыў — сёння ты ясі хлеб гэтае зямлі і адказны за яе перад Творцам. Я вырас на Калыме, але ад гэтага мая родная маці не перастала быць мне роднай маці, а мая родная мова не перастала мне быць роднай мовай.


Няхай у 2022 годзе становіцца ўсё болей роднай беларускай мовы — у царкве і сям'і, у краме і ў маршрутцы, на вучобе і на працы. У гэтыя акаянныя дні ўчапіся за Хрыста — і ты выжывеш, загавары на роднай мове — і мы пераможам! І тады ў Новым 2022 годзе споўніцца над намі прароцтва палітвязня Паўла: "Любячым Бога і пакліканым па Яго пастанове — усё садзейнічае на дабро!"
Зміцер Дашкевіч, facebook.com