Дакрануцца да Ісуса Хрыста

Дзякуй Богу, дапісаў лісты ўсім палітвязням: больш за тысячу лістоў цягам пяці месяцаў – гэта было няпроста. Але напярэдадні Раства далучыліся дзеці – стала лягчэй.

candles_gaa4adc4cd_1280.jpg


Напэўна, не параіш такі досвед усім, бо так шмат палітвязняў, якіх з кожным днём становіцца ўсё болей, што ажно рукі апускаюцца ад роспачы. Але, мяркую, кожны можа ўзяць магчымы для сябе крыж – і пачаць пісаць вязням. Хоць у гэтыя святочныя дні ва ўсіх нас і шмат розных клопатаў. Але свята нашае прыцямняецца стогнам невінаватых, які даносіцца з Акрэсцінскай катоўні, з безлічы турмаў і зонаў па ўсёй Беларусі. Канешне, жыццё працягваецца і, больш за тое, – мусіць працягвацца, як мусіць свята заставацца святам. Бо нават у зоне вязні святкуюць і свой Дзень народзінаў, і Ісуса Хрыста; і на Пасху (выхад народа з рабства і Хрыста – з магілы) накрываюць стол, і на выхад вязня з ізалятара – таксама накрываюць. Бо, як піша класік, "Жывое ўсё, што не забыта!" І ніхто не мае права сказаць жывому: "Спыніся". Але!
Але, святкуючы Дзень Народзінаў Ісуса Хрыста, мы мусім памятаць, што і Сын Божы быў вязнем, і вучні Ісуса Хрыста – усе былі вязнямі. Таму кожны дзень мы павінны прачынацца з разуменнем, што нехта ад холаду ў ізалятары не спаў. Таму кожны дзень, сядаючы за стол, мы павінны памаліцца за тых, у каго забралі перадачу і даюць толькі баланду. Таму кожны дзень, абдымаючы родных, мы павінны памятаць пры тысячы тых, у каго забралі тату і матулю, сына і дачку, мужа ці жонку. Апостал Павал, які некалькі год двума тэрмінамі правёў у турме, піша: "Памятайце пра вязняў, нібы ўвязненыя разам з імі" (Габрэяў 13:3).
На жаль, тая, хто першая паклікана памятаць пра вязняў – царква – памятаць пра іх не хоча. Я нават не кажу пра "царкву", якая на службе Ірада ці “святароў”, што, прыкрываючыся прыгожымі словамі пра дыялог, апраўдваюць тэрор. Праблема з царквою, якая быццам бы і Іраду не служыць, але і пра вязняў памятаць не хоча. Царква гэтая жыве так, нібы нічога не адбываецца навокал: святкуе і за нешта нават моліцца. Што спажне такая “царква”, 2000 год таму папярэджваў Ісус Хрыстос: "Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, бо Я быў у вязніцы і вы не наведалі Мяне". Тады тыя загалосяць: "Калі мы бачылі Цябе ў вязніцы і не наведалі?" А Хрыстос ім адказвае: "Што Вы не зрабілі аднаму з гэтых, тое і Мне не зрабілі" (паводле Мацвея 25). У іншым месцы Сын Божы сведчыць пра глуханямую царкву яшчэ больш жорстка: "Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?” І тады прызнаюся ім: “Я ніколі не ведаў вас. Адыдзіцеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконне” (Мацвея 7:22‭-‬23). Во нечаканасць: імем Хрыста прарочылі і Раство святкавалі, а ідуць у пекла, бо чынілі беззаконне. Я доўга і пакутліва думаў, якое ж гэта беззаконне? І я зразумеў: страх. Страх белае назваць белым, а чорнае — чорным, праўду – праўдаю, а тысячы патрыётаў у турмах – невінаватымі вязнямі. Бо тады трэба было б за вязняў маліцца і іх падтрымоўваць. Бо царква, якая не моліцца за палітвязняў – раздзеліць з Сатаной ягоную ўзнагароду.‬‬‬
Але калі нехта ў гэтыя святыя дні Раства шукае Ісуса Хрыста, то вось Ён сярод нас: Ісус Хрыстос сёння – гэта палітвязень. Вязень без віны, якога мы абавязаны памятаць, які патрабуе нашых малітваў, які чакае нашых лістоў, дзеці якога прагнуць свята на День Народзінаў Таго, хто Сам быў вязнем – Сам быў без віны арыштаваны і без віны асуджаны. Дакраніся сёння да палітвязня і ягонай сям’і – і ты дакранешся да Ісуса Хрыста.
facebook.com