Удалечыні ад дзяцей і мужа. Як жыве ў калоніі Антаніна Канавалава (аўдыё)
Палітзняволеная Антаніна Канавалава знаходзіцца ў гомельскай калоніі, а ейны муж — у ваўкавыскай. Іх дзеці больш за год не бачылі бацькоў. Пра калонію і дарогу туды, а таксама пра жыццё дзяцей і ўнукаў «Вясне» распавяла маці Антаніны Ганна.
Падчас кампаніі па прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Антаніна Канавалава была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Антаніну затрымалі 6 верасня 2020 года, крыху пазней, 2 кастрычніка, і ейнага мужа — Сяргея Ярашэвіча. Абое знаходзіліся ў мінскім СІЗА-1, абаіх судзілі разам: па так званай справе тэлеграм-канала "Армия с народом" 7 траўня 2021 года мужу і жонцы далі па пяць з паловай гадоў калоніі. А далей — перамяшчэнні пад канвоем. У Антаніны іх было два.
Дарога ў калонію
Судовае пасяджэнне па абскарджванні прысуду Антаніны Канавалавай было запланаванае на 30 ліпеня 2021 года. Аднак 26 ліпеня Антаніну з СІЗА-1 забралі на этап. Таму суд прайшоў без ейнага ўдзелу.
"Калі быў першы этап, усе рэчы, якія яна сабрала ў калонію, засталіся ў СІЗА, — распавядае мама Антаніны Ганна. — Гэтыя рэчы не былі здадзеныя на склад, паколькі дачцэ паабяцалі: рэчы з сабой не бярыце, яны паедуць за вамі. Але ў выніку ўсё знікла. Потым Тоня пісала скаргу [на гэта]. І муж [бацька Антаніны — заўв.] прыходзіў адзін у СІЗА на Валадарку, і яму сказалі: на складзе ейных рэчаў няма, яна нічога не здавала — усё павезла з сабой. Гэта значыць [нам давялося] яе нанава збіралі другі раз. Таму яна прыехала без рэчаў з Мінска ў Гомель, і без рэчаў яна з'ехала ў калонію".
З Мінска ў Гомель Антаніна ехала трое сутак. Яшчэ ў СІЗА-1, як кажа Ганна, Антаніна заразілася COVID-19:
"І яе з ковідам адправілі на этап. Іх 15 чалавек загрузілі ў вагон, у памяшканне з металічнымі адсекамі [Ганна называе іх "зэкаўскімі і сталыпінскімі" — заўв.]. Першыя суткі іх не вадзілі нават у прыбіральню. А там была спякота — і гэты вагон, як кансервавая бляшанка, награваўся [у той дзень, паводле метэапаказчыкаў, тэмпература даходзіла да 29 градусаў — заўв.]. Хоць адлегласць ад Мінска да Гомеля можна пераадолець прыкладна за 5 гадзін — то бок яны галоўным чынам стаялі, а не ехалі. Без вады, без ежы, без сну. І яны прыехалі ў Гомель 29 ліпеня. Гэта значыць з 26-га па 29-е Тоня ехала ў Гомель".
Антаніну адправілі спачатку ў гомельскі СІЗА-3, а адтуль 22 жніўня этапавалі ў папраўчую калонію №4 горада Гомеля.
"Якраз на дзень народзінаў свайго сына", — адзначае Ганна.
У Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча двое дзяцей: Насці цяпер пяць гадоў, а Ваню сем гадоў споўнілася 22 жніўня. У той дзень Насця павіншавала свайго брата з днём народзінаў падчас акцыі салідарнасці ў Варшаве — туды Ганна разам з унукамі вырашылі пераехаць пасля крымінальнага пераследу Антаніны.
Жыццё і праца ў калоніі
"Турэмны абутак там немагчымы, як прэсаваны кардон", — Ганна пераказвае ўражанні сваёй дачкі. У такіх чаравіках ейныя ногі моцна мерзлі (нягледзячы на лета) і ацякалі.
Прывезеныя з сабой у калонію рэчы ў Антаніны забралі, а наўзамен выдалі "турэмнае" адзенне, сярод якога:
"Ружовая сукенка ў белыя кветачкі ці лісточкі. Спадніца і пінжак балотнага колеру. Потым дадалі фуфайку. Акрамя гэтага, яна ходзіць з жоўтай біркай — як схільная да экстрэмізму", — кажа Ганна.
Спярша Антаніну паставілі працаваць швачкай.
"Але ў яе дрэнны зрок, які, відаць, яшчэ пацярпеў з моманту Акрэсціна, проста бяда, — кажа Ганна. — Бацька Тоні праз ДВН [Дэпартамент выканання пакаранняў — заўв.], праз начальніка калоніі падаваў усе дакументы, што чалавек дрэнна бачыць. Як чалавек можа быць швачкай, калі не трапляе ніткай у іголку? Потым Тоню перавялі са швейнага цэха — цяпер яна прасуе. Але там таксама не ўсё ў парадку. Яны прасуюць з воцатам, ідуць пары. Збіраем далей дакументы, каб паказаць яе дактарам, каб, магчыма, нейкі сабраць МРЭК [медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія — заўв.], таму што ўсё вельмі сумна".
Бацька Антаніны застаўся ў Беларусі, каб дапамагаць дачцэ "на месцы". Ён змог атрымаць працяглае спатканне — аднак яно аказалася не такім доўгім. Прычына ў тым, што Антаніна — "палітычная", мяркуе Ганна:
"Належыць [спатканне] трое сутак, але "палітычным" толькі адны суткі. Належыць 5 кг з сабой забраць прадуктаў, але палітычным не належыць нічога. З жоўтымі біркамі яны не могуць збірацца разам, не могуць абняцца, размаўляць адно з адным — усё гэта строга забаронена. Нельга дзяліцца ні з кім — яблыкам, цукеркай, цыгарэтай. У бібліятэцы "палітычным" не ўсе кнігі выдаюць. Працуюць з імі ідэолагі, выклікаюць на гутаркі, схіляюць да таго, што трэба падпісваць прашэнне".
Муж Сяргей Ярашэвіч
Муж Антаніны Сяргей (таксама палітвязень) знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 11, у Ваўкавыску. У яго строгі рэжым (у той час як у жонкі — агульны). Таму Сяргей не змог дамагчыся таго, каб перапісвацца з жонкай: на гэта павінен быць адмысловы дазвол, але яго не даюць.
У бацькоў Антаніны перапісвацца з зяцем атрымоўваецца, але перадаваць перадачы — не.
"Мы не лічымся сваякамі, — падсумоўвае Ганна. — Выходзіць, што бацька жонкі Сяргея не можа перадаваць яму перадачы: для таго, каб зняволенаму перадаваў цесць, трэба адмысловы дазвол — але яго не даюць".
З блізкіх крэўных сваякоў у Сяргея, як адзначае Ганна, ёсць толькі ягоны бацька. Але той падтрымлівае яго мала.
З кароткіх лістоў Сяргея зрабілася вядома, што і ягоны зрок у калоніі падае. Сяргей піша, што ў яго "ўсё добра", і пытаецца пра дзяцей.
"Дзеці — гэта балючае месца для абаіх, асабліва для Тоні. Яна вельмі перажывае, што шмат прапусціць і ўжо прапусціла. Гэта самае [вялікае] пакаранне — не бачыць дзяцей", — з сумам кажа Ганна.
Вялікая сям'я…
Ганна разам з унукамі Насцяй і Ванем актыўна ўдзельнічае ў акцыях салідарнасці з рэпрэсаванымі беларусамі ў Варшаве. У руках яна трымае плакат з надпісам: “11 гадоў на дваіх [сукупны тэрмін Антаніны і Сяргея — заўв.] — як патлумачыць дзецям, чаму сядзяць іх бацькі?”
"Мы ўсюды крычым, што дзеці растуць без бацькоў. Мне Ваню штораз цяжэй і цяжэй тлумачыць. З 31 жніўня пайшоў другі год, як дзеці не бачылі маму.
На гэты момант яны разумеюць сітуацыю так, як можна разумець гэта дзіцячым розумам. Яны разумеюць, што мама і тата ў турме, што мама і тата героі, што мы ідзём да беларусаў, таму што ўсе павінны ведаць, што таракан трымае маму і тату..."
Ганна ўзгадвае свой дыялог з Ванем, калі Тоні і Сяргею вынеслі прысуд. Хоць Ваню непасрэдна пра гэта не казалі — але хлопчык, магчыма, пачуўшы гутарку бабулі па тэлефоне, сам задаў гэтае пытанне:
"Бабуля, а пяць гадоў — гэта колькі?"
"Ванюша, гэта шмат".
"А гэта колькі дзён?"
"Ванюша, гэта вельмі шмат дзён".
"Ну навооошта?!"
"Без мамы яны сумуюць. Ніхто не заменіць маму, — дзеліцца сваімі перажываннямі Ганна. — Напрыклад, увечары Ваня кажа: “Бабуля, пагладзь мяне”. Я яго пагладжу — а ён кажа: “Не, ты пагладзь мяне, як мама”. Цяжка, канечне..."
А яшчэ ў сям'і Канавалавых ёсць сабака Кэндзі, які таксама сумуе па дзецях. Пра сваю сустрэчу з Кэндзі Ганна распавяла ў падкасце "Вясна прыйдзе" (выпуск пра хатніх жывёл, якія сталі сведкамі рэпрэсій):
"Калі я знайшла шчанюка — я падышла да ўсіх сваіх: “Давайце возьмем шчанятку”, і ўсе мне сказалі: “Так”. Мы паехалі глядзець гэтага шчанятку ўсёй сям'ёй: я з мужам, Тоня з мужам і двое дзяцей. І гаспадары кажуць: “Да нас ніколі не прыязджалі столькі чалавек [адразу], каб глядзець шчанятку”.
Падтрымаеце палітзняволеных жонку і мужа лістамі салідарнасці!Адрас для лістоў:Антаніне Сяргееўне Канавалавай: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3Сяргею Міхайлавічу Ярашэвічу: ПК №11. 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118