У Мінску да трох гадоў калоніі асудзілі пратэстоўца Кастру і Сільва Сержыю
32-гадовага кіроўцу таксі затрымалі сёлета 12 ліпеня за ўдзел у леташніх жнівеньскіх пратэстах.
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 6 кастрычніка вынеслі прысуд па крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) супраць грамадзяніна Беларусі Кастру і Сільва Сержыю. На судзе Сержыю прызнаў віну. На працэсе мужчыну дапытвалі за кратамі ў кайданках. Суддзя Таццяна Пірожнікава прызначыла яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Дзяржаўнае абвінавачанне па справе падтрымліваў Фёдар Сініцкі.
У чым абвінавацілі Сержыю?
Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі Кастру і Сільва Сержыю 12 ліпеня ў сябе дома. Пасля затрымання з ім запісалі "пакаяльнае" відэа.
Паводле версіі абвінавачання, Кастру і Сільва Сержыю ў ноч з 9 на 10 жніўня браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках на Нямізе і ў раёне гандлёвага цэнтра "Рыга". Таксама абвінавачаны не падпарадкоўваўся патрабаванням прадстаўнікоў улады, публічна выкрыкваў лозунгі, пляскаў рукамі, наўмысна перашкаджаў працы грамадскага транспарту, а гэта значыць — груба парушыў грамадскі парадак і здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
У наступны вечар Кастру і Сільва Сержыю, паводле абвінавачання, на вуліцах Сурганава, Куйбышава, Бяды ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, здзяйсняў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады: разбіў нявызначаную колькасць пліткі, якую выкарыстоўвалі ў якасці зброі, сваімі дзеяннямі блакаваў працу транспарту, прадпрыемстваў, чым здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
Кастру і Сільва Сержыю прызнаў віну ў поўным аб'ёме.
Што казаў на судзе абвінавачаны?
Абвінавачанага дапытвалі на судзе ў кайданках. На працэсе Кастру і Сільва Сержыю распавёў, што ўвечары 9 жніўня мінулага года ён сустрэўся з таварышам Дзмітрыем. Яму было вядома, што будзе адбывацца несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Ён накіроўваўся з Серабранкі ў бок Нямігі з натоўпам. Пакуль ішлі ў бок Нямігі, усё было спакойна. Як распавёў абвінавачаны, з аднаго боку былі пратэстоўцы, з другога — супрацоўнікі сілавых структур, апранутыя ў цёмнае форменнае абмундзіраванне. Патрабаванняў ад іх Сержыю не чуў, але мяркуе, што яны агучваліся.Сержыю распавёў, што пайшоў на акцыю з цікавасці, паглядзець, "якія людзі там будуць". Згодна са словамі абвінавачанага, удзельнікі мерапрыемства, у асноўным, "былі нармальныя", але былі адрозныя людзі, апранутыя ў адмысловае адзенне, і былі п'яныя. Наогул усе сябе паводзілі нармальна і культурна, адзначае Сержыю. Больш за ўсё крычалі лозунг "Міліцыя з народам".
Калі Сержыю прыйшоў на праспект Пераможцаў, то ўбачыў насупраць прыпынку шэраг сілавікоў. Праезная частка была пустая, людзі знаходзіліся на тратуары, але руху транспарту не было.
Паводле яго словаў, лозунгі ён не выкрыкваў. Бачыў, што дарога была перакрытая не толькі міліцыяй, але таксама пратэстоўцамі. Сержыю сказаў, што на дарогу выйшаў, каб зняць відэа, і не браў удзелу ў шэсці. На ўдакладняльныя пытанні суддзі ён прызнаў, што выйсці на дарогу было памылкай, але на той момант не ўсведамляў гэтага.
На наступны вечар Сержыю быў на працы: працаваў на таксі. Пра тое, што будуць акцыі пратэсту, чуў ад кліентаў і з тэлеграм-каналаў. Каля 00:30 ён спыніўся перакусіць, міма ішлі людзі, ён далучыўся да іх. Яны ішлі ў бок "Рыгі". Па яго словах, думаў, што, калі там будуць супрацоўнікі міліцыі, то адразу пойдзе дадому, бо яшчэ 9 жніўня было страшна і цяжка было дабрацца дадому. Таму прыняў рашэнне быць на "Рызе" да таго, як прыедзе міліцыя. Сержыю распавёў, што бачыў барыкады, але яны стаялі яшчэ да таго, як ён прыйшоў. Ён не бачыў, як іх будавалі. Калі прыехала міліцыя, то ён адразу ўцёк.
Пракурор спытаў у яго, ці падбіраў ён якія-небудзь прадметы. Абвінавачаны распавёў, што падбіраў: пакуль быў у натоўпе, то "вырашыў падзяцініцца" і на відэа кінуў нейкі камень, каб разбіць кавалачак пліткі. Але той так і не разбіўся, таму яшчэ пару разоў кінуў, але нікому пры гэтым не пагражаў, а міліцыі тады наогул не было.
На працэсе Кастру і Сільва сказаў, што пайшоў на акцыю з мэтай выказвання свайго палітычнага меркавання. Калі чытаў пра тое, як збіваюць людзей, яго гэта трывожыла і не магло пакінуць абыякавым.
Суддзя Пірожнікава ўдакладніла ў Сержыю мэту знаходжання на акцыі. Ён распавёў, што ў першы дзень далучыўся да пратэсту толькі з цікавасці, паглядзець, як праходзяць масавыя мерапрыемствы, "можа на відэа зняць". Меў намер узяць удзел у мітынгу, але не радыкальна: "хутчэй, проста побач прайсці".
На судзе дапыталі суседку, з якой Сержыю знаёмы каля 10 гадоў. Ёй давалі на апазнанне чатыры відэа: на трох яна апазнала суседа. Яна апісала Кастру і Сільва са станоўчага боку: добры, кампанейскі, вясёлы. Добра яго ахарактарызавала на судзе і сястра абвінавачанага.
Чым усё скончылася?
Суддзя суда Маскоўскага раёна Таццяна Пірожнікава прызначыла Кастру і Сільва Сержыю пакаранне паводле ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) у выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
spring96.org