У Брэсце асудзілі восьмую групу фігурантаў «карагоднай справы»
6 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёна Брэста агучылі прысуды чарговым шасці фігурантам так званай «карагоднай справы».
![682d1578_c1d6_4934_8545_e8aa77b4b543_cx1_cy10_cw69_w1023_r1_s.jpg 682d1578_c1d6_4934_8545_e8aa77b4b543_cx1_cy10_cw69_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/682d1578_c1d6_4934_8545_e8aa77b4b543_cx1_cy10_cw69_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Усіх абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэставай акцыі 13 верасня 2020 года на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, піша Радыё Свабода.
Суддзя Марыя Аліфярук пакарала ўдзельнікаў крымінальнага працэсу наступнымі тэрмінамі калоніі і абмежавання волі:
Алег Кулеша (больш за 3 месяцы ў СІЗА № 7 Брэста) — 1 год і 7 месяцаў калоніі;
Мікіта Дзмітрыеў — 2 гады «хіміі»
мужа і жонку Сяргея Кунцэвіча і Ганну Кашырскіх — 1,5 года «хіміі»;
Дзмітрый Макарэвіч — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі»
Тацяна Пякарская — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі».
Згодна з версіяй абвінавачання, падсудныя ў групе з іншымі асобамі наўмысна «ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Іх дзеянні нібыта былі спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту, арганізацыяў і прадпрыемстваў.
З прычыны прастою тралейбуснаму парку нанесеная шкода ў суме 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін закрыліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання.
Агулам на гэты момант вынеслі ўжо сем калектыўных прысудаў. У рамках крымінальнай справы асудзілі 87 чалавек.
Суддзі, якія каралі фігурантаў «карагоднай справы»: Святаслаў Каліна, Дзмітрый Шурын, Іна Клышпач, Сяргей Маручак, Яўген Брэган, Дзмітрый Куроўскі, Вера Філонік.