Ніякага форс-мажору. Стала вядома, чаму «МАЗ» сарваў пастаўкі аўтобусаў у Кіеў

Гаспадарчы суд Кіева абавязаў аўтамабільную кампанію «Укравтоторг» кампенсаваць кіеўскаму камунальнаму прадпрыемству «Київпастранс» 1 мільён 379 тысяч грыўняў (больш як 50 тысяч долараў) за зрыў паставак аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода ў 2020 годзе.

151c486b5511349a3d83.jpg


Паводле лізінгавага дагавора, Кіеў мусіў да канца 2020 году атрымаць 200 беларускіх аўтобусаў, з іх 53 паставілі толькі на пачатку 2021 года. За несвоечасовую пастаўку гэтага транспарту прадпрыемства «Київпастранс» налічыла штрафныя санкцыі ў памеры 14 мільёнаў 305 тысяч 976 грыўняў (больш як паўмільёна долараў у эквіваленце) і звярнулася з пазовам у суд, піша «Радыё Свабода».

Але суд, скарыстаўшыся сваім правам, у 10 разоў зменшыў памер кампенсацыі, хоць і не прызнаў форс-мажорнымі агучаныя прычыны зрыву тэрмінаў пастаўкі пасажырскага транспарту ў Кіеў — пандэмія COVID-19, складанасці з пастаўкамі арыгінальных камплектуючых для зборкі аўтобусаў і дэфіцыт грашовых сродкаў. Гэтыя прычыны, як адзначаецца ў судовым рашэнні, назваў Мінскі аўтамабільны завод у сваім лісце на адрас украінскай кампаніі.

Сёлета ў сакавіку пра зрыў тэрмінаў паставак беларускіх тралейбусаў заявілі і мясцовыя ўлады Жытоміра, якія таксама сказалі пра намер выставіць штрафныя санкцыі пастаўшчыку. Афіцыйная дамова аб пастаўках беларускіх тралейбусаў была падпісаная ў рамках другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які праходзіў 3-4 кастрычніка 2019 года ў Жытоміры. Там адбылася першая і пакуль адзіная сустрэча Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага.

У сярэдзіне жніўня стала вядома, што Міністэрства фінансаў Беларусі не пералічыла 1 988 703 грыўняў (звыш 70 тысяч долараў) кампенсацыі Крамянчугскаму аўтатранспартнаму прадпрыемству за набыццё 10 аўтобусаў «МАЗ» на ўмовах фінансавага лізінгу праз «Укргазбанк». У выніку банк вымушаны быў рэструктурызаваць даўгі па абслугоўванні крэдыту, а гарадскія ўлады — ажыццяўляць гэтыя выплаты з мясцовага бюджэту.