У Кіеве кажуць, што Расія вывела не ўсе войскі з Беларусі пасля вучэнняў «Захад-2021»

Паводле міністра абароны Украіны, Расія выкарыстала вучэнні «Захад-2021» для нарошчвання сваіх войскаў уздоўж мяжы з Украінай.

Падчас вучэнняў «Захад-2021»

Падчас вучэнняў «Захад-2021»


Міністр абароны Украіны Андрэй Таран заявіў, што Расія пасля супольных з Беларуссю вучэнняў «Захад-2021» вярнула ў месцы сталай дыслакацыі не ўсе свае вайсковыя фармаванні. піша Радыё Свабода.

«Расійскі бок выкарыстаў актыўную фазу стратэгічных вучэнняў “Захад-2021” для дадатковага нарошчвання войскаў уздоўж нашай мяжы з Расіяй і Беларуссю. Вучэнні завяршыліся, але не ўсе вайсковыя фармаванні вярнуліся на месцы сталай дыслакацыі», — цытуе прэсавая служба Міністэрства абароны Украіны тэмы, якія міністр абароны Андрэй Таран абмеркаваў на сустрэчы з канцлерам Міністэрства абароны Эстоніі Кусці Салмам.

У той жа час, Андрэй Таран не ўдакладніў ні імаверную колькасць расійскіх вайскоўцаў, што засталіся ў Беларусі, ні іх месцы меркаванай дыслакацыі на беларускай тэрыторыі.

Міністр абароны Украіны таксама выказаўся за неабходнасць разблакавання пасяджэнняў камісіі Украіна — NATO на ўзроўні кіраўнікоў абаронных ведамстваў і атрымання Плану дзеянняў аб сяброўстве ў Паўночна-атлантычным альянсе.

29 верасня Міністэрства абароны Беларусі распаўсюдзіла інфармацыю, у якой сцвярджала, што ўсе падраздзяленні Узброеных сіл Расіі пасля вучэнняў выправіліся з тэрыторыі краіны.

Згодна са справаздачай Міністэрства абароны Расіі, на час вучэнняў на тэрыторыю Беларусі былі перакінутыя прыкладна 2,5 тысячы расійскіх вайскоўцаў. Ва Украіне заяўлялі, што рэальная колькасць задзейнічаных расійскіх вайскоўцаў была істотна большай.

Беларуска-расійскія вучэнні праходзяць раз на два гады і лічацца «завяршальным этапам» сумеснай падрыхтоўкі ўзброеных сіл дзвюх краін.

Сёлета манёўры праходзілі 10–15 верасня на тэрыторыі Расіі і Беларусі, агулам у іх было задзейнічана каля 200 тысяч вайскоўцаў, блізу 100 самалётаў і верталётаў, звыш 750 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку 290 танкаў, 240 гармат, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў.