Шайгу заявіў, што ў Беларусі будуць два вучэбна-баявыя цэнтры Узброеных сіл Расіі. Анансаваўся адзін

На тэрыторыі Беларусі з’явяцца два вучэбна-баявыя цэнтры для падрыхтоўкі спецыялістаў ваенна-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны, сказаў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу.

Сяргей Шайгу на фота зправа

Сяргей Шайгу на фота зправа


«Падчас вучэнняў “Захад-2021” мы праверылі функцыянаванне двух створаных вучэбна-баявых цэнтраў на тэрыторыі Беларусі, а таксама арганізацыю баявога дзяжурства ў адзінай рэгіянальнай сістэме СПА Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Вопыт, набыты экіпажамі знішчальнікаў, будзе улічаны ў далейшай рабоце па ахове паветраных межаў саюзнай дзяржавы», —заявіў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу на падвядзенні вынікаў манёўраў.

Раней паведамлялася, што на тэрыторыі Беларусі будзе функцыянаваць адзін навучальны цэнтр для сумеснай падрыхтоўкі вайсковых спецыялістаў, адзначае Радыё Свабода. Міністры абароны дзвюх краін у пачатку сакавіка дамовіліся аб стварэньні трох такіх цэнтраў — у Ніжагародскай і Калінінградскай абласцях Расіі, а таксама на Гарадзеншчыне. Месца другой беларускай лакацыі пакуль не ўдакладняецца.

1 верасня Лукашэнка праанансаваў, што Расія неўзабае паставіць «дзясяткі самалётаў, верталётаў, сродкі СПА, у тым ліку сістэмы С-400 і комплексы “Панцыр-С”».

9 верасня для сумеснага баявога дзяжурства ў складзе нядаўна створанага вучэбна-баявога цэнтру сумеснай падрыхтоўкі Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расіі заступілі зенітна-ракетныя і авіяцыйныя падраздзяленні дзвюх краін.

9 верасьня на аэрадроме в/ч 54804 Узброеных сілаў Беларусі ў Баранавічах прайшоў «урачысты рытуал» заступлення на баявое дзяжурства дзеля аховы паветраных межаў так званай «саюзнай дзяржавы». Адначасова ў гэты ж час на Гарадзеншчыне заступілі на баявое дзяжурства спецыялісты расійскіх зенітных ракетных войскаў.

Ад сярэдзіны 1990-х у Беларусі размяшчаюцца два расійскія вайсковыя аб’екты — 43-і вузел сувязі Ваенна-марскога флоту «Вілейка» і радыёлакацыйная станцыя «Волга» у складзе сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе.

Акрамя таго, функцыянуе рэгіянальная расійска-беларуская групоўка войскаў.