«У мэтах забеспячэння ідэалагічнай пераемнасці пакаленняў». Генпракуратура прапанавала стварыць комплекс памяці ахвяр генацыду

Генеральная пракуратура накіравала ў Савет міністраў прапановы па ўвекавечанні памяці ахвяр генацыду ў гады ВАВ.

genprokuratura_2.jpg


Як паведамляе прэс-служба нагляднага органа, прапрацоўваць прапановы ведамства пачало яшчэ ў ліпені 2021 года, піша REFORM.by.

«У мэтах забеспячэння ідэалагічнай пераемнасці пакаленняў Генеральная пракуратура выступіла з ініцыятывай прыняць рашэнне аб пазначэнні месцаў пахавання ахвяр генацыду» — гаворыцца ў паведамленні.

У выніку Саўміну прапанавалі стварыць міжведамасную камісію. Яна павінна вызначаць памятныя месцы «ўзбуйненых месцаў пахаванняў парэшткаў ахвяр генацыду», а таксама арганізаваць працу па захаванасці месцаў, перапахаванні загінулых.

Таксама ўраду прапануецца разгледзець стварэнне «адзінага мемарыяльнага комплексу ахвяр генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны і прысвечанага ім распазнавальнага памятнага знака адзінага ўзору, а таксама аб падрыхтоўцы адпаведнага праекта нарматыўнага прававога акту». Акрамя таго, прапануецца ўнесці звесткі аб ахвярах у «Кнігу памяці Рэспублікі Беларусь» і скаардынаваць працу выканкамаў па стварэнні музейных экспазіцый, прысвечаных генацыду.

«Генпракуратура таксама прапанавала ўраду даручыць Міністэрствам адукацыі і інфармацыі абнавіць і сістэматызаваць інфармацыйную, асветніцкую, вучэбна-выхаваўчую працу для фарміравання ў падрастаючага пакалення маральнай і грамадска-палітычнай пазіцыі ў адносінах да падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны, фундаментальных каштоўнасцяў грамадства, захавання гістарычнай памяці, у тым ліку праз уключэнне адпаведных заняткаў у вучэбную праграму», — паведамілі ва ўпраўленні па ўзаемадзеянні са СМІ.

Пакуль не паведамляецца, колькі на гэтыя мерапрыемствы папросяць грошай з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Але відавочна, што нямала.