Памёр беларускі літаратуразнаўца Міхась Тычына
Памёр вядомы беларускі літаратуразнаўца і крытык Міхась Тычына. Яму было 79 гадоў.

Міхась Тычына нарадзіўся 10 лютага 1943 года ў сям’і ссыльнага селяніна ў Якуціі. У 1947-м вярнуўся на радзіму ў Глускі раён, нагадвае budzma.org.
Працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, выкладаў літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі.
Друкавацца пачаў у 1963 годзе з вершаў (брэсцкая абласная газета «Заря»); выступаў як крытык і літаратуразнаўца з 1969-га (часопіс «Маладосць»). Спецыяліст у галіне літаратуразнаўчай экспертызы. Аўтар шматлікіх асабістых і калектыўных манаграфій, эсэ, нарысаў, аповесцей, апавяданняў. Пераклаў на беларускую мову шэраг прац і твораў Алеся Адамовіча. Адзін з аўтараў падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па беларускай літаратуры для базавай і сярэдняй школы.
Міхась Тычына быў чальцом Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага Пэн-цэнтра.
«Новы Час» выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім.