Станіслаў Шушкевіч: «Нікога з сяброў я не страціў, таму што нікому не здрадзіў»
Сёння ўначы памёр першы кіраўнік Беларусі, вядомы палітык і навуковец Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч. Мы згадваем яго матэрыялам, які быў напісаны да 86-годдзя гэтага выбітнага чалавека і сапраўды гістарычнай асобы.
Урывак з кнігі Аляксандра Тамковіча "Лёсы".
Пра пенсію былога Старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслава Шушкевіча, якая складае “рэкордны” адзін долар у месяц, напісана столькі, што дадаць нешта новае складана. Гэта нават вартае знакамітай кнігі Гінэса, але справа не толькі ў нейкім прэцэдэнце. Вельмі спадзяюся на тое, што гэты маналог стане адказам на пытанне “Чаму такая ганьба адбываецца ўвогуле?”.
Пад знакам цяжкасцей
«Усё вельмі проста. Нарадзіўся ў Мінску 15 снежня 1934 года, а двума тыднямі раней, 1 снежня, мая маці Алена Людвіганаўна Раманоўская стала членам Саюза савецкіх пісьменнікаў і атрымала членскі білет, падпісаны Максімам Горкім.
Першыя дзіцячыя ўспаміны звязаны з 1936 годам, калі “забралі” бацьку, але яго самога амаль не памятаю. Пасля гэтага маці перастала працаваць на радыё, бо зразумела, што дабром гэта не скончыцца, і стала звычайнай школьнай настаўніцай беларускай і рускай моў.
Пачалася вайна. Хацелі ўцячы ад захопнікаў, але нямецкія дэсантнікі “перарэзалі” ў раёне Барысава шашу. Мы — бабка, маці, малодшая сястра і я — вярнуліся назад у Мінск разам са сваімі козамі, якіх у нас было дзве, і яны сапраўды былі нашымі карміцелькамі ў час акупацыі.
Мой дзед жыў у вёсцы Шчытоміравічы, што за два кіламетры ад цяперашняй кальцавой дарогі ў слуцкім напрамку. Забраў ён мяне да сябе ў зіму 1941—1942 гадоў, і я зразумеў, што вясковае жыццё крыху больш сытнае за гарадское: карова, кіслая капуста, бульба, куры, а час ад часу і мёд. У Мінску ў гэтым сэнсе жылося непараўнальна горш. Пасля заўсёды радаваўся, калі мог наведаць дзеда Пятра Антонавіча Шушкевіча — сапраўднага селяніна, садоўніка, пчаляра.
Добра памятаю, як 3 ліпеня 1944 года вызвалілі Мінск, а ўжо ў верасні паўстала пытанне пра школу. Але ў які клас ісці? Вайна ж для мяне пачалася ў шэсць гадоў. Чытаць і пісаць навучыўся дома, таму вырашылі, што пайду ў чацвёрты клас.
У мяне была цудоўная настаўніца Таццяна Канстанцінаўна Мальцава. Больш я такіх не сустракаў. Яна пасябравала з маёй маці, бо ў іх было агульнае гора — арыштаваныя мужы. Мая 13-я школа была рускамоўнай, а пачынаў я вучыцца ў 19-й беларускай, дзе выкладала маці. Яна перавяла мяне ў 13-ю, каб не выслухваць папрокі ў свой адрас за мае не вельмі ціхія паводзіны.
Чацвёрты клас закончыў з пахвальным лістом, а ў сярэдняй школе мне падабалася праводзіць некаторыя ўрокі па-за школай, гуляючы ў “футбол” бляшанкай з-пад кансерваў. У выніку перастаў добра займацца і нават атрымліваў двойкі.
Захапіла карэспандэнцкая дзейнасць. Была такая газета “Пионер Белоруссии”, якая потым ператварылася ў “Зорьку”. Я пісаў у яе пра тое, што адбываецца ў нашай школе і класе. Так што мы з вамі ледзь не сталі калегамі.
Рэдакцыя моцна “правіла” маю пісаніну, і ў публікацыях усё атрымлівалася значна лепшым, чым было на самай справе. Пэўны час аднакласнікі называлі мяне не “дзеткар”, як было напісана ў газеце, а “дзетбрэх”.Напрыканцы пятага класа мяне выклікала да сябе рэдактар Настасся Мазурава, і я ледзь не страціў прытомнасць, выслухаўшы яе.
“Дорогой Стасик, у тебя, конечно же, с учёбой всё по-прежнему. Редакция решила премировать тебя путёвкой в “Артек” за деткоровскую работу. Уезжаешь через два дня”, — сказала яна.
Трэба было вельмі хутка сабраць розныя даведкі і рэчы. Усё гэта я зрабіў імгненна, аднак пра тое, што пачаў даволі дрэнна вучыцца, Мазуравай не сказаў. Пабаяўся, што для “Артэка” выберуць каго-небудзь іншага.Было гэта ў канцы сакавіка, а ўжо з першага красавіка я два месяцы займаўся ў артэкаўскай школе. Стараўся, як мог, і вярнуўся з даведкай аб тым, што ў чацвёртай чвэрці па ўсіх прадметах атрымаў выдатныя адзнакі. У маёй 13-й такога не чакалі.
Па сённяшні дзень помню, што ў “Артэку” можна было ў волю наесціся хлеба. Ён стаяў на стале, і браць можна было колькі хочаш. Для мяне гэта быў сапраўдны цуд. У Мінску жылі па картках: у мяне з сястрой — спажывецкія, у маці — працоўная. Ёй давалі пяцьсот грамаў хлеба, а нам па трыста. Калі б была нейкая іншая ежа, жылі б някепска, а так даводзілася тугавата. У “Артэку”, як кажуць, ад’еўся ў волю.
Цудоўныя ўспаміны. Цікавыя заняткі, паходы, важатыя, мора. Вада была халаднаватая, але для жыхара Беларусі — цудоўная.
Памятаю, як да нас прыехаў маршал Будзённы. Нас з ім сфатаграфавалі, і на здымку я высунуў галаву вышэй за ўсіх.
Пад знакам вучобы
Закончыў школу з медалём, але прымаць мяне на “фізіку” не хацелі. Рэктар Чымбург быў вельмі ідэйны — выкладчык “гісторыі КПСС”. Увесь час ад мяне патрабавалі перапісаць аўтабіяграфію. Я пісаў, што бацька “з сям’ёй не жыве”. Гэта насцярожвала, бо ўсе дагадваліся, у чым тут справа, але папракнуць мяне было цяжка.— З сям’ёй не жыве, а дзе ён, не ведаю, — адказваў я, як навучыла маці. І ні слова болей. Урэшце прынялі.
Гэта быў 1951 год. Вучыўся я нармальна, іграў на домры ва ўніверсітэцкім аркестры, займаўся ў матацыклетнай секцыі, нядрэнна ездзіў на ўніверсітэцкім матацыкле і прымаў удзел у ралі. Павінен быў стаць удзельнікам мотапрабегу Мінск — Кіеў, і тут рэктар мяне выкрасліў. Вялікая была крыўда…
Калі я быў на трэцім курсе, памёр Сталін, а рэктарам стаў Канстанцін Ігнацьевіч Лукашоў. І мяне ніхто больш ні адкуль не выкрэсліваў і нічым не папракаў.
Курс у нас быў вельмі таленавіты. Да гэтага часу штогод сустракаемся з тымі, хто жывы. Пасля былі аспірантура інстытута фізікі, радыёзавод, універсітэт, кандыдацкая дысертацыя. Доктарскую абараніў у Маскве, таму што быў не ўладах з нашымі акадэмічнымі сіламі на чале з “вялікім мафіёзі”, які кіраваў Акадэміяй навук. Ён “падмяў” усіх, і людзі былі павінны спачатку служыць яму, а потым — навуцы. Я такога не любіў, таму знаходзіўся ў няласцы.
Мая доктарская называлася “Інфарматыўныя параметры электрамагнітных сігналаў”. Гэта тое, што цяпер называецца атрыманнем інфармацыі ва ўмовах выпадковых і датэрмінаваных (вызначаных) перашкод. Маскоўскі савет складаўся з найвядомейшых навукоўцаў.
— Куды ты лезеш? — пыталіся ў мяне добра дасведчаныя людзі. — Калі там правалішся, то доктарам ужо ніколі не станеш.— А калі не правалюся, то ВАК (Вышэйшая атэстацыйная камісія СССР) абавязкова зацвердзіць. І ніякая ананімка не перашкодзіць, — адказваў я.
Так і сталася 13 мая 1970 года, хаця ананімка і была: яе мне паказаў пасля ўручэння дыплома доктара навук старшыня савета. Асабіста мне было даволі проста дагадацца, чыіх рук гэта справа.
Заўсёды любіў выкладчыцкую работу, пачаў выкладаць яшчэ ў студэнцкія гады, у сваёй роднай школе — замяняў там настаўніцу фізікі, якая завочна заканчвала педагагічны інстытут і была на сесіі. Мне было прыемна зацікавіць клас рашэннем нестандартных фізічных задач, і не толькі са школьных падручнікаў. Вучні ж, са свайго боку, “правяралі” мяне, як тады модна было казаць, “на вашывасць”, прапаноўваючы задачы ў тым ліку і са зборнікаў конкурсных задач для алімпіяд па фізіцы. Калі вярнулася настаўніца, то ледзь не страціла прытомнасць, бо яна была не надта вялікім хватам, але вельмі сумленным і працавітым чалавекам і прапаноўвала вучням толькі тыя задачы, якія папярэдне сама рашыла дома.
Аспіранцкая стыпендыя ў 62 рублі асуджала на вельмі сумнае існаванне. І я зарабляў тым, што праводзіў заняткі са студэнтамі па фізіцы ў Інстытуце народнай гаспадаркі і ў школах.
Пасля заканчэння аспірантуры мяне размеркавалі ў Акадэмію навук малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі. Адразу прыйшлося сутыкнуцца з фінансавымі цяжкасцямі. Кандыдацкую дысертацыю я на той момант яшчэ не абараніў, і мой аклад складаў усяго 83 рублі. Натуральна, гэта не задавальняла.
І тут да мяне прыйшоў чалавек з радыёзавода, дзе праз некаторы час я сутыкнуўся са знакамітым Лі Харві Освальдам і падчас практыкі зрабіў вельмі шмат цікавых рэчаў. Прапанаваў пайсці да іх, у спецыяльнае канструктарскае тэхнічнае бюро (СКТБ), якое толькі-толькі пачало працаваць. Яно распрацоўвала тую апаратуру, якую распрацоўваў і я. Мне параілі аб’яднаць гэтыя рэчы і назвалі суму акладу — 160 рублёў плюс 40% “прагрэсіўкі”, калі будзе станоўчы вынік. Зразумела, гутарка ідзе пра грошы, якія былі пасля рэформы 1961 года.
Я вырашыў, што напісанню дысертацыі такая работа перашкаджаць не будзе. А радыёзавод, мабыць, стаў адной з лепшых маіх жыццёвых школ. Там былі вельмі добрыя практыкі, якім часам не хапала тэарэтычнага разумення таго, што яны робяць. Калі ты пабудуеш тэарэтычную мадэль, то потым ужо можна палепшыць і зробленае. Мне пашанцавала працаваць з такімі практыкамі, якія і вышэйшай адукацыі не мелі, але сапраўды стваралі нешта арыгінальнае. Са многімі шчыра пасябравалі, напрыклад, з Ізем Капланам. Ён вельмі здзівіўся, калі я прапанаваў, як палепшыць характарыстыкі распрацаванай ім прылады.
Ён не без падстаў крытычна ставіўся да маладых супрацоўнікаў з вышэйшай адукацыяй, бо зробленыя ім прыборы звычайна былі лепшымі за іх распрацоўкі. Спачатку і мяне Ізя ўспрыняў як дылетанта з дыпломам, але калі зрабіў тое, што я раіў, сказаў: “Ты першы чалавек, які сапраўды ведае арыфметыку і рэальна мне дапамог. Ад падлікаў тых, хто прэтэндуе на веданне вышэйшай матэматыкі, я яшчэ ніколі не адчуваў карысці”.З той пары я часта ўжываю словы “арыфметычны разлік”, а не “тэарэтычнае абгрунтаванне”.
Дарэчы, прыборы пад тагачаснымі назвамі “селектыўны ўзмацняльнік” і “сінхронны дэтэктар”, распрацаваныя менавіта мной і таленавітымі самавучкамі з радыёзавода, выпускаліся радыёзаводам у Мураме дваццаць гадоў. У пэўным сэнсе гэта рэкорд.
Пад знакам навукі
На жаль, кіраўніцтва СКТБ і радыёзавода адмовілася браць заказы на новыя распрацоўкі прыбораў для навуковых даследаванняў. Адразу я не разумеў чаму? Потым датумкаў: рухацца наперад прыемна, але рызыкоўна, прасцей удасканальваць старэчу. Такой працай, без перанапружання, у савецкі час можна было займацца многія гады, і дасведчаныя кіраўнікі ўсяляк адбіваліся ад новых распрацовак і выпуску новай прадукцыі. Іх можна было зразумець: не трэба дабівацца фондаў, гэта значыць уключэння ў дзяржаўны план забеспячэння абсталяваннем і матэрыяламі. Безнаяўныя грошы на рахунку прадпрыемства нічога не вырашалі. Без дзяржпланаўскіх фондаў на іх нельга было набыць неабходнае. Старая прадукцыя дазваляла каціцца па наезджанай каляіне. Прасцей за ўсё было атрымаць фонды, як і ў мінулы год, плюс невялічкі дадатак на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці. Іншы падыход мог мець месца тады, калі быў бы пэўны зачын, але пераканаць кіраўніцтва, што ён у мяне ёсць, было цяжка. А ў балота ўдасканалення старэчы мяне было складана заманіць. Тым не менш сітуацыя, з якой я сутыкнуўся, стала для мяне выдатнай навукай на будучыню. Пазней я заўсёды шукаў такія захады, каб, працуючы над планавай тэмай, забяспечанай пэўнымі фондамі і фінансаваннем, ажыццяўляць дзякуючы гэтым фондам і фінансаванню пошук новага. Наяўнасць створанага такім чынам “зачыну” дазваляла брацца за новыя распрацоўкі і зноў у межах новага фінансавання і фондаў, у тым ліку фонду заработнай платы, рабіць новы зачын. Пра гэта гаварылася як пра спалучэнне навукі з вытворчасцю, якое неабходна падтрымліваць і развіваць. А на самай справе трэба было старанна ўтойваць, што грошы па тэме, якую аплачвае заказчык, ты выкарыстоўваеш для таго, каб зрабіць зачын і без рызыкі папрасіць і паспяхова завяршыць наступную тэму. На радыёзаводзе я не дайшоў да рэалізацыі такога падыходу і баяўся, што мая далейшая праца там будзе даволі сумнай.
Але пашанцавала. Менавіта ў гэты момант мяне знайшоў Аляксандр Мікалаевіч Пісарэўскі і прапанаваў перайсці ва ўніверсітэт. Яго запрасілі ў Мінск з Ленінграда, каб стварыць кафедру ядзернай фізікі. Я сказаў яму, што да ядзернай фізікі маю нязначнае дачыненне, на што ён адказаў: “Менавіта для ядзернай фізікі патрэбна самая сучасная электроніка, а да яе, па маім разуменні, Вы дачыненне маеце”.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — мая альма-матар. Мне там заўсёды падабалася, а тут яшчэ і аплата амаль такая ж, як на заводзе. Перайшоў, хаця, як аказалася, з СКТБ, а больш за ўсё з яго мудрым кіраўніком, сапраўдным прафесіяналам і цудоўным чалавекам Веньямінам Натанавічам Пумпянскім, расставацца было цяжка.
— Праз месяц-два я змагу значна павысіць вам аклад, ды і з супрацоўнікамі вы ўмееце ладзіць. Заставайцеся тут, — сказаў Пумпянскі, калі я прыйшоў да яго з заявай аб звальненні.
Прыйшлося шчыра прызнацца, што хачу перайсці ва ўніверсітэт, каб займацца навукай, і вельмі ўдзячны СКТБ за досвед, які там атрымаў.
Ва ўніверсітэце спачатку працаваў галоўным інжынерам навуковай лабараторыі пры кафедры, пасля абараніў кандыдацкую па тэме “Фізічныя прынцыпы выяўлення разведвальных прыёмнікаў”. Гэтая тэма фінансавалася ваеннай часцю, якая з’яўлялася навукова-даследчым інстытутам у сістэме КДБ. Трэба было ідэнтыфікаваць тых, хто цікавіўся сігналамі і кодамі савецкіх радыёлакацыйных станцый і меў для гэтага спецыяльнае абсталяванне, якое па вонкавым выглядзе не адрознівалася ад прылад бытавой электронікі ці ад радыёпрыёмніка ў аўтамабілі. Мне ўдалося прыдумаць метад для таго, каб ідэнтыфікаваць такія прылады нават у выключаным стане.
Наша распрацоўка выкарыстоўвалася даволі доўга, выкарыстоўваецца яна і сёння, але ўжо для іншых мэт. У 1997 годзе мяне як аўтара падручніка па асновах радыёэлектронікі для ўніверсітэтаў запрасілі ў Томск на даволі спецыфічнае свята — 50-годдзе вышэйшай радыётэхнічнай адукацыі ў Сібіры. (Падручнік быў там перавыдадзены.) На адным з томскіх радыётэхнічных заводаў яшчэ працягвалі выпускаць прыбор, асновай якога быў узор, створаны мной у 1961—1962 гадах падчас працы над кандыдацкай дысертацыяй. Гэта крыху здзівіла, бо пасля я ўсё значна ўдасканаліў, і новы, прапанаваны мной метад дазваляў ствараць прыборы, больш адчувальныя ў 20—30 разоў.
У Томску я выступіў перад тымі, хто распрацаваў надзейны варыянт прыбора на аснове майго лабараторнага макета для кандыдацкай дысертацыі, распрацаванага ў 1962 годзе. Ні яны пра мяне, ні я пра іх нічога не ведаў. Я па-ранейшаму быў “універсітэтчыкам”, яны — “абароншчыкамі” — супрацоўнікамі заўсёды сакрэтнай абароннай прамысловасці.
Каб не тагачасны рэктар томскага Інстытута сістэм кіравання і радыёэлектронікі прафесар Іван Мікалаевіч Пустынскі, з якім мы цесна супрацоўнічалі, я б так і не даведаўся аб укараненні вынікаў маёй кандыдацкай дысертацыі. У сваю чаргу і ён, будучы кансультантам на заводзе, які выпускаў “мой” прыбор, таксама не ведаў, што я маю дачыненне да яго распрацоўкі. Такімі былі правілы гульні: парушэнне падпіскі аб “невыдаванні” пагражала доўгімі гадамі турмы.
Мой даклад на заводзе тамічы ўспрынялі на ўра, і мы разам пашкадавалі, што сакрэтнасць не дазволіла своечасова дасягнуць значна лепшых вынікаў у сапраўды дзяржаўнай справе.
Але вернемся да таго прызначэння. У канцы 1965 года мяне (беспартыйнага) паклікалі ў гаркам партыі і прапанавалі стаць прарэктарам па навуковай рабоце радыётэхнічнага інстытута (МРТІ). Здраджваць універсітэту было няёмка, але гарантаванне таго, што праз 2-3 месяцы атрымаю кватэру, было важкім козырам. Вельмі хацелася пазбавіцца прыбіральні з акенцам “бубновы туз” у нашым двары на Спартыўным завулку. На тым месцы зараз стаіць універсітэт культуры.
Сакратаром гаркама партыі тады быў Васіль Іванавіч Шарапаў — вельмі дзелавы, энергічны і, я б сказаў, мудры кіраўнік. Нікога не абражаючы, ён даў мне зразумець, што ў кіраўніцтве МРТІ павінны з’явіцца дасведчаныя “тутэйшыя”, бо, на яго думку, там мнагавата не самых лепшых прывазных, у чым я хутка пераканаўся. На вялікі жаль, такіх кіраўнікоў, як В.І.Шарапаў, было ў нас вельмі мала.
Словам, я пагадзіўся. Праз тры гады ўдалося належным чынам наладзіць у МРТІ навуковыя справы, і я вярнуўся ва ўніверсітэт (праўда, не без прыгод, але гэта тэма для іншай размовы).
Я заўсёды захапляўся пабудовай апаратуры, заснаванай на новых прынцыпах. Сёння гэта называецца прыборабудаваннем на аснове інавацыі ў канструктарскіх распрацоўках. Павінен сказаць, што калі майго загадчыка кафедры пачалі выжываць з універсітэта, то я добра ўсведамляў прычыну: ён меў усе шансы прэтэндаваць на больш высокае становішча, быў небяспечным канкурэнтам для тых, хто прэтэндаваў на гэтыя пасады. І, як было прынята ў камуністаў-“інтэрнацыяналістаў”, яго спынілі, скарыстаўшы тое, што ён быў габрэем.
А каб усё выглядала прыстойна, мне прапанавалі падаць заяву на конкурс, каб заняць яго месца. Я добра ведаў конкурсныя парадкі і адказаў, што ёсць усе падставы аб’явіць конкурс на пераабранне, бо загадчык кафедры (Пісарэўскі) адпавядае самым высокім патрабаванням для такой пасады. Рэктар адказаў, што будзе конкурс на абранне, што так вырашыў Савет універсітэта, што Пісарэўскі таксама мае права падаць на конкурс, але як рэктар ён перакананы — Пісарэўскага не выберуць.
Я адмовіўся прымаць удзел у “закулісных гульнях” і пачуў ад рэктара: “Тады табе будзе дрэнна”! Сагітавалі іншага, але ён не “цягнуў” на кіраванне ўжо вялікай на той час кафедрай з мноствам таленавітых супрацоўнікаў і праз чатыры месяцы напісаў заяву аб адстаўцы. Прафесар Пісарэўскі не пайшоў ні на якія здзелкі і вярнуўся ў Ленінград. Беларусь страціла двух цудоўных навукоўцаў: Пісарэўскага і яго жонку — сусветна вядомага хіміка, цудоўнага чалавека, доктара навук Галіну Ахатаўну Шагісултанаву.
Пасля іх ад’езду быў аб’яўлены новы конкурс. Я перамог і стаў загадчыкам кафедры з поўнай назвай “Кафедра ядзернай фізікі і мірнага выкарыстання атамнай энергіі”.
У 1985 годзе ўніверсітэт наведаў Першы сакратар ЦК КПБ Мікалай Слюнькоў. Яму вельмі спадабалася “мая” кафедра. Адразу пасля візіту ён параіў новаму рэктару акадэміку Леаніду Іванавічу Кісялеўскаму прызначыць мяне прарэктарам БДУ па навуковай рабоце з захаваннем на пасадзе загадчыка кафедры. У той час такая парада была фактычным загадам. Да гэтага месца прарэктара было занята адным з “партыйцаў пры навуцы”, які прабраўся на высокую пасаду дзякуючы партбілету і здольнасці дагаджаць начальству. Рашэнне Слюнькова і для мяне, і для ўсіх іншых было поўнай нечаканасцю.
У наступным годзе здарылася чарнобыльская катастрофа.
Аб тым, што вецер нясе радыеактыўныя рэчывы, мы даведаліся раней за іншых, і вось як. Выкладчыцы, якая праводзіла лабараторныя заняткі ў лабараторыі кафедры, адна са студэнтак паказала вынікі зробленых ёю замераў радыеактыўнасці. Выкладчыца пасаромела студэнтку за абсалютна “дзікія” лічбы, параіла быць акуратнай і правесці новыя замеры. Новыя замеры радыеактыўнасці далі амаль такі ж вынік. Выкладчыца вырашыла, што сапсавалася апаратура, папрасіла лабарантку замяніць дэтэктар і ўзмацняльнік. Вынік зноў аказаўся такім жа.
Нешта падобнае адбылося і ў іншых лабараторыях кафедры, і стала ясна, што радыеактыўны фон вырас у дзясяткі разоў. Пазванілі ў Сосны, мяркуючы, што там нешта здарылася на рэактары. Там усё было ў норме. Зразумелі: радыеактыўнасць прынёс паўднёвы вецер.
Мы абсталявалі ў адной з лабараторый кафедры кантрольны пункт, у які мог звярнуцца кожны, хто хацеў зрабіць замер забруджання радыенуклідамі адзення, рэчаў і ежы. Мяне выклікаў да сябе тагачасны першы сакратар гаркама партыі Бажко і абвінаваціў у распаўсюджванні панікі. На што я адказаў: “Калі гаварыць пра партыйныя справы і дзейнасць, Вы для мяне аўтарытэт і начальнік, а што да спраў фізічных і ядзерных выпраменьванняў, то тут не Вы, а я Вас таму-сяму магу навучыць”. І пайшоў. Можна толькі ўявіць, які ён у той момант стаў раз’юшаны, бо ў кабінеце знаходзіўся не адзін…
У 1991 годзе, калі мяне абралі Першым намеснікам Старшыні Вярхоўнага Савета, з фізікай і якой бы там ні было сур’ёзнай дзейнасцю ва ўніверсітэце давялося развітацца, калі не лічыць таго, што да 1995 года я ўзначальваў Савет па абароне дысертацый. Да гэтага часу пад маім навуковым кіраўніцтвам былі выкананы і паспяхова абаронены 33 кандыдацкія дысертацыі.
Пад знакам перамен
Ва ўніверсітэце не адзін раз паўставала пытанне выбараў, але я заўсёды адразу браў самаадвод. А тут мы сабраліся з маімі сябрамі на нейкі “сабантуй”, і яны кажуць: “Заўтра сход, мы будзем вылучаць цябе кандыдатам у народныя дэпутаты. Дай сёння слова, што не адмовішся”. Я доўга не пагаджаўся, але ў рэшце рэшт слова даў. Вылучылі, і я даволі лёгка прайшоў усе неабходныя этапы.
Цікавы выпадак. На сталічнай вуліцы Гурскага, у будынку аднаго з прадпрыемстваў, мы праводзілі перадвыбарны сход. Перад пачаткам была распаўсюджана папера, у якой гаварылася, што я тайны сексот КДБ, здрадзіў свайму бацьку і г.д. Многія пачалі пытацца пра аўтара, а на сходзе прысутнічаў трэці сакратар Фрунзенскага райкама партыі, які адказаў на пытанне так: “Гэта не мы, і хто пісаў, не ведаем”. Аднак тут паднялася нейкая жанчына і сказала: “Ды што вы кажаце?! Па вашым загадзе вось гэтымі рукамі я друкавала гэтыя ўлёткі”. Пад крыкі “Ганьба!” яму прыйшлося збегчы.
Па выбарчай акрузе нас вылучалася шэсць чалавек. Трое былі прыстойнымі людзьмі, траіх іншых у прыстойнасці не западозрыш. Большасць выбаршчыкаў прагаласавалі за мяне. Так у траўні 1989 года я стаў народным дэпутатам СССР.
Неўзабаве мяне праз тагачаснага сакратара парткама БДУ Віктара Гайсёнка, які зараз з’яўляецца беларускім паслом у Польшчы, запрасілі на пасяджэнне парткамісіі, дзе планавалася разглядаць пытанне аб тым, як сябе павінен паводзіць дэпутат-камуніст. Прыйшоў. Камісія прызначыла мне на 15.00, але ў гэты час мяне ніхто з прыёмнай не запрасіў. Мабыць, сябры камісіі хацелі прадэманстраваць мне сваю важнасць. Хадзілі з кабінета ў кабінет, займаліся нейкім справамі. Я сказаў Гайсёнку перадаць сябрам камісіі, што ў іх шмат свабоднага часу і за іх плячыма — нікога, а ў мяне часу мала, і за мной 220 тысяч выбаршчыкаў, таму няхай навучацца працаваць як належыць, а калі да мяне ёсць пытанні, то няхай прыходзяць на прыём да мяне ў прызначаны для гэтага час.
Я вельмі паважаю ветэранаў (а менавіта з іх складалася грозная парткамісія), але не заўсёды дзейнічаю ў адпаведнасці з іх парадамі і рэкамендацыямі, бо не яны, а я нясу поўную адказнасць за сваю дзейнасць.
А што да сакратара парткама ўніверсітэта, які мяне тады суправаджаў… Шкада, што той самы Віктар Гайсёнак — добры прафесар-фізік і неблагі выкладчык, які гатовы быў чытаць студэнтам курс фізікі на беларускай мове, сёння піша ліст еўрапарламентарыям, у якім расказвае, якая дэмакратычная і справядлівая ўлада ў Беларусі і якая несумленная Еўропа, бо чамусьці гэтага не ўсведамляе і хоча прыняць крытычную рэзалюцыю па Беларусі.
Прашу прабачэння за сентэнцыю, але чалавек сапраўды пазнаецца ў складаных умовах. Усе мае сябры як былі сябрамі, так імі і засталіся. Нікога з іх, “схадзіўшы” ва ўладу, я не страціў, таму што нікому не здрадзіў. А ў пэўных асобах разабраўся нядрэнна…
Калі ўсе прыбалты выдзеліліся з Савецкага Саюза, мне стала цалкам зразумела, што палітычны акцэнт трэба рабіць менавіта на гэтым, і неабходна абрацца народным дэпутатам Беларусі, якая ў той час называлася БССР.
Тады я ўзначальваў Мінскую гарадскую арганізацыю таварыства “Веды”, і ўсе добра ведалі, што вылучацца планую менавіта ад гэтага калектыву. Аднак там было некалькі былых генералаў, якія ўпадалі ў шок ад таго, што я стаўлю знак роўнасці паміж Гітлерам і Сталіным. Ад іх і трэба было чакаць “сюрпрызу”, таму, калі мяне вылучыла яшчэ і нейкае канструктарскае бюро, вырашыў нікому пра гэта не гаварыць.
І недарма. Таварыства “Веды” мяне вылучыла, але “генералы” ўпрасілі некалькіх чалавек адысці са сходу, а потым напісалі ліст “наверх”, што ён быў неправамоцным.
У 1990 годзе мяне абралі без праблем, а ў 1996 камуністы на чале з Калякіным выставілі моцную альтэрнатыву — доктара фізіка-матэматычных навук. Прыйшлося пазмагацца і перамагчы.
Пад знакам хлусні
На жаль, пад ім апошнія 16 год даводзіцца жыць кожнаму з нас. Асабліва гэта тычыцца так званага “развалу” Савецкага Саюза.
Распавяду аб усім па парадку.
Перш за ўсё тут трэба пачаць з таго, што я ўжо казаў. У адрозненне ад многіх абранцаў па лініі Беларускага народнага фронту я добра ставіўся да некаторых прадстаўнікоў партыйна-гаспадарчай эліты краіны.
Напрыклад, мне падабаўся Кебіч, таму што гэта вельмі разумны кіраўнік, але ў яго атачэнні было шмат падлюг, якія наўмысна спойвалі Вячаслава Францавіча. Раніцай — нармальны чалавек, а ў 12 гадзін ужо ўцёк.
Аднойчы ён прыйшоў да мяне і сказаў: “Вельмі дрэнныя ў нас справы. Рабі што хочаш, але нам трэба “зацягнуць” сюды Ельцына, бо газ і нафта фактычна залежаць ад яго. Наступную зіму мы не вытрымаем. Запрасі яго на паляванне, ён з табой сябруе”. Просьба была такой шчырай, што я адразу пагадзіўся.
20 кастрычніка 1991 года ў Нова-Агарове праходзіла нарада вышэйшага кіруючага органа Савецкага Саюза Дзяржсавету, членам якога я быў. Звычайна гэта адбывалася так. Прыходзіў Гарбачоў і прыносіў на разгляд праект нейкага дакумента, які потым прымаўся ці не. У той раз ён прынёс праект новай саюзнай дамовы. На той час я быў даволі дасведчаны ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва, таму адразу сказаў: “Уважаемый Михаил Сергеевич, с позиции дефиниций это весьма сумбурный документ, и мне было бы стыдно отстаивать его в нашем Верховном Совете. Там сразу же поймут, что Вы хотите сделать близкое к унитарному государство, где права директивного органа будет иметь президент. Это большая концентрация власти, чем была в СССР. Почему всё называется конфедерацией?”.
Натуральна, былыя “цэкаўцы” Карымаў, Назарбаеў, Краўчук звыкла прамаўчалі, а падтрымаў мяне Барыс Ельцын, які выказаў крытыку па шэрагу іншых пазіцый. Гарбачоў усё гэта выслухаў і моўчкі выйшаў. Тады Карымаў кажа мне і Ельцыну: “Вы нас поссорили с Михаилом Сергеевичем, вы и мирите”.
Мы пайшлі шукаць Гарбачова. Па дарозе я кажу: “Як тут у вас прыгожа! У нас таксама прыгожа, і я хачу запрасіць Вас на паляванне ў Белавежскую пушчу”. Шчыра кажучы, раней я сам быў там толькі як турыст. Ельцын з задавальненнем пагадзіўся. Прэс-службы ўзгаднілі дату. Кебіч параіў запрасіць яшчэ і Краўчука. Кожны разумеў, што нам трэба сустрэцца без Гарбачова.
Так мы сабраліся ў Белавежскай пушчы, і калі пачалі гаварыць аб тым, што неабходна зрабіць, то зразумелі: без адпаведнай заявы (якую потым і зрабілі) мы можам толькі прасіць Гарбачова, каб памілаваў.
Самым актыўным распрацоўшчыкам гэтага дакумента быў Ягор Гайдар, якога я шчыра паважаў і пры жыцці, і цяпер. На мой погляд, толькі вечнае расійскае халуйства не дазволіла ім зразумець гэтага чалавека. Калі Бальцаровіча Польшча фактычна насіла на руках, то Гайдара Расія не зразумела. Можа, таму, што дзяржава непараўнальна большая, і таму, што ў пэўных напрамках Гайдар быў рамантыкам. Гэта быў Эканаміст і Палітык з вялікай літары.
Добра памятаю, як філосаф Генадзь Бурбуліс тады спытаў: “А что, если вам предложить для подписания фразу “СССР как геополитическая реальность и субъект международного права прекращает своё существование”? Я разумеў, што пасля жнівеньскага путчу Гарбачоў кіруе краінай толькі намінальна, таму выказаў гатоўнасць падпісацца. Краўчук кажа: “И я подпишу”. Ельцын: “А я тем более”.
Працавалі над дакументам цэлы дзень, з 18-ці першапачатковых пунктаў засталося толькі 14, але пастаўленай мэты дасягнулі. Пазней Венецыянская камісія і іншыя вядомыя структуры ацанілі яго як узор вышэйшай юрыдычнай дасканаласці.
З нашага боку падпісаліся я і Кебіч, з украінскага — Краўчук і прэм’ер Вітольд Фокін, з расійскага — Ельцын і дзяржсакратар Бурбуліс.
Чарговы ілжывы міф, што гэта была “п’яная лавачка”. Поўны нонсенс. Смешна слухаць. Гэта мне нагадвае цыгана, які прадае каня і так яго хваліць, што нават самому становіцца шкада прадаваць…”
Аўтарскае пасляслоўе
Са Станіславам Шушкевічам мы сустракаліся 23 чэрвеня 2010 года. Напярэдадні ён быў у літоўскай амбасадзе, а падчас нашай размовы спяшаўся ва ўкраінскую. Супадзенне невыпадковае. На жаль, за мяжой Станіслава Станіслававіча цэняць больш, чым на радзіме. На жаль, сёння такая дзяржаўная палітыка. У выніку яе былому спікеру беларускага парламента і плацяць самую малую пенсію ў свеце…