«Панове, паднапружцеся!» Па-беларуску выйшла кніга вядомай францускай мысьляркі

У ліпені ў выдавецтве «Скарына» (Лёндан) пабачыў сьвет пераклад апошняга фэмінісцкага эсэ францускай філёзафкі і гісторыцы Элізабэт Бадэнтэр — «Панове, паднапружцеся!» Кніга выйшла пры падтрымцы Цэнтру гендарных дасьледаваньняў ЭГУ. 

 Элізабэт Бадэнтэр «Панове, паднапружцеся!». Фота: Skaryna Press  

 Элізабэт Бадэнтэр «Панове, паднапружцеся!». Фота: Skaryna Press  

Па-француску эсэ выйшла ўвесну 2024 году ў выдавецтва Flammarion / Plon. Пераклад выкананы дацэнтам Дэпартамэнту сацыяльных навук Уладзіславам Гарбацкім (Івановым). Гэта першая кніга слыннай мысьляркі па-беларуску.

Эсэ прысьвечанае дасюль актуальнай тэме асымэтрычнага разьмеркаваньня хатняй працы ў парах, праблеме мэнтальнага цяжару, які закранае пераважна жанчынаў і амаль ніколі мужчынаў. Нарэшце, эсэ прапануе фэмінісцкае тлумачэньне дэмаграфічнага крызісу, зь якім сутыкнуліся ўсе індустрыяльныя краіны.

Прэзэнтацыя кнігі заплянаваная на восень 2025 году ў Вільні, Варшаве, Пазнані, Празе і Бэрліне.