Кардонныя генэралісімусы і іх вісюлькі

А вы ведалі, што медаль «75 гадоў вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» можа атрымаць не толькі вэтэран, але і амаль кожны? Адно з патрабаваньняў: асобы, якія ўнеслі значны ўнёсак у героіка-патрыятычнае выхаваньне грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

kardonki.jpg

Мы пераглядзелі ўсе існыя ордэны і мэдалі нашай краіны. Ганаровых носьбітаў гэтых узнагародаў можна бачыць на парадах і ўрачыстых паседжаньнях. Агулам у Беларусі 14 ордэнаў і 44 мэдаля.

Пачнем з узгаданага мэдаля.

75_let_osvobozdenija_belarusi.jpg

У 2019 адзначалася 75-годзьдзе вызваленьня Беларусі, тады і быў зацьверджаны гэты знак пашаны. Акрамя нашых прыблізна палутара тысячаў жывых вэтэранаў Другой сусьветнай вайны, а таксама вязьняў нямецкіх (не савецкіх) канцэнтрацыйных лягераў гэты мэдаль выдаецца тым, хто зрабіў унёсак у героіка-патрыятычнае выхаваньне грамадзянаў Беларусі. Каб зразумець, што менавіта прадугледжвае гэтае выхаваньне ў нашых навучальных установах, дастаткова ўзгадаць нядаўнюю гісторыю, калі ў садку выхавацелі паказвалі дзеткам кнігі пра Леніна. Цікава, ці напрацавалі на мэдаль? 

Ордэн Воінскай славы

ord_voin_sl.jpg

Заснаваны ў 1995. Гучыць сур’ёзна, адважна і мужна. Каму можа дастацца? Вайскоўцам Беларусі за выключныя заслугі ў кіраваньні войскамі, падтрыманьні іх высокай баявой гатоўнасьці і прафэсійнай вывучкі, за адвагу і самаадданасьць, праяўленыя пры абароне Айчыны і яе дзяржаўных інтарэсаў, выкананьні іншых службовых абавязкаў, за заслугі ва ўмацаваньні баявой садружнасьці і вайсковага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі. Першым і адзіным чалавекам, які атрымаў гэтую ўзнагароду, стаў былы міністар абароны Леанід Мальцаў у 2008 — «За ўзорнае выкананьне службовых абавязкаў». Гэта той самы міністар, які ў 1996 быў вызвалены з пасады за «праступак, які дыскрэдытуе вайсковае званьне афіцэра (зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане)». Але ў краіне з кадрамі напружана, як з фінансамі, таму ў 2001 Мальцаў зноў стаў міністрам абароны.

Ордэн Айчыны (першая, другая і трэцяя ступень) 

bel.ord.otech.3.jpg

Заснаваны ў 1995. Лічыцца найвышэйшым ордэнам Беларусі. Узнагароджваньне за выдатныя дасягненьнi ў вытворчай, навукова-дасьледчай, сацыяльна-культурнай, грамадзкай, дабрачыннай i іншых сфэрах дзейнасьці, скіраванай на павышэньне дабрабыту людзей i ўмацаваньне магутнасьцi краiны; за мужнасьць i адвагу, праяўленыя пры абароне Айчыны i яе дзяржаўных iнтарэсаў, забеспячэньнi законнасьцi i правапарадку; за вялiкiя заслугi ў разьвiцьцi эканамiчных, навукова-тэхнiчных i культурных сувязей памiж Рэспублiкай Беларусь i iншымi краiнамi. На сёньня поўнымі кавалерамі ордэна (асобы, што атрымалі пасьлядоўна ордэн трэцяй, другой, першай ступені) зьяўляюцца 5 чалавек. Сярод іх алімпійская чэмпіёнка ў веславаньні Кацярына Карстэн і Віктар Шэйман — чалавек, меркавана датычны да зьнікненьняў беларускіх палітыкаў у 1999. 

Ордэн Дружбы народаў

sjabroustva_narodau.jpg

Заснаваны ў 1995. За гэты час беларускі народ сябраваў са шматлікімі іншымі народамі. Сярод больш чым 60 ляўрэатаў узнагароды 35 чалавек – з Расеі, 6 – з Кітаю. У сьпісе ўзнагароджаных значацца: Уга Чавес, Уладзімер Пуцін, Рамзан Кадыраў, Сяргей Лаўроў, Генадзь Зюганаў, патрыярх Кірыл, патрыярх Аляксей ІІ, Ала Пугачова, прэзыдэнт Эгіпту Абдэль аль-Сісі, Курманбек Бакіеў (прычым зьбеглы прэзыдэнт Кыргызстану атрымаў ордэн ужо знаходзячыся ў Беларусі). 

Ордэн «За асабістую мужнасьць»

za_lichnoye_mujestvo.jpg

Заснаваны ў 1995. Ордэнам узнагароджваюцца грамадзяне за выключную адвагу i асабiстую храбрасьць, праяўленыя пры выкананьнi воiнскага абавязку, грамадзянскага або службовага абавязку; за самаадданыя ўчынкi, зьдзейсненыя ў экстрэмальных абставiнах; за мужнасьць, праяўленую пры ахове дзяржаўнай мяжы; за мужнасьць, праяўленую пры ахове грамадзкага парадку; за сьмелыя i рашучыя дзеяньнi ў абставiнах, зьвязаных з рызыкай для жыцьця.

Гэтае апісаньне падышло для палкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі, меркаванага ўдзельніка «Эскадронаў сьмерці», чальцы якіх меркавана выкрадалі і забівалі апанэнтаў рэжыму. Таксама вартым узнагароды стаў генэрал Навумаў, былы міністар МУС — «за асаблівыя заслугі, мужнасьць і адвагу, праяўленыя пры затрыманьні небясьпечнага злачынцы і вызваленьні закладніка». Навумаў таксама зьяўляецца меркаваным чальцом «Эскадрона сьмерці». 

Мэдаль «За адвагу»

za_advahu.jpg

Гэтым мэдалём узнагароджваюцца вайскоўцы, супрацоўнікі органаў унутраных справаў, органаў фінансавых расследаваньняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў па надзвычайных сытуацыях і іншыя грамадзяне за асабістую мужнасьць і адвагу, праяўленыя: у баявой абстаноўцы пры абароне Айчыны і яе дзяржаўных інтарэсаў; пры выкананьні воінскага абавязку, службовага або грамадзянскага абавязку, ахове канстытуцыйных правоў грамадзянаў; пры выратаваньні людзей на вадзе, падчас стыхійных бедзтваў, пажараў, аварый, катастроф і іншых надзвычайных абставінаў, зьвязаных з рызыкай для жыцьця.

Апошні на гэты момант узнагароджаны мэдалём «За адвагу» у 2021 — Рыгор Азаронак, з фармулёўкай «За высокі прафэсіяналізм, вялікі асабісты ўнёсак у разьвіцьцё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі». 

Мэдаль «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы»

zaadznakuuahovegranici.jpg

Заснаваны ў 1995. Вы не паверыце, але падчас актыўнай фазы мігранцкага крызісу на межах Беларусі з Польшчай, Літвой, Латвіяй, 10 верасьня 2021 каля 15 супрацоўнікаў аховы дзяржаўнай мяжы атрымалі адпаведныя мэдалі.

А ў 2001 гэты мэдаль атрымаў Віктар Лукашэнка

Мэдаль «За адзнаку ў воінскай службе» 

za_adznaku_u_voinskaj_sluzbe.jpg

Чытаем апісаньне: узнагароджваюцца вайскоўцы за значныя заслугi ў воiнскай службе; за посьпехi ў падтрыманьні высокай баявой гатоўнасьці падразьдзяленьняў, выдатныя паказчыкi ў баявой падрыхтоўцы, асаблівую адзнаку на вучэньнях i манэўрах, пры нясеньні баявога дзяжурства; за асаблівыя заслугi ў асваеньні, эксплюятацыi i абслугоўваньні ваеннай тэхнiкi, высокае прафэсійнае майстэрства.

А далей можна кінуць вока на апошніх узнагароджаных гэтым мэдалём 31 сакавіка 2022. Сяргей Глазырын – кіраўнік аддзела ідэалягічнай працы ўстановы адукацыі «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь», Станіслаў Бажычка — намесьнік ваеннага камэнданта па ідэалягічнай працы Менскай ваеннай камэндатуры. 

Ордэн Францішка Скарыны (ня блытаць з мэдалём Скарыны, глядзіце ніжэй)

orden_francisca_scorina.jpg

Заснаваны ў 1995 як адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагародаў Беларусі за асаблівыя заслугі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня. На сёньня гэты ордэн атрымалі 299 чалавек. Нацыянальнаму беларускаму адраджэньню асабліва паслужылі: патрыярх Аляксей ІІ, Філіп Кіркораў, Надзея Бабкіна, Мікалай Баскаў, Барыс Ельцын, Юры Лужкоў, Валянціна Мацвіенка, прапагандысты Аляксандар Зімоўскі, Павел Якубовіч, ігуменья Гаўрыіла.

Мэдаль Францішка Скарыны

med_fr_skar.jpg

Заснаваны ў 1989. Гэтым мэдалём узнагароджваюцца супрацоўнікі навукі, адукацыі і культуры за выдатныя дасягненьні ў прафэсійнай дзейнасьці, значны асабісты ўклад у разьвіцьцё і множаньне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народу. Першымі атрымальнікамі былі Ніл Гілевіч, Мікола Ермаловіч, Міхась Ткачоў. Да 1994 мэдаль Скарыны пасьпелі атрымаць Васіль Быкаў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Уладзімер Мулявін, Сяргей Грахоўскі, Янка Брыль. Пазьнейшыя атрымальнікі зь іншай катэгорыі: патрыярх Аляксей ІІ, мэр Масквы Юры Лужкоў, Анатоль Ярмоленка, прапагандыст Аляксандар Аверкаў, былы дэкан ФСЗН БДУ Вадзім Гігін, кіраўнік БТ Іван Эйсмант. У 2021 – прапагандыст Ігар Тур, у 2022 — прапагандыст Russia Today Канстантын Прыдыбайла і вакалістка гурта «Аўра», вядомага сваім «гітом» «Любімую не аддаюць», Юлія Быкава. Сьпявачка атрымала мэдаль на наступны дзень пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.

У 2020, за паўгады да разгрому Купалаўскага тэатру, 7 актораў таксама атрымалі гэты мэдаль.

І яшчэ цікавы факт — мэдаль Францішка Скарыны атрымаў Скарына. У 2021 прафэсар катэдры плодаагародніцтва сельскагаспадарчай акадэміі Уладзімер Скарына стаў чарговым, 622, узнагароджаным.

Мэдаль «За працоўныя заслугі»

trudzaslbel.jpg

Гэтую ўзнагароду атрымалі больш за 6 тысячаў беларусаў. У апошнім сьпісе заслужаных працаўнікоў ад 31 сакавіка 2022 – Натальля Эйсмант, Алег Гайдукевіч, Марат Маркаў.

Ордэн «За ўмацаваньне міру і дружбы»

orden_mir.jpg

Гэта самы новы беларускі ордэн, заснаваны ў 2017. Яго атрымаў чырвоны таварыш Сі Цзыньпін у 2016. Як сталася, што ён атрымаў гэты ордэн яшчэ да моманту заснаваньня, мы наўрад ці даведаемся. Дарэчы, кітайскі камуніст застаецца першым і апошнім узнагароджаным ордэнам «За ўмацаваньне міру і дружбы». 

Ордэн маці

orden_maci.jpg

Ім узнагароджваюцца маці, якія нарадзілі і выхавалі 5 і болей дзяцей. На наш погляд, гэты ордэн мусіць быць на адным узроўні з узнагародай «Герой Беларусі». Ордэн маці атрымалі ўжо 11980 беларусак. Адна з ардэнаносцаў — Вольга Залатар — знаходзіцца за кратамі пасьля ўдзелу ў супраціве 2020. 

Ёсьць яшчэ цікавы мэдаль — «25 год Службе бясьпекі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», а таксама яго старэйшы брат — «20 год Службе бясьпекі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Да той жа катэгорыі — мэдалі «80 год Пракуратуры Рэспублікі Беларусь», «90 год Пракуратуры Рэспублікі Беларусь», «100 год Пракуратуры Рэспублікі Беларусь». «100 год органам дзяржаўнага кіраваньня сельскай гаспадаркай і харчаваньнем Рэспублікі Беларусь», «150 год пажарнай службе Беларусі», «160 год пажарнай службе Беларусі» і гэтак далей, лёгіка не хітрая.

У 1997 быў заснаваны беларускі «Мэдаль Жукава», каб было як у Расеі, дзе такі мэдаль зрабілі ў 1995.

medal_of_zhukov.jpg


Ордэн Кастуся Каліноўскага

200px_orden_kastusja_kalinouskaha__rekanstrukcyja_.jpg

Ці чулі пра яго? Гучыць як узнагарода ад Рады БНР, але гэта дзяржаўны беларускі ордэн, які быў нададзены роўна нікому. Ордэн існаваў з 1995 па 2004, і не знайшлося нікога, хто адпавядаў бы яго патрабаваньням: за самаадданы ўчынак, мужнасьць і адвагу, выяўленыя пры выратаваньні людзей, спыненьні злачынных замахаў на іх жыцьцё; за адвагу, выяўленую ўва ўмовах падвышанай небясьпекі пры ахове грамадзкага парадку, абароне дзяржаўнай уласнасьці, пры затрыманьні злачынцаў і выкрыцьці злачынных групаў, за мужнасьць і ўстойлівасьць, выяўленыя падчас стыхійных бедзтваў, пажараў, аварыяў, катастрофаў і іншых надзвычайных абставінах, у выніку чаго папярэджаная пагроза жыцьцю і здароўю людзей або выратаваныя значныя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасьці.

Разгледзім яшчэ некалькі не дзяржаўных і не афіцыйных узнагародаў.

Памятаеце, у 2015 на пасаду прэзыдэнта вылучаўся Мікалай Улаховіч, які называў сябе атаманам і беларускім казаком? Яго арганізацыя «Беларускае казацтва» ўзнагароджвае ўласным «Атаманскім крыжам».

atamanski_kryz__2006_.jpg


Прыгожая і цудоўная альтэрнатыва дзяржаўным узнагародам – мэдаль, які быў заснаваны ў 2018 Радай Беларускай Народнай Рэспублікі да 100-годзьдзя БНР. Згодна са сваім статутам, мэдаль уручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў 25 сакавіка.

bpr_centennial_medal_r.jpg

Сярод каля 140 чалавек, узнагароджаных гэтым мэдалём — Павал Севярынец, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Някляеў, Лявон Вольскі, Радзім Гарэцкі, Алесь Бяляцкі, Уладзімер Арлоў, Ніна Багінская, Васіль Сёмуха, Сьвятлана Алексіевіч, Лявон Баршчэўскі, Алесь Разанаў, Алег Трусаў, Мікола Статкевіч, Алена Анісім і іншыя — сапраўдная дрымцім беларускага грамадзтва.

Напрыканцы варта яшчэ раз выказаць пашану і падзяку тым асобам, якія насамрэч заслугоўвалі тых ці іншых узнагародаў, узгаданых у гэтым матэрыяле: вэтэранам шматлікіх войнаў, дзеячам культуры і мастацтва, супрацоўнікам органаў, якія зьдзейсьнілі гераічныя ўчынкі пры расьледваньні і затрыманьні сапраўдных злачынцаў, лекарам, працоўным і людзям любых прафэсій, якія сваёй дзейнасьцю заслужылі мець знак пашаны ад народа.

Ганарымся вартымі, не прымаем «кардонных».

Захаваны аўтарскі правапіс