Правы чалавека: чаму рэжымы Пуціна і Лукашэнкі – пагроза ўсяму свету?

Калі скончыцца «заклапочанасць» Захаду парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі і калі пачнуцца рэальныя крокі? Якую пагрозу аўтарытарныя рэжымы Беларусі і Расіі нясуць усяму свету? І чаму там, дзе пачынаецца бізнес, правы чалавека заканчваюцца?

Сілавікі ў Мінску падчас «Марша народаўладдзя», 8 лістапада 2020 года

Сілавікі ў Мінску падчас «Марша народаўладдзя», 8 лістапада 2020 года

Гэтыя і іншыя пытанні 10 – 11 снежня ў Берліне абмяркоўваюць эксперты з Германіі, Беларусі, Расіі і Польшчы падчас канферэнцыі «Еўрапейскі праваабарончы дыялог: як дапамагчы грамадзянскай супольнасці ў Расіі і Беларусі».

«Беларусізацыя» — гэта не толькі пра мову

— Да жніўня 2020 года мы казалі пра крызіс і пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека. Але для тых, хто не быў у тэме, гэта не было зразумела. У нас быў «толькі» адзін палітвязень, досыць свабодна працаваў інтэрнэт, не было такіх катаванняў, як у Чачні. Але жнівень даў зразумець, што ўсе тыя свабоды, якія заставаліся, праваабаронцы адваявалі ў дзяржавы, — гаворыць праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка, сямёра калег якога цяпер знаходзяцца за кратамі.

Павел Сапелка. Скрыншот з трансляцыі

Павел Сапелка. Скрыншот з трансляцыі


Цяпер правоў чалавека ў Беларусі, бадай, не засталося. У краіне больш за 900 палітвязняў , з іх каля 30 — журналісты. Больш за 300 арганізацый грамадзянскай супольнасці ліквідаваныя ці знаходзяцца ў стане ліквідацыі і не могуць ажыццяўляць сваю дзейнасць. Знішчаныя ўсе праваабарончыя арганізацыі. Каля 30 тысяч беларусаў прайшлі праз затрыманні, сотні тысяч з’ехалі з краіны. Ідуць масавыя звальненні людзей, тым ці іншым чынам датычных да пратэстаў.

— Перспектывы ў мяне глыбока песімістычныя. Ніхто, апроч беларусаў, не ў стане змяніць свой лёс, менавіта яны вызначаюць сваю будучыню, — падсумаваў Павел Сапелка.



У суседняй Расіі сітуацыя не нашмат лепшая. Па словах прадстаўніка асветніцка-праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» (якую ў Расіі збіраюцца забараніцьСяргея Давідзіса, найбольш драматычнага года з пункту гледжання правоў чалавека, як гэты, у гісторыі постсавецкай Расіі не было. Але, слухаючы расійскага праваабаронцу, беларусы, пэўна, злавілі б сябе на думцы: недзе мы ўжо гэта бачылі. Ды і расійскія праваабаронцы адзначылі тэндэнцыю «беларусізацыі» ў задушэнні грамадзянскіх правоў і свабод. У краіне цяпер 426 палітвязняў, але гэта няпоўны спіс.

Сяргей Давідзіс. Скрыншот з трансляцыі

Сяргей Давідзіс. Скрыншот з трансляцыі


Ва ўсходніх суседзяў з канца мінулага года набірае моц заканадаўства аб «замежных агентах»: цяпер імі могуць прызнаваць не толькі СМІ, але і фізічных асоб, становіцца больш жорсткай адказнасць для незарэгістраваных арганізацый. Забараняецца ўдзел у выбарах асобам, звязаным з «экстрэмісцкімі» аб’яднаннямі, пашыраюцца падставы для прызнання арганізацый непажаданымі. Больш жорсткім зрабілі заканадаўства аб мітынгах, уводзіцца фактычна ліцэнзаванне асветніцкай дзейнасці, пашыраецца сфера прымянення некаторых крымінальных артыкулаў (напрыклад, хуліганства). Таксама пашыраецца разуменне паклёпа, уводзіцца адказнасць за блакаванне руху пешаходаў і транспарту. Крыміналізаваны паклёп на ветэранаў (рэабілітацыя нацызму), забараняецца адмаўленне вырашальнай ролі СССР у перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Расце пераслед па «экстрэмісцкіх» артыкулах — за публікацыю выказванняў, што рэабілітуюць нацызм, абразу пачуццяў вернікаў, дэманстрацыю забароненай сімволікі (у прыватнасці, арганізацыі Аляксея Навальнага). Беспрэцэдэнтна ўзмацнілася рэгуляванне інтэрнэту, з’явілася заканадаўства аб сацыяльных сетках.


Падчас адной з панэляў канферэнцыі ў Берліне. Скрыншот трансляцыі

Падчас адной з панэляў канферэнцыі ў Берліне. Скрыншот трансляцыі


Праблема, якая тычыцца ўсіх

 Як у Беларусі, так і ў Расіі невыносныя ўмовы ў месцах пазбаўлення волі, прымяняюцца катаванні. Расце колькасць людзей, якія ўцякаюць ад рэпрэсій за мяжу.

 Замежныя інструменты ціску павінны быць, але павярнуць махавік рэпрэсій назад яны не могуць, — лічыць Сяргей Давідзіс.

Чаму ўвогуле міжнароднай дэмакратычнай супольнасці павінна быць справа да парушэнняў правоў чалавека ў іншых краінах? Таму што правы чалавека — частка міжнароднай бяспекі.

Яшчэ акадэмік Андрэй Сахараў казаў аб непарыўнай сувязі абароны правоў чалавека і міжнароднай бяспекі. Гэты прынцып лёг і ў аснову Хельсінкскіх пагадненняў. Аднак цяпер праблема правоў чалавека сыходзіць на перыферыю міжнароднага парадку дня. Не выпадкова, што паралельна з гэтым усё больш пагроз узнікае для міжнароднай бяспекі. Пакуль у некаторых краінах адбываюцца найгрубейшыя парушэнні правоў чалавека, свет не можа быць бяспечным.

Ёрг Форбрыг, дырэктар праграм Цэнтральнай і Усходняй Еўропы The German Marshall Fund of the United States лічыць, што правы чалавека нікуды не зніклі з палітычнай дыскусіі і рэакцый Захаду на падзеі ў Беларусі і Расіі. Але з боку Еўрасаюза рэакцыя змянілася шэсць месяцаў таму ў выніку інтэрнацыяналізацыі праблемы парушэння правоў чалавека ў Беларусі, калі ў Мінску адбылася гвалтоўная пасадка самалёта кампаніі Ryanair і арышт Рамана Пратасевіча. Яшчэ большае напружанне выклікаў міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЕС.

Ёрг Форбрыг. скрыншот з трансляцыі

Ёрг Форбрыг. скрыншот з трансляцыі


Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак зазначае: пакуль парушэнне правоў чалавека ў Беларусі не было страшным для ўсіх навокал, гэта выглядала як нешта экзатычнае. У тым ліку для значнай часткі беларускага грамадства, якая не звяртала ўвагі на даклады праваабаронцаў.
 Людзі раптам убачылі, дзе яны жывуць. Але сітуацыя ў свеце змянілася ў горшы бок. Аказалася, што шэраг лідараў краін гатовыя адкрыта кінуць выклік агульнапрынятым каштоўнасцям.
Праваабаронца зазначае, што сітуацыя становіцца ўсё больш небяспечнай і непрадказальнай. І простых рашэнняў тут няма. Становішча ў Беларусі можа працягвацца доўга, і лёгкага выйсця з гэтага палітычнага крызісу не будзе, мяркуе Алег Гулак.

Алег Гулак. Скрыншот з трансляцыі

Алег Гулак. Скрыншот з трансляцыі


Нічога асабістага — проста бізнес?

Расійскі апазіцыйны палітык, паплечнік Аляксея Навальнага Уладзімір Мілоў таксама згодны, што праблема правоў чалавека не знікла з павесткі, але ёй даводзіцца літаральна прадзірацца скрозь real politic.
— Мы надта расслабіліся пасля 1991 года, правы чалавека адышлі на другі план, а на першы выйшла камерцыя. Гэта самы сур’ёзны канфлікт нашага часу. 20 гадоў таму ніхто не думаў, што будзе такі рэнесанс аўтарытарызму ў свеце, — мяркуе палітык. — Калі ў Расіі ў раннія гады кіравання Пуціна пачалася кансалідацыя аўтарытарызму, мы крычалі, што беззаконне будзе шырыцца. Грузія ў 2008 годзе, потым Украіна — звёны гэтага ланцуга. Парушэнне правоў чалавека (унутры дзяржавы. — НЧ) — ранняя прыкмета таго, што ўрады бяруць на ўзбраенне парушэнне чужых правоў.

Уладзімір Мілоў. Скрыншот з трансляцыі

Уладзімір Мілоў. Скрыншот з трансляцыі


Абмяркоўваючы тэму сутыкнення правоў чалавека і real politic, эксперты закранулі і пытанне супрацоўніцтва дэмакратычных урадаў з аўтарытарнымі (гандаль з Беларуссю, Кітаем, функцыянаванне «Паўночнага патоку-2»). З аднаго боку, такім чынам заходнія дэмакратыі ствараюць працоўныя месцы для людзей. Але з іншага — заахвочваюць дыктатуру, ад якой пасля самі ж і церпяць. У той жа час дэмакратычныя ўрады залежаць ад сваіх выбаршчыкаў, якія часта не жадаюць цярпець эканамічныя страты і тым больш не хочуць войнаў. Калі казаць пра Расію, то праваабаронцы прызнаюць: многія ўрады проста баяцца наступіць на мазоль Крамля.
Але ў той жа час усё больш актыўна развіваецца тэма адказнасці бізнеса ў сферы правоў чалавека. Еўрапейская грамадзянская супольнасць павінна ўплываць на бізнес і палітыкаў, гучна заяўляць пра парушэнні правоў чалавека ў свеце — толькі так можна ўтрымаць гэтую тэму ў фокусе ўвагі. 

Падчас адной з панэляў канферэнцыі ў Берліне. Скрыншот з трансляцыі

Падчас адной з панэляў канферэнцыі ў Берліне. Скрыншот з трансляцыі