Плошча-2010 — той снежань быў гарачым

Чатырнаццаць гадоў таму, 19 снежня 2010 года, была разагнаная Плошча. На той час гэта была самая масавая акцыя народнага пратэсту — па розных падліках у ёй удзельнічалі ад 15 да 100 тысяч беларусаў. І самыя жорсткія рэпрэсіі ў гісторыі незалежнай Беларусі.

zastavka_32.jpg

Кампанія 2010-га запомнілася шматлікімі незвычайнымі тэмамі. Гэта і імклівае з'яўленне на палітычнай сцэне арганізацыі «Гавары праўду» з незразумелым для шмат каго бэкграўндам. І незвычайна вялікая колькасць кандыдатаў, якіх ЦВК рэгістраваў пачкамі. І кансультацыі з Захадам адносна зыходу Лукашэнкі на ганаровую пенсію. І, безумоўна, тыя выбары ўзбагацілі наш лексікон. З'явілася абрэвіятура «ШОС» і лозунг «Пора менять лысую резину», якая таксама знайшла адлюстраванне ў тагачасных карыкатурах. Малюнак мастака «Радыё Свабоды».

1_363.jpg

Адным з галоўных сюрпрызаў кампаніі 2010-га была дзіўная пазіцыя Крамля. Напэўна, упершыню за ўвесь час беларускай незалежнасці Расія паспрабавала ўмяшацца ў наш палітычны працэс. Увосень на канале НТВ выйшаў фільм «Хросны бацька», у якім АГЛ выявілі вельмі негатыўна. Можна дапусціць, што ад Мінска хацелі нешта атрымаць у абмен на медыйны нейтралітэт. У Драздах вельмі нервова рэагавалі на праект НТВ, ілюстрацыяй чаго з'яўляецца карыкатура з Саўбелкі

2_333.jpg

19 снежня бліжэй да вечара па даных апытанняў, якія праводзілі выключна праўладныя сацыёлагі, СМІ паведамілі, што Лукашэнка перамог з вялікім адрывам ад астатніх кандыдатаў, набраўшы 79,65% галасоў. Андрэй Саннікаў атрымаў 2,43%, Яраслаў Раманчук — 1,98%, а Уладзімір Някляеў — 1,78% галасоў.

Глядзіце таксама

Давер да гэтых лічбаў быў вельмі слабы. Нават далёкія ад беларускіх рэалій замежныя карыкатурысты малявалі выбары як нейкі фарс. Так, на малюнку мастака Олівера Шопфа кіраўнік краіны гуляе выбарчай скрыняй у стылі таго, як чаплінаўскі персанаж Вялікі дыктатар гуляўся з глобусам.

3_307.jpg

Недавер да вынікаў ЦВК узмацняў інцыдэнт з Уладзімірам Някляевым (кандыдат «Гавары праўду), які адбыўся прыкладна ў абед дня галасавання. Пры спробе прывезці ў цэнтр гукавую тэхніку паэта збілі так, што той страціў прытомнасць і быў шпіталізаваны з дыягназам ЧМТ. Інцыдэнт здарыўся яшчэ да закрыцця ўчасткаў у 20.00, а гэта значыць, што Някляеў яшчэ знаходзіўся ў статусе кандыдата і меў па законе прававы імунітэт. У любым выпадку, увечары некалькі дзясяткаў тысяч чалавек выйшлі на праспект Незалежнасці. Падобнага шматлюднага дэфіле праціўнікаў рэжыму краіна не бачыла, напэўна, з канца 90-х. Нядзіўна, што пасля тое шэсце па зімовым горадзе было зафіксавана ў тым ліку і ў малюнках.

4_294.jpg

Дайшоўшы да плошчы Незалежнасці, грамада ўзяла ў аблогу Дом ураду, за разбітае шкло дзвярэй якога паспрабавала прабіцца дэлегацыя ўдзельнікаў перамоў. На разгон пратэстуючых былі кінутыя сотні спецназаўцаў у поўным баявым уборы. Пазней да іх падключылі нават войскі. У выніку супрацьстаяння людзей з плошчы выціснулі, некалькі соцень затрымалі. Па меншай меры пяцярых кандыдатаў у прэзідэнты ў тую ж ноч арыштавалі. Многія эпізоды разгону, якія трапілі ў кадр журналістаў, неўзабаве сталі мемамі.

5_278.jpg

Разгон і арышт усіх апанентаў Лукашэнкі выклікаў сапраўдны шок. МЗС Польшчы прама заявіў аб тым, што Аляксандр Лукашэнка не выйграў у першым туры і набраў толькі 40% галасоў. А кіраўнікі МЗС Чэхіі, Швецыі і Германіі яшчэ і назвалі гаранта «лузерам». Многія палічылі гэта пралогам сур'ёзных санкцый. Зрэшты, грамадства куды больш цікавіў стан арыштаваных. У краіне прайшла маштабная акцыя салідарнасці з тымі, каму давялося сустракаць Новы год за кратамі.

6_182.jpg

Зачыстка працягвалася яшчэ нейкі час, пакуль сітуацыя не ўвайшла ў фармат традыцыйных геапалітычных арэляў Мінска паміж Захадам і Усходам. Рэжым утрымаўся, аднак доўгатэрміновы эфект разгону 19 снежня відавочна не ўлічыў. Адмова ад грамадскага дыялогу скараціла магчымасці яго манеўру, пашыраючы пратэставую базу. Стаўка на сілавікоў не дазволіла ацаніць значэнне і ролю інтэрнэту ў мабілізацыі апазіцыі. Нарэшце, градус гвалту ў снежні 2010-га паўплываў на тонус апазіцыі, што ў тым ліку выявілася ў вельмі млявай кампаніі 2015-га.
Затое да 2020-га з'явілася маладое пакаленне, якія не ведала траўмы Плошчы 2010-га і было гатовае на больш рашучыя выступы.