Плошча-2010 і пратэсты-2020: чым падобныя і чым адрозніваюцца

Сёння, 19 снежня, спаўняецца дзесяць гадоў з масавай дэманстрацыі пратэсту ў цэнтры Менску, якую жорстка разагналі сілавікі і якая ўвайшла ў гісторыю як Плошча-2010. «Belsat.eu» распавядае, чым падзеі 2010 года прынцыпова адрозніваюцца ад сёлетніх пратэстаў.

1_365.jpg

Лібералізацыя

Выбарчая кампанія 2010 года праходзіла ва ўмовах так званай лібералізацыі — істотнага зніжэння узроўню палітычных рэпрэсіяў, а таксама змякчэння абмежаванняў свабоды слова і сходаў.

Лібералізацыя распачалася пасля расейска-грузінскай вайны, калі Еўразвяз упершыню занепакоіўся агрэсіўнай палітыкай пуцінскай Расеі на пастсавецкай прасторы і вырашыў паспрабаваць наладзіць стасункі з рэжымам Лукашэнкі. Лукашэнка вызваліў палітвязняў, знізіў ціск на грамадзянскую супольнасць, а ЕЗ зняў амаль усе санкцыі з беларускіх уладаў (за выключэннем санкцыяў супраць людзей, якіх падазраюць да датычнасці да гвалтоўных знікненняў апанентаў Лукашэнкі). Была створана праграма «Усходняе партнёрства», куды запрасілі ў тым ліку Беларусь.

19 снежня 2010 года, плошча Незалежнасці Менску. Фота: Аляксандр Саенка / Белсат

Сама выбарчая кампанія праходзіла ў беспрэцэдэнтна мяккіх для рэжыму Лукашэнкі ўмовах: апазіцыя праводзіла мітынгаў і шэсці ў цэнтры Менску, а ўдзельнікаў гэтых акцыяў ніхто не затрымліваў. Усе апазіцыйныя палітыкі, якія сабралі 100 тысяч подпісаў і падалі дакументы ў ЦВК, атрымалі статус кандыдата ў прэзідэнты (агулам у Лукашэнкі на тых выбарах было 9 канкурэнтаў).

Гэтая сітуацыя прынцыпова адрозніваецца ад падзеяў 2020 года. Масавыя рэпрэсіі распачаліся фактычна за два месяца да дня галасавання, сотні чалавек былі затрыманыя на акцыях пратэсту, дзясяткі трапілі пад крымінальны пераслед. Удзельнікам выбарчай кампаніі, якіх лічылі галоўнымі апанентамі Лукашэнкі, не зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты, а двух з іх (Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі) нават кінулі за краты. Праваабаронцы адзначылі ў сваіх справаздачах, што выбары адбываліся «на фоне бесперапынных рэпрэсіяў, у атмасферы нагнятання страху і запалохвання грамадства».

Новыя лідары замест старой апазіцыі

2_335.jpg

У 2010-м лідарамі пратэстаў і кандыдатамі ў прэзідэнты былі людзі, якія займаліся палітыкай не першы год і прадстаўлялі структуры традыцыйнай дэмакратычнай апазіцыі. Выключэннем можна лічыць хіба што паэта Уладзіміра Някляева, які прыйшоў у палітыку толькі ў 2010-м і ўзначаліў новы рух «Гавары праўду». Пры гэтым сам рух у асноўным складаўся з дасведчаных актывістаў, якія прыйшлі ў «Гавары праўду» з іншых апазіцыйных партыяў.

У 2020-м усё было наадварот. Большая частка дэмакратычнай апазіцыі адмовілася ад удзелу ў выбарах, а на першы план выйшлі новыя асобы — блогер Сяргей Ціханоўскі, экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка і былы дырэктар Парку высокіх тэхналогіях Валерый Цапкала. Іх палітычныя кар’еры стартавалі разам з перадвыбарчай кампаніяй, раней яны не мелі ніякага дачынення да апазіцыі. А пасля таго як усіх трох ЦВК зарэгістраваць адмовіўся, на першы план выйшла Святлана Ціханоўская — чалавек, які не меў палітычных амбіцыяў і не збіраўся ўдзельнічаць у выбарах.

Электаральная сітуацыя

3_308.jpg

У 2010-м мала хто разлічваў на тое, што Лукашэнка прайграе ў першым туры выбараў. Тым больш гэтая задача выглядала нерэалістычна з улікам вялікай колькасці альтэрнатыўных кандыдатаў, якія непазбежна мусілі раскалоць апазіцыйны электарат. Асноўныя спадзевы былі на другі тур, падчас якога можна было б разлічваць на надзвычайную мабілізацыю ўсіх незадаволеных рэжымам Лукашэнкі. Аднак сацыёлагі НІСЭПД (адзіная на той момант недзяржаўная структура, якая праводзіла апытанне грамадскай думкі) прыйшлі да высновы, што нават гэтага зрабіць не атрымалася: паводле сацыёлагаў, Лукашэнка меў па выніках першага тура 51,1% галасоў. Гэта значна менш, чым Лукашэнку налічыў ЦВК (79,65%), але дастаткова для перамогі ў першым туры.

Электаральная сітуацыя ў Беларусі падчас выбараў 2020 года была прынцыпова іншай. Нават дзяржаўныя сацыёлагі і прапагандысты прызнавалі зніжэнне рэйтынгу Лукашэнкі, а падчас інтэрнэт-апытанняў ён наагул не набіраў больш за 3-5% (дзясяткі разоў менш, чым ягоныя апаненты). А паколькі большасць сваіх апанентаў Лукашэнка да выбараў не дапусціў, то прыхільнікі пераменаў змаглі аб’яднацца вакол адной асобы — Святланы Ціханоўскай. На дзясятках выбарчых участкаў, дзе былі публічна вывешаныя пратаколы, па выніках выбараў Ціханоўская перамагала з вялізарным адрывам.

Паводле штабу Ціханоўскай, у розных рэгіёнах яна атрымала ад 70 да 90% галасоў выбарнікаў. Людзі, якія выходзілі пасля выбараў на пратэсты, не сумняваліся, што Ціханоўская перамагла ў першым туры. У 2010-м у пратэстоўцаў такой упэўненасці ў сваіх кандыдатах не было.

Менавіта прынцыпова іншая электаральная сітуацыя абумовіла масавасць і працягласць пратэстаў у 2020 годзе.

Фармат Плошчы

4_295.jpg

Характэрнай рысай Плошчы-2010 было адзінства месца і часу пратэстаў. Задоўга да дня выбараў апазіцыйныя кандыдаты публічна заклікалі (у тым ліку падчас сваіх выступаў на дзяржаўным тэлебачанні) збірацца пасля закрыцця выбарчых участкаў на Кастрычніцкай плошчы Менску. У 2020-м апаненты Лукашэнкі стараліся дыстанцыянавацца ад пратэстаў, месца збора прызначалі тэлеграм-каналы і ладзіліся яны на прынцыпах дэцэнтралізацыі. Пратэстныя выступы праходзілі ў дзясятках гарадоў, а ў самім Менску было мноства ачагоў пратэстаў.

Розніца фарматаў была абумоўлена тым, што з 2010 года тактыка сілавікоў істотна змянілася. Цяпер іх галоўнай задачай было не дапусціць збора людзей: плошчы блакаваліся, праводзіліся масавыя затрыманні на падыходах да месцаў збору, а тых, хто публічна заклікаў выходзіць на пратэсты, адразу затрымлівалі і прыцягвалі да крымінальнай адказнасці.

Масавасць пратэстаў і рэпрэсіяў

5_279.jpg

У Плошчы-2010 прынялі ўдзел прыкладна 30-40 тысяч чалавек. Прытым гэта была разавая акцыя: у наступныя дні пасля разгону акцыі 19 снежня пратэсты абмяжоўваліся невялікімі акцыямі салідарнасці, але хутка зніклі і яны. У 2020-м пратэсты доўжацца ўжо больш за чатыры месяцы, прычым у першыя месяцы нядзельныя маршы рэгулярна збіралі ад 100 да 200 тысяч чалавек толькі ў Менску і яшчэ тысячы людзей у рэгіёнах.

Да сёлетняй выбарчай кампаніі падзеі снежня 2010 года лічыліся прыкладам беспрэцэдэнтных масавых рэпрэсіяў: каля 800 затрыманых (700 з іх трапілі на «содні»), каля 50 чалавек былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і прызнаныя палітвязнямі. Цяперашнія паказнікі масавых рэпрэсіяў перавышаюць паказнікі дзесяцігадовай даўніны ў дзясяткі разоў. Па стане на снежань 2020 года ад пачатку выбарчай кампаніі праз затрыманні прайшлі каля 30 тысяч чалавек, больш 900 трапілі пад крымінальны пераслед, а 158 чалавек прызнаныя на сённяшні дзень палітвязнямі. Не менш за 10 чалавек (паводле ацэнкі Святланы Ціханоўскай) загінулі.

Узровень гвалту

6_183.jpg

У 2010 годзе амапаўцы і байцы ўнутраных войскаў дзейнічалі жорстка, сотні людзей былі збітыя, некаторыя атрымалі цяжкія траўмы. У СІЗА КДБ невядомыя людзі ў масках здзекаваліся над палітвязнямі: выводзілі без адзення на холад, падоўгу трымалі на расцяжцы (амаль шпагаце) ля сцяны, кідалі ў перапоўненыя камеры, дзе падлогу фарбавалі фарбай з ацэтонам, і не выключалі электрычнае святло па начах.

У 2020-м здзекі і катаванні набылі зусім іншыя маштабы. Асабліва ў першыя чатыры дні затрыманых пратэстоўцаў масава збівалі і прыніжалі ў РУУСах і на Акрэсціна. Катаванні, хоць і ў меншых маштабах, рэгулярна паўтараліся і ў наступныя месяцы. Толькі ў сувязі са жнівеньскімі падзеямі ў ААН было перададзена больш за 450 сведчанняў сістэматычнага катавання і прыніжэння затрыманых.

У 2020 годзе падчас разгону акцыяў пратэсту сілавікі масава выкарыстоўваюць увесь арсенал спецсродкаў: гумовыя кулі, вадамёты, святлошумавыя гранаты. Былі выпадкі выкарыстання і лятальнай зброі. У 2010-м усяго гэтага не было: тады сілавікі выкарыстоўвалі супраць дэманстрантаў толькі дубінкі. Ніякай спецтэхнікі (акрамя аўтазакаў) падчас пратэстаў у цэнтр Менску тады наагул не сцягвалася.

«Штурм» Дома ўраду

Рэпрэсіі 2010 года будаваліся вакол так званага «штурма» Дома ўраду. Тады некалькі дзясяткаў удзельнікаў мітынгу разбілі шкло ў дзвярах Дома ўраду і спрабавалі прарвацца ўнутр, але там забарыкадаваліся амапаўцы. Большасць удзельнікаў тых падзеяў былі перакананыя, што біццё шкла было правакацыяй і займаліся гэтым агенты спецслужбаў. Менавіта пасля біцця шкла распачалася зачыстка Плошчы, хаця да таго сілавікі ніяк не перашкаджалі дэманстрантам.

Інцыдэнт са «штурмам» Дома ўраду стаў падставай для таго, каб спецслужбы і дзяржпрапаганда абвінавацілі апазіцыю ў масавых беспарадках. На гэтым эпізодзе будавалася абвінавачванне супраць большасці ўдзельнікаў так званай «справы 19 снежня».

У 2020 годзе «штурма» адміністратыўнага будынку не спатрэбілася: сілавікі адразу сталі масава выкарыстоўваць супраць дэманстрантаў гумовыя кулі і святлошумавыя гранаты. Канкрэтнага інцыдэнту, вакол якога будаваліся крымінальныя справы супраць удзельнікаў пратэстаў не было: сотні крымінальных справаў былі распачатыя толькі за сам факт удзелу ў мірнай акцыі пратэсту.