Кацярына Шуст: У мяне не паднялася рука пазбавіцца ад сцяга, «Пагоні» ды іншай сімволікі

Прадпрымальніцы і колішняй актывістцы Партыі БНФ прысудзілі 10 сутак арышту. Гэты тэкст Каця напісала напрыканцы 2021 года і пакінула сябрам на выпадак затрымання. Пасля яе ўчорашняга затрымання і сённяшняга прысуду сябры пераслалі ліст у рэдакцыю «НЧ».

Кацярына Шуст. Фота з сацсетак

Кацярына Шуст. Фота з сацсетак


Чаму я засталася тут?

Калі гэта апублічана, значыць, я за кратамі. І наўрад ці ненадоўга. Таму што калі мяне затрымалі і правялі вобшук у кватэры ды праверку тэхнікі, то знайшлі ўсё. Я прынцыпова не адпісалася ад «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. У мяне не паднялася рука пазбавіцца ад сцяга, «Пагоні» ды іншай сімволікі, выдаліць фота з пратэстаў. Я ні за што не стала б выракацца сваіх каштоўнасцей і рабіць выгляд, што я выпадковы чалавек. Таму што для мяне гэта справа гонару і сумлення.

Магу толькі спадзявацца, што мне хапіла сілы і смеласці і не з'явілася ніякага «пакаяльнага» відэа са мной. А калі з'явілася — гэта значыць, мне было вельмі-вельмі балюча і я не такая моцная, як думала. Прабачце мне гэта, сябры.

Ці магла я пазбегнуць затрымання, з'ехаць за мяжу? Я не бачу ў гэтым сэнсу. Усё маё свядомае жыццё звязана з Радзімай і маім змаганнем за лепшы лёс для яе. Усе, каго я кахала і кахаю, любіла і люблю, з'явіліся ў маім жыцці на доўгім шляху гэтага змагання. Самае дарагое, што ў мяне ёсць — гэта мая мама, мае сябры і мая краіна.

Я знайшла свой сапраўдны дом і стала самой сабой толькі праз тое, што жыву ў Беларусі, і без яе свайго лёсу я не ўяўляю. Можна быць на волі і ў бяспецы, знайсці ўтульнае жытло і добрую працу, бачыць прыгожыя месцы — але для мяне не было б у гэтым ніякай радасці, калі б гэта было коштам развітання з Радзімай.

Таму лепш я буду ў турме, але на роднай зямлі, чым на чужыне, чым здраджу ўсяму, у што веру і для чаго жыву.

Нагадаем, Кацярыну Шуст затрымалі ў Гродне. На зманціраваным сілавікамі відэа дзяўчына «прызнаецца» ў тым, што ў сваіх сацсетках распаўсюджвала «экстрэмісцкія» матэрыялы, а таксама нібыта прайшла рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога». Адзначым, што на відэа дзяўчына размаўляе на беларускай мове. Раней былыя вязні распавядалі, што сілавікі не дазвалялі запісваць відэа па-беларуску.

Кацярына Шуст — колішняя актывістка партыі БНФ. У 2016-м у Слуцку яна балаціравалася ў дэпутаты. Таксама яна доўгі час працавала прадавачкай беларускай сімволікі.